Што зменіцца ў жніўні

ВЫРАСЦЕ ПАМЕР
ШТОМЕСЯЧНЫХ ДЗІЦЯЧЫХ ДАПАМОГ
Памер гэтых дапамог змяняецца двойчы ў год (1 лютага і 1 жніўня), залежыць ад сярэднямесячнай налічанай зарплаты работнікаў краіны за апошні квартал (цяпер гэтая сума роўная 1416,4 рубля) і складае: на першынца — 35% ад названай сумы, на другога і наступных дзяцей — 40%, на дзіця-інваліда незалежна ад чарговасці яго нараджэння — 45%.
Са жніўня гэтага года і да лютага 2022-га штомесячная дапамога на першае дзіця да трох гадоў вырасце да 495,74 руб. (+23 руб.), на другое і наступных дзяцей — да 566,56 руб. (+26 руб.), на дзіця-інваліда — да 637,38 руб. (+29 руб.).

ПАВЯЛІЧАЦЦА ВЫПЛАТЫ
ЗА НАРАДЖЭННЕ ДЗЯЦЕЙ
І МІНІМАЛЬНЫЯ ПЕНСІІ
Бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) пералічваюць чатыры разы за год — з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада. Да гэтага паказчыку прывязаныя памеры некаторых пенсій, а таксама разавыя дапамогі пры нараджэнні дзяцей. Як правіла, БПМ кожны раз крыху павышаецца, а за ім растуць названыя пенсіі і дапамогі.
Па традыцыі больш адчувальна павялічацца аднаразовыя дапамогі пры нараджэнні дзяцей. За першае дзіця цяпер выплачваюць 10 БПМ, за другое і наступных — 14 БПМ. Не так істотна, але таксама зменяцца самыя маленькія пенсіі (сацыяльныя), надбаўкі да пенсій і даплаты пенсіянерам ад 75 гадоў, якія абслугоўваюцца ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

ЗНІЗІЦЦА ПДВ
НА ДЗІЦЯЧАЕ ХАРЧАВАННЕ
У лютым на дзіцячае харчаванне і іншыя тавары для дзяцей паднялі стаўку падатку на дабаўленую вартасць з 10% да 20%. Згодна з Указам № 285 «Аб падаткаабкладанні» з 1 жніўня з 20% да 10% зніжаецца ПДВ на агароднінныя і фруктовыя сокі для дзяцей ранняга ўзросту, на садавіну, арэхі і іншыя ядомыя часткі раслін, прыгатаваныя або кансерваваныя, на безалкагольныя напоі.

НОВАЎВЯДЗЕННІ ПА НАДБАЎКАХ
МЕДЫКАМ ЗА COVID-19
Міністэрства аховы здароўя перагледзіць з 1 жніўня надбаўкі за працу з COVID-19. Асноўная навіна: з 1 жніўня адмяняюць аплату «кавідных» за ўвесь месяц, калі медыкі працавалі з пацыентамі з каронавірусам толькі трэцюю частку змен. Замест гэтага будуць аплачваць фактычную колькасць змен, у якія яны працавалі з «каронавіруснымі» пацыентамі.

АБНОВЯЦЬ БАЗУ
У жніўні павінны абнавіць спіс працаздольнага насельніцтва, якое не занята ў эканоміцы. Тыя, хто трапіць у гэтую базу, павінны будуць плаціць па поўных тарыфах за ліпень-верасень за гарачую ваду, ацяпленне, газ. Але тут ёсць важны нюанс: спаганяць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах за гэтыя ЖКП будуць з тых, у каго ёсць ва ўласнасці жыллё. Базу абнаўляюць штоквартальна.

НОВЫ ПРЫЗЫЎ У ВОЙСКА І РЭЗЕРВ
Учарашнім выпускнікам, якія нікуды не паступілі, прыйдзецца прымерыць боты і камуфляж. Прэзідэнт падпісаў Указ №277 «Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве». Ён распаўсюджваецца на мужчын старэйшых за 18 гадоў, якія не маюць права на адтарміноўку, — іх прызавуць на тэрміновую службу ў войску ці ў рэзерве ў жніўні-лістападзе 2021 года. У Мінабароне заявілі, што гатовыя ўбачыць у якасці салдат каля 10 тысяч прызыўнікоў.

ЗБОР ЗА ПЕРАСЯЧЭННЕ
ДЗЯРЖАЎНАЙ МЯЖЫ
Збор за выезд з Беларусі ўжо ўведзены ў Гомельскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. З 1 жніўня да іх далучаецца яшчэ і Віцебская. Памер збору— адна базавая велічыня (29 рублёў) за аўтамабіль масай не больш за 5 тон. Колькасць пасажыраў пры гэтым значэння не мае. Для некаторых вадзіцеляў зроблена выключэнне (напрыклад, для ветэранаў і тых, хто едзе па меддапамогу або на пахаванне родных).

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK