На мінулым тыдні ў Гомель прыбыў першы ў свеце музей на колах “Цягнік Перамогі”. Экспазіцыю з эфектам прысутнасці змаглі наведаць жыхары ўсяго Гомельскага рэгіёна, у тым ліку і дэлегацыя з Лоева.
Перасоўны лакаматыў прысвечаны чатыром гадам Вялікай Айчыннай вайны і 75-годдзю Перамогі. Ён пачаў сваё падарожжа па Расіі ў кастрычніку мінулага года, а сёлета спыніўся ў Беларусі. У склад цягніка ўваходзяць 12 вагонаў, 9 з якіх — экспазіцыйная гісторыя, аб’яднаная ў адзіную сюжэтную лінію.
Першы вагон, куды трапляюць наведвальнікі, стылізаваны пад дебаркадер Віцебскага вакзала: металічныя клёпаныя аркі, вокны-вітрыны, механічныя гадзіннікі. Гледзячы на гэта, адразу пераносішся ў бязлітасны, жорсткі час. Тут прысутным выдаюць аўдытары, і пачынаецца знаёмства з галоўным героем-машыністам Лідзіяй. Яна дзеліцца ўспамінамі, сямейнай гісторыяй, вопытам Перамогі. Правобразам гераіні стала Алена Чухнюк. У даваенныя гады яна працавала машыністам лакаматыўнага дэпо Гомель, а ў страшныя 40-я ўзялася вадзіць воінскія эшалоны са зброяй і боепрыпасамі да лініі фронту.
І вось, пад гукі стукаючага па рэйках вагона адпраўляемся ў падарожжа. Вясна 1941 года… Поўны вагон шчаслівых людзей. На паліцах раскіданыя цацкі, кнігі, акуратна стаяць заплечнікі і валізкі. Нічога не прадвесціць бяды, усе яны едуць па сваіх справах, адны — у водпуск, іншыя — у камандзіроўку, а дзеці — на канікулы да бабуль і дзядуль. Аб тым, што зусім хутка пачнецца вайна, яны не здагадваюцца, але праз некалькі імгненняў усё зменіцца.
Вайна… Цяпер цягнікі вязуць людзей у невядомасць, эвакуацыю, прэч ад роднага дома. На тварах пасажыраў, якія сядзяць на паліцах, ужо не відаць усмешак, толькі задуменныя, напоўненыя горам і смуткам вочы. Тут жа, разам з усімі, едуць навабранцы і апалчэнцы. У іх руках вінтоўкі — атрыбуты зусім не мірнага жыцця.
У другой частцы вагона паказаны фрагмент бою, дзе маладыя людзі да апошняга ўздыху біліся за Радзіму. Многія не застануцца ў жывых, а некаторыя патрапяць у палон і адправяцца ў канцлагеры.
Падобная экспазіцыя размешчана і ў наступным вагоне. Пераступіўшы парог тамбура, міжволі назіраеш карціну, як двое фашыстаў збіваюць савецкага салдата. А далей зняможаныя палонныя сядзяць на нарах. Ад убачанага стыне ў жылах кроў, а прыглушанае святло надае яшчэ большай жудасці.
Потым ідуць вагоны з санітарамі, навукоўцамі, тымі, хто каваў Перамогу ў тыле. Героі Ленінграда, першыя палонныя фашысты пад Сталінградам, на чале якіх скульптура генерала Паўлюса. І вядома, куды ж без салдацкай лазні, якая сімвалічна знайшла прытулак у «Цягніку Перамогі». Затым — штаб і ў канцы трафейны вагон, дзе ўсе святкуюць доўгачаканую Перамогу.
У цэлым экспазіцыя ўнікальная сваім мультымедыйным суправаджэннем. У ёй выкарыстоўваюцца аб’ёмны гук, тэатральнае асвятленне, механічныя спецэфекты, датчыкі прысутнасці, галаграмы, панарамы баёў у віртуальнай рэальнасці, кіназдымка гістарычных рэканструкцый, трохмерная камп’ютарная графіка з мадэлямі ваеннай тэхнікі.
Пасля наведвання музея мімаволі задумваешся, наколькі кровапралітнай была Вялікая Айчынная вайна, якая зламала і загубіла лёсы мільёнаў людзей. А мы, маладое пакаленне, павінны захаваць памяць пра ўсіх тых, хто змагаўся за Радзіму, і надалей не дапусціць падобнага. «Цягнік Перамогі» — гэта тое месца, дзе па магчымасці павінен пабываць кожны.
УРАЖАННІ ЎДЗЕЛЬНІКАЎ
Павел:
— Больш за ўсё мяне ўразіла дэталізацыя экспазіцый «Цягніка Перамогі». Скульптуры настолькі рэалістычныя, што, здавалася, вось-вось яны пачнуць размаўляць або ўстануць і пойдуць па вагоне. Асабліва мяне здзівіла, што, пра вайну распавядала дзевятнаццацігадовая дзяўчына Лідзія, якая была машыністам. А экспазіцыі «канцлагер» і «лазня», дзе мыўся нямецкі генерал Паўлюс, надоўга застануцца ў памяці і ў маім тэлефоне.
Ларыса Хамічэнка:
— Цудоўная экспазіцыя, у якой вельмі гарманічна злучаны ў адно цэлае рэальныя музейныя экспанаты. Усе гэтыя экраны з хронікай, аб’ёмны гук, інтэрактыўныя панэлі, механічныя спецэфекты і галаграмы ствараюць рэальную карціну.
Пасля экскурсіі з цягніка выходзіш быццам з аголеным сэрцам. Было адчуванне, што ты сам удзельнік усіх падзей. Вось ты санітарка, якая даглядае за параненымі, ці тэлефаністка, якая перадае паведамленне ў тыл. А вось ты вяртаешся дадому з доўгачаканай перамогай. Праект вельмі цікавы і важны ў першую чаргу для падрастаючага пакалення.