Памятная сустрэча ў новай школе

120 педагогаў дапамагаюць атрымліваць якасныя веды 1421 навучэнцу ДУА «Сярэдняя школа №74 г. Гомеля». Гэтая ўстанова адукацыі, нядаўна збудаваная ў мікрараёне Клёнкаўскі – адным з самых маладых ў горадзе над Сожам – у поўным сэнсе слова можна назваць школай ХХІ стагоддзя: і па створанай вучэбна-спартыўна-аздараўленчай базе і тэхнічнай аснашчанасці, і па наяўнасці шматлікіх інавацый, якія паспяхова прымяняюцца на практыцы ў вучэбнай і выхаваўчай дзейнасці, і, што таксама немалаважна, па творчым мікраклімаце, які за кароткі час паспелі стварыць у прасторным і светлым будынку педагагічны калектыў пад кіраўніцтвам прафесіянала сваёй справы – дырэктара ўстановы Сяргея Конухава.

Ва ўсім гэтым змаглі пераканацца актывісты Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», якія ў рамках Дэкады сучаснай беларускай літаратуры на Гомельшчыне, прысвечанай Году гістарычнай памяці, 140-годдзю Я. Купалы і Я. Коласа і вялікаму святу — Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, упершыню правялі тут творчую сустрэчу са старшакласнікамі. Дарэчы, яна атрымалася вельмі цёплай, запамінальнай, а значыць – карыснай.
– Ледзь пераступіўшы парог вашай школы, адразу адчуў гонар за нашу Беларусь. Бо не кожная дзяржава ў свеце, у тым ліку і на тэрыторыі былога СССР, мае магчымасць пабудаваць падобнае для сваёй будучыні, для развіцця і выхавання дзяцей. Спадзяюся, што гэтым ганарыцеся і вы, і вашы бацькі, – адзначыў, звяртаючыся да вучняў усіх паралеляў з 8 па 10 класы старшыня абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», заслужаны дзеяч культуры краіны, празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч. – Але так было не заўсёды: больш за 80 гадоў таму на нашу зямлю прыйшоў вораг, імя якому – фашызм, які здзейсніў жудасныя злачынстывы, крывавы генацыд для беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Нашы дзяды і прадзеды зрабілі ўсё магчымае, каб выгнаць ворага, і разам з брацкімі народамі адрадзілі сваю зямлю. А мы, іх праўнукі, не маем права быць бяспамятнымі, таму што жывём у краіне сапраўдных герояў…
Кіраўнік пісьменніцкай суполкі адзначыў, што мэтай такіх мерапрыемстваў з’яўляецца прывіццё любові да чытання, а таксама ўзбагачэнне ўнутранага свету дзяцей. На жаль, не малаважнай праблемай сучаснасці з’яўляецца не жаданне дзяцей і падлеткаў чытаць. А, як вядома, любая кніга пачынаецца з пісьменніка. Яго фантазія прымушае чытача сумаваць, радавацца, разважаць, думаць. І вельмі добра, калі ёсць магчымасць сустрэцца з пісьменнікам, пазнаёміцца з людзьмі, якія ўмеюць ажыўляць свае думкі і мары. Вось і ў вучняў адной з самых вялікіх школ горада і вобласці такая магчымасць у гэты вясновы дзень была.
Ганаровы член ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», лаўрэат абласной літаратурнай прэміі ім. К. Тураўскага, паэт Міхась Болсун, лаўрэат міжнароднай прэміі Баяна, паэтэса Лілія Вялічка, паэт і публіцыст Мікалай Ждановіч з захапленнем чыталі свае вершы аб радзіме, аб подзвігу народа ў гады выпрабаванняў, аб Вялікай Перамозе і няпростых падзеях, якія давялося перажыць жыхарам Беларусі пасля аварыі на ЧАЭС, аб неабходнасці захаванні міру. Таксама важнасць ведаць і памятаць гісторыю роднай зямлі праз свае вершы навучэнцам данесла і малады аўтар, якая яшчэ толькі ступае на паэтычны шлях, Аліна Рыцік.
У рамках сустрэчы кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі і яго калегі пазнаёмілі дзяцей і педагогаў з навінкамі літаратуры (прадставілі выставу новых выданняў), распавялі пра літаратурныя конкурсы, якія праводзіць аддзяленне і ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», запрасілі школьнікаў, якія сябруюць са словам, прымаць у іх актыўны ўдзел.
Напрыканцы госці ўрачыста ўручылі школьнай бібліятэцы свае новыя кнігі і альманахі, якія, безумоўна, застануцца памятным падарункам для школьнікаў. А за праведзены адкрыты ўрок літаратуры і патрыятызму старшакласнікі і педагогі ўстановы, прадстаўнікі адміністрацыі школы падзякавалі ім гарачымі апладысментамі.
Для пісьменнікаў вобласці таксама была арганізавана экскурсія па ўстанове адукацыі, якая завяршылася «круглым сталом» пра важнасць чытання і кнігі для падрастаючага пакалення ў школьнай бібліятэцы. Як падкрэсліў дырэктар школы Сяргей Конухаў, у школе разлічваюць на далейшае сяброўства і шматпланавае творчае супрацоўніцтва з абласной арганізацыяй Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пісьменнікі аддзялення з прапановай кіраўніка ўстановы адукацыі з удзячнасцю пагадзіліся.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK