Сусветныя навіны

Навасны блок.

ЛАТВІЯ. Парламент краіны разгледзеў законапраект “Аб пакаранні за распаўсюджванне забароненых тэлеканалаў”. За такое злачынства на першы раз накладуць штраф да 700 еўра з фізічнай асобы і 14 тысяч еўра — з юрыдычнай.
Прычым, “распаўсюджваннем” будзе лічыцца нават публікацыя праграмы непажаданага канала ў СМІ ці проста пакінуты, напрыклад, на часопісным століку ў холе гасцініцы расклад тэлеперадач. Суровасць закона дэпутаты тлумачаць так: маўляў, інфармацыя аб раскладзе забароненых праграм адбірае чытача ў іншых выданняў і правакуе грамадзяніна Латвіі парушыць закон.

Фермерская гародніна і садавіна ў ЛІТВЕ зноў падаражае. Мясцовых фермераў чакае новы падатак — на ваду. Згодна з прадстаўленай папраўкай да закона аб падатку на дзяржаўныя прыродныя рэсурсы Літвы, калі фермер выпампоўвае больш за 100 кубаметраў вады ў дзень (з аднаго паверхневага аб’екта), з яго будзе спаганяцца дадатковая плата. Улады не толькі не даюць аграрыям падтрымкі ў гэты крызісны для канкурэнтаздольнасці перыяд, але і шукаюць новыя спосабы падаткаабкладання.

Лідэр ГЕРМАНІІ Франк-Вальтэр Штайнмаер выступіў з ініцыятывай увесці абавязковую грамадскую службу для моладзі. Аб гэтым піша нямецкая газета Bild am Sonntag.
Прэзідэнт Германіі лічыць, што грамадскія работы дадуць магчымасць маладому пакаленню ўмацаваць сацыяльныя сувязі. Ён выказаў меркаванне, што служба грамадству дабратворна паўплывае на моладзь. Пры гэтым ён прапануе абмеркаваць час такіх абавязковых работ. Паводле яго слоў, такая служба можа працягнуцца да года.
Сацыяльныя работы, як лічыць прэзідэнт Германіі, можна было б праводзіць у дамах састарэлых, ва ўстановах для інвалідаў або ў прытулках для бяздомных.

ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ. Брытанцам, чыя праца звязана з аўто, стала нявыгадна працаваць. Прычына — рэкордна высокія кошты на паліва ў краіне. Ужо назіраецца масавае звальненне супрацоўнікаў з таксі, і сітуацыя можа пагоршыцца, калі бензін не перастане даражэць. Брытанскія прафсаюзы б’юць трывогу — імкненне адмовіцца ад закупак расійскай нафты абыходзіцца занадта дорага.
І вось свежы прыклад. Брытанцы сталі часцей красці бензін з заправак. Па ўсёй краіне за дзень можа налічвацца да трох тысячаў такіх выпадкаў. Многія кіроўцы альбо спрабуюць з’ехаць, не заплаціўшы, альбо сцвярджаюць, што ў іх няма грошай. Каб заправіць сямейны аўтамабіль, давядзецца аддаць звыш 100 фунтаў.

КНДР. Улады Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі звярнуліся да Кітая з просьбай аднавіць чыгуначныя зносіны паміж дзвюма краінамі.
Адзначаецца, што кіраўніцтва КНДР па-ранейшаму непакоіцца з-за распаўсюджвання інфекцыі з Кітая, аднак яшчэ больш — з-за недахопу харчавання і медыкаментаў. Прапануецца аднавіць рух чыгуначнага транспарту па мосце праз памежную раку Ялуцзян. Улады Кітая маюць намер з асцярожнасцю вывучыць гэтую прапанову, баючыся распаўсюджвання заражэння з тэрыторыі суседкі.
Чыгуначная сувязь паміж дзвюма дзяржавамі была спынена ў студзені 2020 года па рашэнні КНР з-за эпідэміі каранавіруса. У студзені гэтага года яна была адноўлена, аднак у канцы красавіка зноў спынілася з-за абвастрэння сітуацыі з распаўсюджваннем каранавіруса ў абедзвюх краінах. У прыватнасці, жорсткія каранцінныя абмежаванні былі ўведзены ў кітайскім горадзе Даньдун, адкуль праз раку пракладзены мост у КНДР.

У КІТАІ знаходзіцца самая вялікая ў свеце колькасць аб’ектаў сусветнай прыроднай спадчыны, такія дадзеныя прыводзяцца Дзяржаўным праўленнем лясной і стэпавай гаспадаркі краіны.
На сёння тут налічваецца 14 аб’ектаў сусветнай прыроднай спадчыны і чатыры аб’екты культурнай і прыроднай спадчыны са спісу ЮНЕСКА. Па гэтых двух паказчыках Кітай займае першае месца ў свеце.
Як указалі ва ўпраўленні, гэтыя аб’екты садзейнічаюць эфектыўнай абароне самых прыгожых гор, лясоў і азёр, а таксама самых рэдкіх і знікаючых відаў флоры і фауны на тэрыторыі КНР. Яны таксама садзейнічаюць ахове больш як 200 адзінак культурнай спадчыны, нематэрыяльнай культурнай спадчыны, шматлікіх вядомых гістарычных славутасцяў і прыносяць мясцовым жыхарам тых рэгіёнаў, дзе яны размешчаны, сярэднегадавы даход ад турызму ў памеры звыш 14 млрд юаняў (каля $2,1).

У ЗША з-за моцнай паводкі ўпершыню за 34 гады зачынены Елаўстонскі нацыянальны парк. Узровень вады ў мясцовай рацэ перавысіў рэкордныя адзнакі. Размытыя дарогі і масты, па ўсёй тэрыторыі назіраюцца перабоі з электрычнасцю. Асноўны ўдар стыхіі прыпаў на паўночную частку. Прагнозы сіноптыкаў несуцяшальныя — ліўні ў рэгіёне прадоўжацца.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK