НЯГАСНЫЯ ЗОРЫ

Нягасныя зоры

Азёры і рэкі вясною — як мора,

Як мора разліў нашых рэк і азёр.

I зоры над намі, нягасныя зоры,

I зорна ў душы ў нас ад ясных ад зор.

Лясы, пералескі і хлебныя нівы,

Над імі бяссонны стазвон жаўрукоў…

Жыву на зямлі неспакойнай, шумлівай

Шчасліваю доляй сяброў-землякоў…

Матуля-зямля нас з табой нарадзіла,

Радзіннае шчасце і долю дала,

Далёкія зорачкі ў нас засвяціла,

Святою любоўю вясны расцвіла.

Наш край беларускі — і нівы, і пушчы,

Кіпучыя рэкі, празрыстасць азёр…

Пад зоркамі вечнасці кліч неўміручы —

Над кручамі — помнікаў вечны дазор…

Бароў-байкароў векавечныя песні,

Развесістых вербаў журба над ракой

Пра вояў-герояў, што мір нам прынеслі

I ў вечнасць пайшлі

на бяссонны спакой…

Аляксандр КУКАРА

Instagram
Telegram
VK
VK
OK