Боль не затухае

Чым далей адыходзiць у гiсторыю 1986 год, тым больш паўнешымi i ўзважанымi робяцца нашыя ацэнкi ўсяго таго, што тады адбылося. Не, боль не затухае, у душы балiць, як i раней, але, неяк, не так рэзка i не так ужо ные свярблiва там: у сэрцы i ў прытомнасцi. Усведамленне таго, што адбылося 26 красавiка, прыйшло пазней, калi стала вядома, што на самой справе адбылося i як гэтая, упаўшая на нашую шматпакутную зямлю, чорная зорка Палын адгукнецца на лёсах зямлi роднай i людзей, якiя жылi на ей.
… У 70-тыя гады я нейкi час працаваў на Чарнобыльскай атамнай станцыi. Не, я не завiхаўся каля рэактара, нават не бачыў яго ў вочы. Я працаваў у мясцовай ЖКХ, якая абслугоўвала будынкi, у якiх пражывалi работнiкi i будаўнiкi станцыi. Якiм тады выглядаў прыгожым i хуткарослым гарадок Прыпяць! На беразе ракi, акружаны лясамi, ён здаваўся мне эталонам мястэчка, дзе толькi жыць ды жыць. Хочаш, з вудай цягай з ракi тое, што на гаплiк нанiзваецца, а хочаш — у лес iдзi па ягады цi грыбы… Але, па незалежным ад мяне абставiнам, давялося пакiнуць гэты райскi, як мне тады здавалася, куток.
Як потым аказалася — своечасова. Але i ў Брагiне, на малой Радзiме, жахлiвае чорнае крыло гэтага Палыну зачапiла мяне, таксама, як i ўсiх землякоў. Ды не проста зачапiла, а ўдарыла так моцна i балюча, што ацямiцца да сяе пары не хапае сiлы i моцы. Мне не давялося тушыць рэактар цi дэзактывiраваць забруджаную тэрыторыю. Але той боль i адчай людзей, якiх высялялi са сваiх дамовак, прымушаючы не браць з сабой нiчога, акрамя неабходнага, стукае ў сэрцы, непакоячы яго. Каму прыйшлося перасялiцца з забруджаных вёсак, памятаюць, якiмi былi да Чарнобыля любыя сэрцу мясцiны. Родненькая, палiтая потам i крывёй зямелька, на якой стаялi хаты, збудаваныя яшчэ бацькамi… Пасаджаныя кусты малiны i парэчкi, абсыпаныя квеценем дрэвы яблынь, слiў i груш. Пасаджаная, але яшчэ не пабаранаваная бульба на гародзе… Надзея, што дзеткi закончаць вучэбны год у школе без троек…Усё гэтае разам абарвалася, нiбы наступiла новая эра, нiбы цябе пераносяць у другi час, у другое месца i ў другое вымярэнне.
Я быў сведкам, як руйнавалi, хавалi пад зямлю адну з вёсак, якая больш iншых «падхапiла» радыяцыю. Роў ва ўсю моц бульдозер, зносячы з твару зямлi апусцелыя хацiны. Зносячы, закопваючы ў зямлю ўсё тое, што нажывалася гадамi, вякамi. Вунь, з-пад вораха зямлi вiдаць дзiцячая калыска, вунь пацягнулася, зачапiўшыся за бервяно абручам, дзяжа, у якой некалi падыходзiла цеста, а мо то быў кубел з-пад сала… Хавалася пад зямлю ўсё: праца, людскiя надзеi, шчаслiвае жыццё. Праз пэўны час на месцы вёскi ззяла пустка, роўная, чорная, з плешшу пяска, зямля. I ўсё. Няма. Нiбы тут нiхто i не жыў. Добра, што пад гэты час побач не было мясцовых жыхароў, — выселiлi, пасадзiўшы ў аўтобусы, i павезлі ўсiх у белы свет. Нема крычалi пакiнутыя сялiбы. Зараз там нiчога не напамiнае пра тое, што некалi жылi людзi, шчабяталi дзецi, па вулiцах хадзiлi па сваiх справах вяскоўцы, за ваколiцай, на выгане, пасвiлiся каровы. Усё зарасло пустазеллем, бур’яном у рост чалавека. I толькi непадалёк, на дрэве, у сваiм гняздзе сядзiць бусел, здзiўлена пазiраючы навокал, бо няма людзей, разам з якiмi ён па сваёй прыродзе павінен жыць. А побач, у суседняй вёсцы ўсе хаты стаяць цэлыя, а людзей не вiдаць, таму што iх таксама вывезлi.
Зайшоў я на мехдвор калгаса і астанавiўся, ацупянеўшы… На роўнай пляцоўцы, як было заведзена яшчэ тады, стаялi ў шэраг адрамантаваныя за зiму i гатовыя да ўборкi зерневых камбайны. Яны стаялi ў чаканнi чалавека, наладкаваўшыся на напружаную працу. Падфарбаваныя, яны нагадвалi мне вайсковых, гатовых зараз жа выступiць i здзейснiць гераiчныя ўчынкi… З часам, з гадамi, камбайны нiбы сталi меньшымi ў памерах, скрозь аблупiўшуюся фарбу выступiлi рыжавата-шэрыя плямы iржы, у шынах калёс адсутнiчала паветра, а скрозь прычэпленае матавiла прарос бур’ян. Чым вышэй рос хмызняк, тым меньшымi рабiлiся, цяпер ужо стаўшыя карлiкамi, некалi грозныя волаты палёў. Урэшце рэшт яны зусiм развалiлiся. Як паразвальвалiся старыя драўляныя хаты, як развалiлiся лесы многiх людзей, трапіўшых у Чарнобыльскую бяду. Не па-Божаску гэта — вырываць чалавека з месца, астаўляючы яго без каранёў. Людзi, ачомаўшыся, кiнулiся ратаваць зямлю, дэзактывiраваць будынкi там, дзе, параўнальна, было бяспечна жыць. На маiх вачах у парку каля Брагiнскай школы салдаты здымалі верхнi пласт зямлi. Потым яе загружалi ў кузавы аўтамашын i адвозiлi харанiць у прыстасаваныя для гэтага магiльнiкi.
Салдацiкi працавалi, надзеўшы на твары рэспiратары, а дзеткі, якія ішлі са школы, супынялiся каля iх i цiкавiлiся гэтай працай. Цiкавiлiся тым, што гэта такое начэпленае на людзях, бо ў самiх iх, дзетак, такiх прыстасаванняў абароны ад радыяцыi не было. У 30-цi кіламетровую зону людзi ездзiлi драць буракi, а да iх падыходзiлi мясцовыя людзi, якія не паспелі эвакуiравацца, цi не захацелі пакiдаць свае хаты. На пытанне: «А чаго вы не пакідаеце небяспечнае месца?», мы атрамалi прыблiзна такi адказ: “А што нам тут зробiцца? Бомбы з неба на нас не ляцяць…Танкі з пушкай на нас не едуць i не страляюць! А радыяцыя?.. А хто яе бачыў, тую радыяцыю? Якая яна з сябе, як выглядае? Каб прыйшла яна, страшэнная, ды ўхапiла нас за горла — вось тады мы, можа б, i спужалiся».
…З часам, пасля таго, як у мяне з’явiлася на свет дзiця, я таксама вырашыў з’ехаць адтуль. Не таму, што спужаўся сам, а таму, што нёс адказнасць за будучае здароўе свайго сына. Выбар у мяне быў: i ў Светлагорск, i ў Масты, Мiнск i ў Гомель, але я выбраў Лоеў, зямлю якога чарнобыльская зараза абгадзiла не так, як iншыя раёны Беларусi.
Божачка! Як мне ў першыя часы было няёмка тут. Паступова я пачаў прывыкаць, і ўсё навокал стала родным: вулiцы, па якiх я хаджу, рэчка і дамы, людзi, якiя мне пры сустрэчы жадаюць здароўя, хоць я i не зусiм ведаю, каму жадаю ў адказ таго ж самага. Я таксама хвалююся за хутчэйшае аднаўленне райбальнiцы, РДК, за чысцiню i парадак на (цяпер кажу гэта ўпэўнена) нашых вулiцах i дварах.
26 красавiка я нiзка нахілю сваю галаву, успамінаючы тых, хто загiнуў, а сярод iх і мой зямляк-герой В. Iгнаценка, i тых, каго няма ўжо на свеце, хто, не шкадуючы свайго жыцця, ратаваў нашае сённяшняе i будучае сваiх нашчадкаў.
Зараз прынята рашэнне пабудаваць i ў нашай краiне атамную станцыю. Нялёгка было мне пагадзiцца з такой iдэей. Але, памеркаваўшы, прыйшоў да высновы, што справа патрэбная i карысная ва ўсiх адносiнах. Спадзяюся на мудрасць i прадбачлiвасць нашага Прэзiдэнта. На веды i досвед вучоных i спецыялiстаў.
Вялiкi дзякуй вам, лаяўцы, за прытулак, за вашую добразычлiвасць i талерантнасць! Божа, якое шчасце, што я не пагадзiўся ехаць у Масты ці ў другі горад! Iншыя людзi, iншыя звычаi i абрады. Ды i па менталiтэту, людзi некалькi iншыя. А тут усё сваё, родненькае!

Рыгор Радчанка.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK