Каб не застацца забытым

Што ты зробіш для дзяцей сваіх, таго ж чакай і сабе ад дзяцей.
Піттак.

Паміж бацькамі і іх дзецьмі быццам бы працягнуты нябачныя ніткі, і кожная падзея ў душы сына або дачкі паведамляецца сэрцу матулі ці бацькі з болем або радасцю. Старасць не можа быць шчасцем. Гэта альбо спакой, альбо бяда. Бядой становіцца яна тады, калі даводзіцца сустракаць старасць у поўнай адзіноце. У старасці для чалавека асабліва дорага тое, што аб ім не забываюць. Трэба заўсёды памятаць, што мы — прыклад для сваіх дзяцей, і кожны з нас таксама калі-небудзь пастарэе.
Нельга забываць сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль, каб праз шмат гадоў не застацца забытым сваімі дзецьмі. Памятайце пра сваіх родных! Важнай падзеяй стане для бацькоў доўгачаканы званок або невялічкі ліст! Балюча назіраць за тым, што дзецям бацькі патрэбны да той пары, пакуль тыя яшчэ ў стане матэрыяльна дапамагаць. А калі прыходзіць час прыгледзець за састарэлымі блізкімі, дзеці проста перакладаюць увесь цяжар на дзяржаву, змяшчаючы бацькоў у дамы састарэлых, дзе тыя змушаны дажываць сваё жыццё сярод такіх жа самотных і бездапаможных людзей.
Вельмі важна паказаць старым сваю любоў, пацешыць іх чым-небудзь. Няхай самыя шчаслівыя хвіліны вашага дзяцінства бумерангам вернуцца да іх праз шмат гадоў. Кожны дарослы ведае, як добра пакінуць сваіх дзяцей дома з бабуляй і дзядулем, ведаючы, што яны навучацца мудрасці, пачуюць пра жыццёвы досвед, які прыходзіў да бацькоў з гадамі.
Сапраўды шчаслівым чалавекам могуць назваць аднавяскоўцы Галіну Ільінічну Пікас, якая усё сваё немалое жыццё (а ёй ужо 91 год) пражыла ў вёсцы Бывалькі, працавала ў родным калгасе, выхавала 7 дзяцей, 15 унукаў, даўно дачакалася праўнукаў. Які ж шчаслівы твар у гэтай жанчыны ў тыя хвіліны, калі ўсе яе нашчадкі збіраюцца разам! Шчырыя слёзы радасці можна пабачыць на добрым, твары гэтай бабулькі.
Яна вырасла ў шматдзетнай сям’і, дзе было сямёра дзяцей. Перажыла вайну. Усё жыццё працавала на карысць роднай гаспадаркі. Паставіла на ногі, а галоўнае, правільна выхавала сваіх дзяцей. Двое з іх засталіся жыць у роднай вёсцы, ажаніліся, стварылі ўласныя сем’і. Зараз яны кожны дзень наведваюць сваю маці, цікавяцца і клапоцяцца пра яе здароўе, і, вядома ж, слухаюць павучальныя жыццёвыя гісторыі. Усе астатнія дзеці з’язджаюцца ў дні нараджэння маці, на Вялікдзень і Радаўніцу, каб разам прыбраць магілкі сваякоў ды і проста пабыць разам.
Кожнаму з нас патрэбна памятаць, што без увагі і клапатлівых слоў чалавек старэе і памірае значна хутчэй, чым той, хто ўсё жыццё, а асабліва ў старасці імі акружаны. Калі ўсе людзі будуць весці сумленнае жыццё, любіць дзяцінства і з павагай адносіцца да старасці, прымаць на сябе ўдары лёсу і абараняць сваіх родных, то на Зямлі запануе радасць, і ўсё жыццё стане суцэльным святам. Давайце ж па-сапраўднаму любіць бацьку і маці, прыносіць ім свет і спакой, берагчы шчасце сваёй сям’і!
Таццяна Федарэнка, вучаніца 11 класа Гомельскай школы.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK