Погляд чытача
Гадоў так сорак, а можа і трохі больш, на месцы пустых і разбураных часам бывалькаўскіх хат стаялі моцныя сядзібы, у якіх, як пчолы ў вулеі, гулі дзеці… Часцей за ўсё ў сям’і было па шэсць, а то і па дзесяць чалавек! А што зараз?! Большасць дзяцей даўно пераехалі ў горад, вывучыліся, пажаніліся, так там і засталіся. І толькі некаторыя з іх, сярод працы, клопатаў і кахання, не забываюць зрэдку наведвацца да сваіх бацькоў. Для астатніх старых лепшым сябрам стаў тэлевізар… Хіба хто з іх калі-небудзь у маладосці ўяўляў сабе такой уласную старасць? Калі ні лістоў ад дзяцей, ні сустрэч… Толькі ты, ды яшчэ некалькі такіх жа самотніх людзей. Прытулак для старых, напэўна, лепш за адчуванне асабістай бездапаможнасці, калі няма сіл самому цягаць дровы, каб распаліць печ, нават вады з калодзежа дастаць самастойна — праблема… Вядома ж, у Бывалькаўскай бальніцы, у палатах сястрынскага догляду, старым добра, і людзі там працуюць уважлівыя, клапатлівыя, але ж усё магло б быць зусім па-іншаму… Старыя маглі б жыць з дзецьмі ў заўсёды цёплых хатах, радавацца іх поспехам, чуць звонкі смех унукаў…
Чаму людзі ніяк не зразумеюць, што зараз зусім не абавязкова ехаць у горад, каб добра жыць? У вёсках ствараюцца не менш спрыяльныя ўмовы жыцця. У тых жа Бывальках акрамя мясцовага сельгаспрадпрыемства ёсць школа, дзіцячы садок, пошта, сельскі Савет, некалькі крам. Гэта значыць, што рабочыя месцы ёсць. У апошні час будуюцца сучасныя дамы — жыллём забяспечаць любога, хто жадае працаваць у вёсцы. Да таго ж, побач рэчка, лес — самыя прыгожыя краявіды Лоеўшчыны. Чаму б не жыць тут?!
Як жа было б добра, калі б вуліцы вёскі запоўніліся шумам і смехам дзяцей, як і шмат гадоў назад! Як жа было б добра, калі б не пакідалі дзеці сваіх ужо даволі сталых бацькоў на волю лёсу, а заставаліся з імі і працавалі ў роднай гаспадарцы! І не патрэбен быў бы горад, дзе сярод шуму, пылу і бясконцай мітусні не застаецца зусім часу на простыя чалавечыя радасці: пасядзець з роднымі каля агню, парадавацца прыгажосці наваколля. Можа прыйшоў час вярнуцца да родных хат, да сваіх бацькоў, да сваякоў і продкаў, успомніць, што “нешта святое” — гэта сцежка з хаты да роднай школы, бохан свежаха духмянага хлеба, вясёлая гутарка за сталом і суседзі, стаўшыя неад’емнай часткай жыцця? Няхай на гэтае пытанне кожны адкажа сам сабе, а галоўнае — зробіць правільны выбар. І калі ўжо так цяжка раставацца з горадам, дык хаця б часцей наведвайцеся да сваіх бацькоў. Трэба памятаць, што наступныя пакаленні нашчадкаў будуць ставіцца да нас таксама, як мы зараз да сваіх продкаў. Ці хочацца каму-небудзь дажываць свой век у адзіноце?..
Таццяна Федарэнка, выпускніца школы, г. Гомель.
