КАРОВЫ СЫТЫЯ — І ПРАДУКЦЫЯ ЁСЦЬ

Летне-пашавы перыяд

115 працэнтаў. Менавіта такога прыросту ў валавой вытворчасці малака ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года змаглі дабіцца жывёлаводы ААТ “Лоеўскі Агратэхсервіс”. На сённяшні дзень гэта самы высокі паказчык у раёне. Аб тым, якія меры дазволілі мясцовым працаўнікам выйсці на такі ўзровень, мы размаўлялі з галоўным заатэхнікам сельгаспрадпрыемства Ганнай Мікалаеўнай Плюшчай:


— У першую чаргу, лічу, пасадзейнічала надвор’е. За ўвесь час, што я працую ў гаспадарцы, у нас яшчэ ніколі не было такіх выпасаў, асабліва ў Крупейках. Сёлета ж своечасова падкошаныя, падкормленыя, пад шчодрымі дажджамі, яны радуюць добрым травастоем, які расце проста на вачах. Леташніх праблем, калі іншы раз не ведалі, куды выгнаць кароў, у нас зараз няма, у дадатак да пасьбы выдзяляем дойнаму статку камбікорм — па 300 грамаў у разліку на кожны кілаграм малака. Каровы сытыя — і прадукцыя ёсць.
На сённяшні дзень ад кожнай каровы мы атрымліваем у суткі па 11,4 кілаграма малака, увогуле ў дзень надойваем па 5720 кілаграмаў. На Мохаўскай МТФ арганізавана кругласутачная пасьба, на Крупейскай — з 7 гадзін раніцы і да 7 вечара. Людзі стараюцца. Асабліва хацелася б адзначыць некаторых нашых даглядчыкаў: Пятра Андрэевіча Семенюка і Міхаіла Анатольевіча Абрубава, Васіля Мікалаевіча Жукоўскага і Віктара Альфонсавіча Масюкевіча. Сярод даярак самыя высокія вынікі ў Валянціны Васільеўны Анісавец і Людмілы Іванаўны Зыбко. Даенне на абодвух падраздзяленнях двухразовае. Стараемся сачыць за якасцю прадукцыі. Малако з Мохаўскай МТФ рэалізуем дзяржаве вышэйшым гатункам, а вось на Крупейскай у гэтым напрамку ў нас узніклі праблемы: прадукцыю апошнім часам удаецца прадаць толькі першым сортам. У прычынах гэтага становішча разабраліся і зараз прыкладаем усе намаганні, каб выправіць сітуацыю. Не так даўно ў гэтым падраздзяленні ў нас памяняўся брыгадзір, выйшлі з водпуску лабарант і слесар па абслугоўванню дойнага абсталявання, так што, спадзяюся, у хуткім часе праблема будзе вырашана.


Вольга КАЛЯДЗЕНКА.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK