Жыццё іншы раз падкідвае нам такія сюжэты, якіх ні ў раманах, ні ў серыялах, ні ў анекдотах не сустрэнеш: доўгія, бы само яно, жыццё, і кароценькія, сур’ёзныя і жартаўлівыя, але заўсёды цікавыя, яркія, запамінальныя. Менавіта такімі падзялілася з намі ў час нашай нядаўняй паездкі ў вёску Страдубка мясцовая жыхарка і пастаянная чытачка раёнкі Тамара Мікалаеўна Краўчанка. Па словах жанчыны, адбыліся гэтыя гісторыі ў нашай мясцовасці досыць даўно, і ўвесь гэты час пераказваюцца, бы анекдоты.
Вельмі ж рэдкі прэпарат — пініцылін для мужчын
Мала ў каго б павярнуўся язык назваць Фядота ветэрынарным урачом — у тэхнікумах і інстытутах ён ніколі не вучыўся і ўсё ж рамяство гэтае неяк асвоіў: самыя простыя працэдуры (укол бычку ці парасяці зрабіць, кабанчыка злягчаць) мог запраста. Таму паслугамі яго ў вёсцы карысталіся многія і аддзячвалі, хто як мог і ўмеў, не то жартам, не то ўсур’ёз называючы яго між сабою “санітарам”. Прымусіла гора звярнуцца да Фядота і бабулю Мар’ю: кабанчык раптам ні з таго, ні з сяго есці не ўзяў, на ногі падае. А шкада ж, больш як паўгода яго трымае, каб яшчэ да маразоў дацягнуць, то і сабе б засмачыць суп ды бульбу было б чым, і дзецям-унукам добры гасцінец даць. У трывозе патэлефанавала дамоў “санітару”, узмалілася:
— Прыйдзі, Фядотка. Паглядзі, галубок, маё свінчо, мо, укол які зрабі — прападае ж бедалажны…
Той, праўда, хуценька прыбег з чамаданчыкам у руках і адразу ў хлеў. Схіліў галаву на адзін бок, пасля на другі:
— Не, — кажа, — нічога, бабуля, не атрымаецца. Ты ж казала свіння ў цябе, а тут, бач ты, кабан. У мяне ж толькі жаночы пініцылін і застаўся. А гэта ж, як ні круці, мужчына. Куды яму жаночы калоць?
— А што ж нам рабіць? — разгубілася бабуля Мар’я.
— Не ведаю, — прамямліў “спецыяліст”. — Пеніцыліну мужчынскага ў мяне і дома няма, гэта трэба ў Лоеў ехаць, шукаць. Калі яшчэ выберуся туды?..
— Як жа ж так? — пачала заломваць рукі няшчасная бабуля. — Кабанчык жа да таго часу скруціцца… Фядотачка, галубок, мо б ты што прыдумаў, пашукаў бы лепш у скрыньцы сваёй, а? Я б табе і салкам аддзячыла, і бутэлечку знайшла б…
— Бутэлечку? Ну, зараз…
Адкрыўшы чамадан, “санітар” пачаў хуценька перабіраць лекі і раптам з трыумфальным бляскам у вачах падняў угару невялікі пачак:
— Шанцуе табе, бабуля Мар’я, вось, знайшоў апошні. Будзе жыць твой кабанчык…
Не разгубіўся
Яшчэ зранку запрасіла Фядота Настасся — каб парася злягчаў, але на вуліцы ўжо і цямнець пачало, а ад “санітара” ні слыху, ні дыху. Жанчына ўжо і чакаць перастала, калі дзверы яе дома раптам рэзка адчыніліся і на парозе, моцна хістаючыся ва ўсе бакі, “вырас” доўгачаканы госць. Вочы яго, нібы свінцом налітыя, цяжка плюскаліся, не жадаючы падпарадкоўвацца свайму гаспадару. “Узбунтаваліся”, відаць, і рукі, і ногі, бо трымаўся ён толькі таму, што абпіраўся плячом аб вушняк.
— Каго тут злягчаць? — як ні ў чым не бывала пацікавіўся Фядот. — Я, таго, мігам…
Настасся разгубілася нават: як даверыш такому во недарэчнаму стварэнню малое парасятка? Загубіць… Зарэжа…
— Ты вось што, Фядотка, ідзі з Богам дамоў, праспіся, адпачні, а да мяне заўтра зранку прыходзь…
Але ў адказ на гэтую прапанову на расчырванелым твары “санітара” спачатку з’явіўся выраз неразумення, а затым — шчырай абуранасці:
— Як гэта заўтра? — здзіўлена прамямліў ён, ледзь варочаючы языком.
— А вось так, заўтра, сёння ў такім выглядзе я цябе ў хлеў не пушчу, такія паслугі мне не патрэбны.
— Раз так, з цябе пяць тысяч…— катэгарычна заявіў Фядот.
— Пяць тысяч?.. За што?..
— За дарэмны выклік…
Р.S. Калі раптам і ў кагосьці з вас, паважаныя землякі, таксама знойдзецца пра што расказаць чытачам нашай газеты, прыходзьце, пішыце, тэлефануйце — мы будзем толькі рады.
Гісторыі для вас пераказала Вольга КАЛЯДЗЕНКА.
