Гумарэска
Шпаркія крокі тэхнічнага прагрэсу прывялі да таго, што ў любой, нават самай «занюханай» канторы, красуюцца камп’ютэры, а бухгалтары, і без таго празмерна дзелавыя і “замучаныя” цяжкімі клопатамі і непасільнай працай, ганарліва ўссядаюць на высокіх крэслах-круцёлках, зверху ўніз гледзячы на рабацяг, якія часам, пацінаючыся, як бедныя родзічы, заходзяць, каб сёе-тое высветліць ці нешта спытаць. Як правіла, у іх да кожнага ёсць прэтэнзіі, яны больш за ўсіх ведаюць, усіх вучаць, усё ўмеюць, трэба, дык і апендыкс выражуць лепш за спецыяліста. Адтапырыўшы мізінчык і тыркаючы наманікюраным указальным пальчыкам у нейкія паперы, капрызна крывячы вусны, яны тлумачаць трактарысту сакрэты сваёй хітрай фінансавай навукі, дэманструючы ўласную перавагу і здзіўляючыся, як можна не разумець тое, што нават яны зразумелі.
Але Марыя Пятроўна, хаця і была прадстаўніком гэтай касты, уяўляла сабой выключэнне з агульнага правіла. Муж — п’яніца і лайдак, аболтусы-сыны па вушы зацягнулі яе ў дамашнюю гаспадарку, бо ўсіх іх трэба было смачна карміць, прыгожа апранаць і дэманстраваць цуды вынаходніцтва, хаваючы грошы то ў дзіравы бот, то ў мяшок з мукой, то прыклейваючы іх скотчам дзе-небудзь пад днішчам шафы, канапы ці крэсла. Грузная камплекцыя стварала процьму перашкод, калі трэба было дацягнуцца да схованкі. Аднойчы, калі яна ляжала на баку, стараючыся дастаць прыклееныя пад шафай купюры і падсабляла сабе нагамі, ёрзаючы імі па падлозе, за гэтым заняткам яе застаў муж, якога ў чарговы раз выгналі з работы, таму і дамоў чорт яго прынёс нечакана.
— Што гэта ты тут робіш? Разлеглася, як супаросная свіння, пуза вываліла!
З перапуду жанчына перавярнулася на спіну, а рукі так і засталіся пад шафай.
— Гімнастыкай займаюся, — утаропіўшы вочы ў столь і кругавымі рухамі вяртаючы рукі з-пад шафы ў зыходны стан, храбра выпаліла жанчына. Смачны плявок благавернага ў свой бок яна прыняла як належнае, крэкчучы ўстала спачатку на калені, а потым і на ногі, схапілася за паясніцу. Але на душы ў яе спявалі салаўі: ваенная тайна пра грошы засталася з ёй.
Пры такім менталітэце Пятроўна, атрымаўшы ў сваё распараджэнне разумную машыну, ніякага гонару не адчула. Больш таго, яна яе баялася. З жахам паглядзела і на крэсла, механічна прыкідваючы, ці ўвойдуць абодва паўшар’і яе магутнага попенгагена ў гэтую абмежаваную прастору, і вырашыла: пры людзях ні за якія грошы яна на гэты эшафот уздзірацца не будзе. Схапіўшы паперы, рынулася да дзвярэй, прамармытаўшы:”Я ў банк”.
Вярнулася ў час абедзеннага перапынку. Так-сяк узгрэблася на ненавіснае сядзенне, дзе і дачакалася сваёй фанабэрыстай калегі. У галаве варочаліся трывожныя думкі: а што калі тая будзе смяяцца? Засоўваючы ўспацелыя рэшткі завіўкі пад зялёную хустку, яна раптам раззлавалася. Чаму яна павінна саромецца? Што дрэннае яна зрабіла? І чаму гэтая фіфа круціць носам? Як ты ні вышкурвайся, а не схаваеш ні маці-прапойцу, ні ўласныя “подзвігі”. Колькі б касметыкі на морду ні мазала, а ўмый – бледная паганка, моль, ды і годзе.
І спецыяліст Марыя не горшы. Адукацыя ў іх аднолькавая. Толькі вось смеласці б ды ўпэўненасці ёй пазычыць дзе. А камп’ютэр? Асвоім. Не такія беды давялося агорваць. Тут яна і дала сабе слова, што не адступіцца, пакуль не разбярэцца з праклятай машынай. І аказалася, што не такі страшны чорт, як яго малююць. Ужо праз некалькі дзён яна даволі ўпэўнена барабаніла па клавіятуры, а праз некаторы час усю сваю работу выконвала хутка і без памылак.
…Трэба было здаваць справаздачу. Усё, здавалася б, Пятроўна рабіла правільна, але камп’ютэр збоіў. То лічбы пераскоквалі са слупка ў слупок, то друкаваць не хацеў.
— Ларыса, — звярнулася яна да калегі, — Што гэта з ім?
— Трэба перазагрузіць, — аўтарытэтна выдала тая.
— Перазагружала.
— Значыць, вірус.
— Што ж рабіць? Справаздача ж. А яе ад рукі не напішаш, не возьмуць.
— Трэба антывіруснік шукаць. Можа, у каго ёсць, няхай бы далі.
Прамучыўшыся амаль да канца рабочага дня, Пятроўна так і не дала рады непакорнай машыне. І тут яна ўспомніла, што на кватэры ў сяброўкі жыве прыезжы праграміст. Хлопец гарадскі, выпеставаны, але добразычлівы, дзе ён дзенецца, дапаможа.
…Знянацку вырваны з віртуальнага свету, Андрэй не адразу зразумеў, што звоніць сяброўка яго гаспадыні. Размова адбылася такая:
— Чуеш, Андрэй, у цябе антымікробнік ёсць?
— Ну-у-у…, да. Есть бактерицидный пластырь.
— А ён дапаможа?
— Должен.
— А што з ім рабіць?
— Приклеить надо на то место, которое тревожит.
— А як жа яго раздабыць? Ты дзе браў?
— В аптеке. Это недорого.
— Чакай, я зараз запішу, як яно называецца. Слухай, а калі пагрэць, мікробы падохнуць?
— Почему бы им и не издохнуть?
Зразумеўшы, што ёй рабіць, Пятроўна прыступіла да справы. Прыняўшы ўсе магчымыя меры, яна рушыла дадому, непакоячыся толькі пра тое, каб хто-небудзь загнаў карову ў хлеў, і тая не пабрыла па чужых дварах.
А раніцай… А раніцай! Сістэмны блок кампьютэра быў абклеены пластырам, ухутаны курткай бухгалтара і засунуты ў самы цёплы вугал. На прынтэры ляжаў кампрэс з мясцовай самагонкі, настаянай на зверабоі, калгане і корані салодкі, на маніторы ўмасцілася старая гумавая грэлка колеру бардо, заматаная ў ручнік, толькі гарлавіна з пробкай па-драпежніцку выглядвала. А на суседнім стале заходзіўся электрачайнік. Трэба ж будзе гарачэйшай вады падліць!
Святлана Мікалаева.
