АКАЗАУ СУСЕД ПАСЛУГУ

Замалёўка з натуры


У адказ на дапамогу ці іншую якую добрую справу ў нас, як вядзецца, след аддзячыць памагатаму, а прасцей кажучы, добра яго пачаставаць. І, вядома ж, не хлебам з квасам…
Неяк адзін надзвычай добрай душы чалавек, назавём яго Іванам, дапамог суседу Васілю пераараць агарод на зіму. Не за грошы стараўся, а так, задарма, па-суседску. І як ні адмаўляўся, Васіль усё ж зацёг небараку ў хату. Суседава жонка жвава завіхалася каля шчодра накрытага ў гасцінай стала, на якім ужо дымілася бульба, сярод апетытна падсмажаных кавалачкаў сала шкварчала яешня, чаплялі вока згаладнелага зранку аратага квашаная капустка, талеркі з пальцам пханымі каўбасамі, селядцамі, нейкімі салатамі… “Нібы на вяселле прыгатаваліся, паважаюць”, — не без задавальнення падумаў Іван, заўважыўшы між апетытнымі пачастункамі прыгожую бутэльку з дарагой наліўкай, і прыветна ўсміхнуўся гаспадыні.
— А, Іванка, праходзь, — не менш прыязна заўсміхалася ў адказ чырвонашчокая Марыся. — Ну што ты, Васіль, у парозе чалавека трымаеш? Стаміўся ж відаць, напрацаваў апетыт. Ідзіце, хлопчыкі, вось сюды, на кухню, я вам тут накрыла.
Іван разгублена перавёў позірк туды, куды так ветліва запрашала яго гаспадыня, і ледзь не папярхнуўся ад нечаканасці: на невялічкім століку, каля якога сіратліва прытуліліся два крывенькія табурэты, стаяла бутэлька самагонкі-сівухі, побач — некалькі лустачак хлеба і дзве талеркі — з сырым салам і агуркамі.
— Не стойце, праходзьце, — ледзьве не ў плечы штурхала мужчын гаспадыня. — Не перашкаджайце мне тут, а то госці вось-вось на парог, а ў мяне яшчэ і стол як след не накрыты.
Доўга ў гасцях Іван не затрымаўся — кавалак у горла не лез, не тое што падазроная сівуха, якую, не падымаючы на суседа вочы, разбулькаў па шклянках Васіль. Так яго за дапамогу яшчэ ніхто не частаваў…


Вольга КАЛЯДЗЕНКА.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK