Лоеўшчына памятае сваіх герояў

65 год Вялікай Перамогі


Лоеўская зямля вырасціла пяцярых Герояў Савецкага Саюза. Гэта Кузьма Грыб, Аляксей Казлоў, Акім Карпенка, Дзмітрый Марозаў і Рыгор Пінчук. Пра аднаго з іх — Дз. Марозава — сёння наш расказ.


Чацвёрты год вайны адлічваў дзень за днём, месяц за месяцам, набліжаў да доўгачаканай перамогі. Ужо былі вызвалены ад “карычневай чумы” Украіна і Беларусь. Наступіў 1945-ты, пераможны.


Чырвоная Армія паспяхова вяла наступленне. Нашы часці ўшчыльную падышлі да граніц Усходняй Прусіі. На іх шляху — водная перашкода — рака. Савецкія байцы не паспелі як след замацавацца на адбітым у ворага плацдарме, як фашысты пачалі контратаку. На нашы пазіцыі адзін за адным папаўзлі цяжкія танкі праціўніка. Іх было больш 50-ці. Яны ўразаліся клінам у тыл савецкіх воінаў. Пад прыкрыццём танкаў ішла і мотапяхота. Гітлераўскія страшыдлы рухаліся якраз на 850-ты стралковы полк Марозава. Але марозаўцы не спалохаліся, не разгубіліся. Яны прынялі ўдар на сябе. Не марудзячы ні хвіліны, “загаманіла” палкавая артылерыя. Падбіты першы танк. За ім другі, трэці… дзесяты. Поспехі акрылілі марозаўцаў. З крыкамі “Ура!” стралковыя падраздзяленні пайшлі ў контр-атаку. Праціўнік кінуўся ў адступленне. Але тут яго сустрэў прыцэльны агонь савецкіх байцоў. Амаль уся варожая групіроўка была разбіта. Толькі некалькім танкам удалося праскочыць на сваю тэрыторыю. За правільна прынятае рашэнне, знішчэнне палком жывой сілы і тэхнікі ворага, Дзмітрый Марозаў быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.


Дзіцячыя і юнацкія гады Дзмітрыя Марозава прайшлі ў Казіміраўцы. Гэта вёска вядома на Лоеўшчыне выступленнямі сялян у час рэвалюцыі 1905-1907-х гадоў. Вучыўся Дз. Марозаў у Суткоўскай школе. Ён быў сакратаром першай камсамольскай ячэйкі.


Скончыўшы Гомельскі фінансава-эканамічны тэхнікум,працаваў памочнікам бухгалтара раённай канторы “Нарыхтлён”, затым бухгалтарам у райфінаддзеле.


У 1932 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Службу праходзіў у пагранічных войсках. Праз 3 гады па пуцёўцы камсамола стаў курсантам Маскоўскага ваеннага вучылішча. Затым служыў у Забайкальскай ваеннай акрузе, дзе займаў пасады камандзіра кулямётнага ўзвода, кулямётнай роты, начальніка палкавой школы, намесніка камандзіра стралковага батальёна, памочніка начальніка штаба палка па разведцы.


Дз. Марозаў змагаўся ў баях з японскімі імперыялістамі на Далёкім Усходзе і ў савецка-фінляндскай вайне 1939-1940-х гадоў. А калі пачалася Вялікая Айчынная, яму давялося граміць фашыстаў на Паўночна-Заходнім, Заходнім, а затым на 3-м Беларускім франтах.


Асабліва палкоўнік Дз. Марозаў вызначыўся ў Беларускай аперацыі 1944 года. Было гэта пад Віцебскам. У час прарыву абароны ворага на Паўднёвы Усход ад Віцебска полк пад камандаваннем Марозава знішчыў варожы пункт Буракі на заходнім беразе ракі Сухадроўка. Гэта і садзейнічала поспеху далейшай аперацыі. Затым яму давялося фарсіраваць Лучосу, Беразіну, Вілію, Нёман, а таксама прымаць удзел у вызваленні Вільнюса, Каўнаса, у штурме Кенігсберга, Пілау.


Вось што расказвае пра свайго сябра і нашага земляка ўдзельнік Вялікай Айчыннай А. Казаран у артыкуле “У кожнай узнагароды свая гісторыя”: “Баявы шлях адважнага сына нашай партыі вядомы мне да драбніц. Разам з Дзмітрыем я крочыў па дарогах мінулай вайны, а калі была разгромлена гітлераўская армія, мы разам уступілі ў бой на Усхо-дзе супраць Квантунскай арміі японскіх мілітарыстаў.


Дзейнічалі ў адным корпусе — я камандаваў у тыя дні дывізіяй, а палкоўнік Дз. Марозаў — стралковым палком. Ён быў некалькі разоў паранены, цяжка кантужаны, але заўсёды заставаўся на баявым пасту, лячыў свае раны на перадавой”.


Радзіма высока ацаніла мужнасць і адвагу нашага земляка. Герой Савецкага Саюза Дз. Марозаў — кавалер чатырох ордэнаў Чырвонага Сцяга, ордэнаў Айчыннай Вайны першай ступені, Чырвонай Зоркі і некалькіх медалёў. Акрамя таго наш зямляк — кавалер палкаводчага ордэна Аляксандра Неўскага, які ён атрымаў за ўдзел у разгроме Квантунскай арміі летам 1945 года.


Адгрымелі баі. Дзмітрый Кузьміч скончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе і служыў у радах Савецкай Арміі да 1956 года, пакуль не пачало падводзіць здароўе. Настаў час змяніць ваенную форму на грамадзянскую. Сям’я Марозава пасялілася ў горадзе Феадосіі. Дзмітрый Кузьміч стаў начальнікам Феадасійскага аўтавакзала. Ветэран любіў дзяцей і карыстаўся ў іх глыбокай павагай, даверам. Нягледзячы на сваю занятасць, ён заўсёды знаходзіў час для сустрэч з моладдзю, ахвотна дзяліўся сваімі ўспамінамі. Каля пятнаццаці гадоў запар ён быў нязменным камандуючым гарадскога атрада ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”.


У студзені 1981 года Дз. Марозаў раптоўна памёр. Вялікія баявыя і працоўныя заслугі перад Радзімай Героя Савецкага Саюза, палкоўніка Дз. Марозава. Для захавання памяці аб ім адна з вуліц Феадосіі носіць імя нашага земляка. Памятае і ніколі не забудзе аб сваім сыне і легендарная Лоеўшчына.


З рэдакцыйнага архіва.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK