З назіранняў за прыродай
Тое аблюбаванае мною месца ў вёсцы, дзе я затрымліваюся пасля зімы, каб заняцца сялянскай працай, у красавіку і маі напоўнена гоманам, свістам, цырканнем і іншымі гукамі малых і вялікіх птушак. Вось над галавой высока ў небе з характэрным гагатаннем пралятае чародка дзікіх гусей, якія ўзялі кірунак далёка на поўнач. А для адпачынку абіраюць месцы крыху ўзвышаныя і дзе побач ёсць вада.
Вычытаў з паведамленняў перыядычнага рэспубліканскага друку, што на гэтых птушак адкрыты дазвол на паляванне цяпер ужо з вясны. Лічу, што гэта неразумна, зусім незразумела для мяне. Як можна стрэламі па вясне трывожыць птушак? А страляць можна і ў самцоў, і ў самак гусей — іх жа па шэрай афарбоўцы не адрозніш, гэта не тое што прыкметная, скажам, афарбоўка ў самца дзікай качкі.
Вяліся ў вярхах размовы аб тым, каб забараніць вясновае паляванне на птушак. Бо сапраўды, ну які наедак з таго схуднелага гуся або качкі ў красавіку? Але пытанне пакуль што засталося нявырашаным.
Гусі ж, як і іншыя пералётныя і зімуючыя ў нас птушкі, павінны набрацца моцы, каб паспяхова вывесці патомства, падрасціць яго. Нялёгка даводзіцца амаль усім ім у барацьбе за сваё існаванне. Добра хоць, што дзікія гусі ўзнімаюцца на сваіх крылах вельмі высока — наўрад ці шрот з ружжа дастане іх. І пры гэтым птушкі вельмі асцярожныя. Але ж паляўнічыя могуць падсцерагчы гусей, калі яны апускаюцца на зямлю або кормяцца. І як ім у такім выпадку адпачыць, запасціся сіламі перад далёкай дарогай, скажам, у Віцебскую вобласць, дзе гэтыя птушкі гняздуюцца, або аж да тундры? Не думаю, што гусі прыносяць вялікую шкоду нашай сельскай гаспадарцы, за што іх трэба страляць. Ну паскубуць вясной крыху азіміны. Аблюбавалі яны і кукурузнае зерне, але ж збіраюць тое, што застаецца пасля ўборкі кіяхоў восенню. Гусей, як і іншых птушак — цецерукоў, вальдшнэпаў, качак, рабчыкаў, трэба захаваць для эстэтыкі, каб чалавек мог любавацца імі ў палёце.
Наведаў нядаўна бярэзнічак, што падрастае насупраць Барца, пасля правядзення меліярацыйных работ. На апалай з восені лістоце паміж рэдкіх дрэўцаў заўважыў нешта шэраватае з рыжаватымі плямкамі. Падумалася, што гэта загінуўшы вожык. Але прыгледзеўся больш уважліва і заўважыў, што частачкі гэтага “прадмета” нібы варушацца. І раптам гэтае цельца зусім нечакана для мяне… узнялося ў паветра і, зрабіўшы паўкруг, накіравалася бліжэй да лесу. Нават не паспеў дакладна разгле-дзець, што гэта была за птушка, але хутчэй за ўсё курапатка. Іх у мінулыя гады вакол Барца можна было сустрэць часта, нават падбіраліся да пустуючых сядзіб. А цяпер курапатак па розных прычынах засталося зусім мала — то ліса падкрадзецца і паласуецца, то драпежная вялікая птушка нападзе. А можа, пагаспадарылі і браканьеры, якія бяруць амаль усё, што трапляецца ім на мушку.
У чаканні аўтобуса на Лоеў назіраем за жыццём пары буслоў, што размясцілі жыллё непадалёку, на слупе электрычнай лініі. Вось ужо клапатлівыя бацькі будучага патомства! Вый-дзеш рана-раненька на агарод з рыдлёўкай — а бусел некуды ўжо спяшаецца, пералятае над пладовымі дрэвамі, амаль нерухома бялее далей на шэрай мінулагодняй траве або на прысядзібным участку. Паважна шукае здабычу. А іншы раз нясе ў дзюбе бадыліну або невялікі жмуток сухой травы. Даставіў будаўнічы матэрыял і хацеў уладкаваць на гняздзе, але буслісе нешта не спадабалася, і яна выхапіла ў гаспадара сухое каліва, нібы хацела сказаць: “Давай зраблю гэта я, у мяне лепш атрымаецца з пабудовай жытла”.
А праз пару мінут бусел апусціўся да меліярацыйнага канала і з разгону паляцеў на такога ж цыбатага птаха, які, хутчэй за ўсё, прыкмеціў яго гатовае жытло. Птах энергічна пагнаў агрэсара ўздоўж канала, а потым і да суседняй вёскі Усход. Днём бачу, як вакол велізарнага гнязда круцяцца неспакойна вераб’і, знаходзяць сабе месца, каб таксама пабудаваць нейкае жытло. Але бусел іх, чамусьці, не чапае — ці то ў яго ў адносінах да гэтай малечы лагодны характар, ці то проста дзюбай дастаць не можа. На электрычны алюміневы дрот побач з вераб’ямі садзяцца рухавыя сітаўкі, але я не заўважаў, каб яны рабілі свае гняздзечкі збоку ў самім бусліным «каўчэгу». А вось на вішні ўсеўся зяблік і зацягнуў сваю няхітрую, прывабную мелодыю. Паскакаў перад гэтым па двары, пашукаў на траве нейкай спажывы. А потым пераляцеў на дрэва. Праўда, зяблік — птушка лясная. Але ж у вёсцы так мала людзей, што ён не цураецца населенага пункта. Вясной абуджае палі, як мы добра ведаем, жаўранак. Мелодыя яго нам добра знаёмая. А вось зяблік падае свой голас у лясах, зарасніках, пералесках. І яго срабрыстая мелодыя будзе гучаць паціху да канца лета і нават крыху пазней. У гэтай птушачкі прыкметная афарбоўка — карычнева-чырвоная спінка, светла-шэрая галоўка. А галоўным апазнавальным знакам зябліка з’яўляюцца добра бачныя на крыльцах белыя палоскі — своеасаблівыя “люстэрачкі”. Гэтыя малыя стварэнні з’ядаюць у вялікай колькасці насенне пустазелля і насякомых. Што пры гэтым характэрна? Зяблікі не “спецыялізуюцца” на якіх-небудзь пэўных відах насякомых, як гэта бывае часцей за ўсё ў насякомаедных птушак. Яны ўжываюць у ежу амаль любую дробязь. А найбольш масавымі, як вядома, з’яўляюцца тыя насякомыя, каго мы прылічваем да шкоднікаў. Так што карысць ад зяблікаў вялікая, як і ад шпакоў, вераб’ёў, ластавак, сінічак і іншых дробных птушак.
Мікалай Мельнічэнка, аматар прыроды.
