65 гадоў пад мірным небам
Беларусь першай 22 чэрвеня 1941 года прыняла на сябе ўдар ворага. Гітлераўцы накіравалі на ўсход супраць СССР жудасную ваенную машыну, якая дзейнічала з асабістай жорсткасцю і бязлітаснасцю. Подзвіг народа, які супрацьстаяў ёй і перамог, не забудзецца ніколі.
Вялікі ўклад у справу Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ўнесла літаратура. Гэта быў суровы час, і літаратура ваеннага перыяду ўсхваляла гераізм, мужнасць, выхоўвала нянавісць да бязлітаснага і жорсткага ворага. Немагчыма пералічыць усе творы, якія былі напісаны як водгук на падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Жанр ваеннай паэмы запачаткаваў куляшоўскі “Сцяг брыгады”, напісаны з верай у тое, што чалавек можа перамагчы ў любых, нават у безнадзейных абставінах. Літаратура перыяду вайны свядома паставіла сваёй мэтай служэнне народу. Выдатныя прыклады таму — раманы К. Чорнага “Пошукі будучыні”, “Вялікі дзень”, “Млечны шлях”.
У пасляваенны час пабачылі свет буйныя празаічныя творы на гэтую тэму — раманы і аповесці “Братэрства” Т. Хадкевіча, “Глыбокая плынь” І. Шамякіна, “Згуртаванасць” М. Ткачова, “Без нейтральнай паласы” У. Карпава, дылогія А. Кулакоўскага “Развітваемся ненадоўга” і “Сустрэчы на ростанях” і інш. Звяртаючыся да гістарычнага вопыту барацьбы з фашызмам, беларуская проза адлюстроўвае перш за ўсё чалавечую стойкасць, грамадзянскі абавязак і самаахвярнасць.
60-я гады фарміруюць новы вобраз Вялікай Айчыннай вайны, вопыт якой не страчвае сваёй надзённасці і сёння. Публікацыя ўспамінаў франтавікоў, партызанаў, сведчанні жыхароў спаленых вёсак і былых вязняў лагераў смерці праліваюць святло на падзеі, якія сведчаць пра тое, што вайна была куды больш жудаснай і бессэнсоўнай, чым гэта здавалася раней. На мяжы 50-60 гадоў з’явілася так званая “лейтэнанцкая проза”. В. Быкаў, Г. Бакланаў, Ю. Бондараў — аўтары, якія глядзелі на свет вачыма мільёнаў людзей, што апынуліся ва ўмовах вайны, пераадолелі ўсе выпрабаванні і цяжкасці, якія выпалі на іх долю. Мастацкая асаблівасць твораў — аўтабіяграфізм, хранікальнасць, спалучэнне бытапісу і мастацкага філасафізму.
Шмат зрабіў для распрацоўкі ваенна-гістарычнай тэматыкі прадстаўнік пакалення партызанаў і франтавікоў Алесь Савіцкі. Ён — аўтар надзвычай цікавай трылогіі пра сваю партызанскую маладосць — раманаў “Верай і праўдай”, “Літасці не чакай” і “Памерці заўсёды паспееш”, створаных у 70-я гады. Пра першыя месяцы вайны на Беларусі — раман “Верасы”. Лёс беларускай жанчыны на вайне паказаны ў рамане “Зямля не раскажа”. Аповесць “Белая знічка” і “Узаранае поле” расказваюць пра ўдзел моладзі ў партызанскім руху. Раман “Обаль” прысвечаны гераічнаму змаганню камсамольска-маладзёжнага падполля. Галоўная іх вартасць — праўдзівасць.
У Мікалая Чаргінца таксама нямала твораў аб Вялікай Айчыннай вайне, самы душэўны з іх — дылогія, якая складаецца з раманаў “Вам — заданне” і “За секунду да стрэлу”. За апошнія дзесяцігоддзі дылогія выдавалася болей як дваццаць разоў.
Мікола Аўрамчык апублікаваў раман “У падзямеллі” і аповесць “Палон”, створаныя на драматычнай ваеннай біяграфіі аўтара.
Ваенна-гістарычная літаратура — гэта гістарычны феномен у культурным жыцці чалавецтва. У 90-х гадах пачынаецца новы этап у яе развіцці. Бесцэнзурную аповесць пра вайну пад назвай “Ахвяры” адным з першых стварыў на пачатку 90-х гадоў І. Шамякін.
Сёння літаратура намаганнямі многіх пакаленняў пісьменнікаў паглыбляе памяць і ўяўленне пра вайну, паказваючы яе ва ўсёй праўдзівасці перажытага і выпакутаванага народам, пазбягаючы фальшу. У гэтым вялікая заслуга А. Сульянава, А. Кузьмічова, А. Шашкова, А. Махнача, П. Місько, В. Трыхманенкі і інш. Адметнае месца тэма Вялікай Айчыннай вайны займае ў творчасці Г. Марчука — раман “Крык на хутары”, п’еса “Пеўчыя 41-га года”.
Нямала намаганняў для ўслаўлення подзвігу народа, арміі ў Вялікую Айчынную вайну зрабілі такія нашы паэты як М. Мятліцкі, Р. Баравікова, Р. Сакалоўскі, Т. Краснова-Гусачэнка, У Скарынкін, В. Лукша, У. Карызна і інш.
Вобраз вайны, уяўленне пра чалавека на вайне ў памяці наступных пакаленняў будуць жыць дзякуючы літаратуры і мастацтву. Цікавасць да твораў ваеннай тэматыкі выклікана не толькі патрэбамі сённяшняга дня, але і клопатам пра будучыню чалавецтва, якое павінна ведаць, што такое вайна, і ўсё зрабіць дзеля прадухілення гэтай жудаснай трагедыі.
С. Шумігай, бібліёграф II катэгорыі.
