МЫ ТАКСАМА ЎМЕЕМ ТАНЦАВАЦЬ!

Ведай нашых!


Напрыканцы чэрвеня ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці прайшоў шосты рэспубліканскі фестываль мастацкай народнай творчасці “Берагіня” сярод дзяцей і юнацтва. Прадстаўнікамі Лоеўшчыны на ім выступалі Ганна Сільчанка і Васіль Пузырына — танцавальная пара ансамбля “Фэст” Пярэдзелкаўскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу. Свята фальклорнай творчасці праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы. Свае здольнасці на ім дэманстравалі выканаўцы народных танцаў з самых розных куточкаў краіны. Вядома ж, стараўся кожны — ішла сапраўдная барацьба за прыхільнасць гледачоў і журы.


За вынікамі падрыхтоўкі і выступ-ленняў рабят, той хваляй пачуццяў і эмоцый, якія выклікала ў іх гэтае свята, уважліва сачылі не толькі жыхары пасёлка, але і многія журналісты, госці з Літвы, Германіі і інш. Тым прыемней паведаміць, што і нашы ўдзельнікі не “згубіліся” ў агульнай масе. Ганна і Васіль вярнуліся дамоў з перамогай — занялі першае месца ў “Турніры пар выканаўцаў народных побытавых танцаў” сярод рабят старэйшай узроставай групы. Лепшымі былі прызнаны пярэдзел-каўскія танцоры і за выкананне “Полькі” і “Лявоніхі”, так што нашым рабятам ёсць чым ганарыцца — і мы ўмеем танцаваць!


Кіраўнік танцавальнай пары ансамбля “Фэст” Алена Івахненка і яе выхаванцы змаглі даказаць усім, што поспех любога пачынання шмат у чым вызначаецца зацікаўленасцю і ступенню адказнасці на шляху ажыццяўлення пастаўленай мэты. Васіль і Ганна дасягнулі яе — сталі першымі, лепшымі, змаглі ўразіць, здзівіць, захапіць. Павіншуем з гэтай перамогай нашых танцораў і пажадаем, каб полымя творчай натхнёнасці, запаленае на фестывалі “Берагіня”, давала ім моцныя штуршкі для новых перамог.


С. Прымак, студэнтка БДПУ ім. М. Танка.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK