Далёкае становіцца бліжэй

Настальгічнае


Многія не любяць чытаць і наўмысна прапускаюць у творах апісанні пейзажаў, шляхоў, якімі падарожнічаюць героі. Прызнацца, іншы раз і сама так раблю, калі патрэбна ў сціслы тэрмін перачытаць вялікі твор. Але толькі не тады, калі бяру ў рукі нейкі з раманаў “Палескай хронікі” Івана Мележа. Да гэтых твораў, як, дарэчы, і да самога аўтара ў мяне асаблівыя, можна сказаць, роднасныя пачуцці.


Справа ў тым, што і сама я родам з тых жа мясцін, дзе нарадзіўся Іван Паўлавіч і якія так ўдала і трапна адлюстраваў у сваёй трылогіі. Праўда, вёска, дзе я нарадзілася і вырасла, не Глінішчы, а суседнія Вадовічы, пра якія, калі памятаеце, таксама ўзгадваецца ў мележаўскіх раманах. І ўсё ж гэта не стала перашкодай для таго, каб лічыць пісьменніка сваім земляком, а яго творы — своеасаблівым напамінам пра куточак, думкі пра які будуць саграваць маё сэрца ўсё жыццё.


Так атрымалася, што лёс закінуў мяне досыць далёка і ад Вадовічаў, і ад блізкіх людзей. Часта бываць там не атрымліваецца, таму і не дзіўна, што перачытванне “Палескай хронікі” стала для мяне своеасаблівым настальгічным экскурсам у далёкае і, разам з тым, такое блізкае мінулае, у бестурботныя гады юнацтва, дзяцінства. Асабліва цікава сачыць за апісаннем тых балоцістых мясцін (зараз там меліярыраваныя тарфянікі), падарожнічаць разам з героямі з Глінішчаў у Юравічы (менавіта паміж гэтымі вёскамі размешчаны і мае Вадовічы) і іншыя вёскі, назвы якіх вельмі добра знаёмы. Усё гэта ўражвае сама тым, што многія з мележаўскіх апісанняў настолькі адпавядаюць сучасным краявідам, што, чытаючы іх, нібы ўвачавідкі бачыш дарогу дамоў. І гэта нягледзячы на часавую адлегласць у многія дзесяцігоддзі… Гэта не можа не здзіўляць.


Але што найбольш прыцягальнае для мяне ў мележаўскай трылогіі — дык гэта жывая мова куранёўскіх, глінішчанскіх і іншых мележаўскіх персанажаў — iх выказванні, асобныя рэплiкi, дыялогi i маналогi, якія “ажыўляюць” і самі творы, робяць іх і апісаных у іх герояў не проста цікавымі — сапраўднымі, рэалістычнымі, блізкімі чытачу, яго ўнутранаму свету. Асабіста для мяне іх гаворка настолькі знаёмая, родная, настолькі сугучная з мовай маіх бацькоў, бабуль, дзядуль, што міжволі ўяўляла іх твары, калі мова ў раманах ішла пра Васілёву маці і дзядулю, Ганнінага бацьку. Гэтак жа, як і мележаўскія куранёўцы, размаўляюць і ў маіх Вадовічах, суседніх Глінішчах, Агародніках, Алешніках, Байцы. Прычым і па сённяшні дзень. Кожнае з гэтых “мабуць”, “душно”, “ето”, “кеб”, “було” гучыць для мяне своеасаблівай песняй, адгукаецца ў сэрцы непаўторнай цеплынёй і нейкім трапяткім хваляваннем…


Таму і не дзіўна, што варта было пачуць упершыню пра тое, што “сталіцай” Дня беларускага пісьменства сёлета выбрана менавіта Хойнікшчына, як нечакана для сябе адчула нейкае невядомае дагэтуль хваляванне. Уявіла на момант, як мноства гасцей з самых розных куточкаў нашай вялікай краіны прыедуць у мясціны, якія некалі і сама ледзь не да апошняга лапіка аббегала басанож, як завітаюць у мележаўскі музей, будуць гутарыць са знаёмымі мне глінішчанцамі — людзьмі, якія са шчырай насалодай, не саромеючыся, не баючыся паказацца некаму прастакаватымі местачкоўцамі, размаўляюць на сваёй, роднай, матчынай мове, і адчула радасць за сваіх землякоў. Упэўнена, свята беларускага пісьменства на радзіме Мележа, на маёй радзіме, пакіне ва ўсіх толькі самыя прыемныя ўражанні.


Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK