Мы — беларусы
Прадстаўляем нашага суразмоўцу:
Іван Іванавіч ЛЕМЕШКА, ураджэнец, а зараз і жыхар Лоева, былы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, паэт, актыўны ўдзельнік народнага клуба ветэранаў вайны і працы РДК “У кого душа бодра, не стареет никогда”. Нават таму, хто добра ведае гэтага чалавека, з цяжкасцю верыцца ў тое, што Івану Іванавічу пайшоў 81-шы год. Жыццярадасны, бадзёры, заўжды аптымістычна настроены, І. Лемешка ніколі не адчуваў цяжару пражытых гадоў і шчыра верыць: настрой і самаадчуванне кожнага чалавека ў многім залежаць ад таго, як ён адносіцца да жыцця і да людзей вакол. Ёсць і яшчэ адзін сакрэт бадзёрасці гэтага чалавека, і яго Іван Іванавіч не прыхоўвае — адкрыта даносіць сваім землякам у двух радках уласнага верша: “Несём мы мудрую идею — по жизни с песнею идти”. Да гэтага і заклікае лаяўчан і ўсіх беларусаў.
— Можна шмат гаварыць пра тое, як імкліва мяняецца сучаснае жыццё беларусаў, прыводзіць нейкія прыклады, але асабіста мне больш імпануе менавіта культурнае, духоўнае адраджэнне краіны. І перш за ўсё тое, што робіцца ў Беларусі, каб захаваць для нашчадкаў нашу багатую гісторыка-культурную спадчыну, выяўляць і развіваць народную творчасць, народныя таленты. Вядома, не ў кожным населеным пункце ў нас ёсць канцэртныя залы філармоніі, не ўсюды працуюць прафесійныя мастацкія школы, але ў любой, нават самай маленькай, вёсачцы ў нас жывуць людзі, якія добра спяваюць, танцуюць або іграюць на балалайцы, таленавіта складаюць вершы, малююць, займаюцца іншымі відамі народнай творчасці. Менавіта для іх, для раскрыцця іх здольнасцей і агульнага развіцця культуры нашага насельніцтва адкрываюцца музычныя школы, ствараюцца аматарскія клубы, гурткі, аб’яднанні, арганізоўваюцца іх выступленні перад мясцовай публікай, ладзяцца выставы, праводзяцца конкурсы. Калі гаварыць пра наш ветэранскі клуб, то ён складаецца з лю-дзей, якія шчыра любяць песню, беларускую народную культуру і нясуць яе людзям. Сярод найактыўнейшых удзельнікаў аб’яднання можна назваць Мікалая Грачанка, Надзею Амеліну, Юлію Паўленка, Уладзіміра Казулю і інш. Дарэчы, толькі з маім удзелам клуб ужо двойчы выступаў перад пацыентамі Бывалькаўскай бальніцы сястрынскага догляду і жыхарамі гэтай жа вёскі, выязджаў з канцэртамі ў Сяўкі, Малінаўку, Пярэдзелку. І ўсюды сустракаў цёплы і сардэчны прыём, запрашэнні прыязджаць яшчэ. Трэба сказаць, што, акрамя нашага калектыву, званне “народны” ў раёне маюць яшчэ пяць. І ці не гэта лішні раз даказвае, што народная творчасць, развіццё духоўнай культуры беларусаў, у тым ліку і нас, лаяўчан, займаюць не апошняе месца сярод тых прыярытэтаў, якія ставіць перад сабой кіраўніцтва і Прэзідэнт нашай дзяржавы.
Дарэчы, калі ўжо весці размову пра рэспубліканскі ўзровень, варта назваць і дзіцячы конкурс “Еўрабачанне-2010”. Гэта сёння мы ведаем, што прадстаўнік нашай краіны Данііл Казлоў увайшоў у пяцёрку лепшых выканаўцаў конкурсу. А якая грандыёзная работа папярэднічала гэтаму выніку! Колькі конкурсаў, аглядаў было арганізавана, перш чым вызначыцца з кандыдатурай таго юнага выканаўцы, які ў рэшце і прадстаўляў Беларусь на такім высокім узроўні! Талент, самі разумееце, не ўзважыш, не вызначыш яго велічыню на вока, гэта рэч сугуба суб’ектыўная: камусьці падабаецца, камусьці не. І тым не менш, кандыдатуру абралі дастойную. А з якім размахам праходзіла мерапрыемства! Якія ўражанні пакінула яно ў памяці юных удзельнікаў! Упэўнены, што дамоў кожны з іх вяртаўся толькі з лепшымі думкамі пра нашу Беларусь і той народ, які тут жыве і ўласнаруч будуе свой лёс.
Менавіта такую ж мэту — заявіць пра нашу рэспубліку, зрабіць яе вядомай ва ўсім свеце — ставяць перад сабой усе дзеячы нацыянальнай культуры і мастацва. Мы добра ведаем і любім гэтых людзей, іх творчасць і з упэўненасцю можам сказаць, што кожны з іх — сапраўдны нацыянальны гонар беларусаў.
І апошняе. Асабіста я заўсёды шчыра паважаў людзей, якія называюць сябе беларусамі і робяць гэта шчыра, з сапраўдным пачуццём уласнай годнасці. Сам я ўсё жыццё, нават калі жыў у Расіі, лічыў сябе беларусам. Гэтая зямля заўсёды клікала мяне, сюды, на сваю радзіму, і вярнуўся, жыву тут і люблю ўсім сэрцам нашу дарагую Лоеўшчыну, мясцовых людзей — нашу сінявокую Беларусь.
Гутарыла Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.
