Сачыненне
Ні ў кога, мабыць, няма такой цудойнай бабулі, як у мяне. Яна жыве ў невялікай вёсцы Цясны, куды ў дзяцінстве я разам са сваімі сястрычкамі вельмі часта наведвалася. Калі б ні прыехалі да яе, яна заўсёды занятая нейкай справай. То каля печы ў хаце завіхаецца, то ў агародзе сее, поле, акопвае. І нам заўсёды было цікава разам з бабуляй. Удзень мы ёй дапамагалі, разам хадзілі ў ягады ці ў грыбы, палолі і палівалі грады. Таксама мы любілі з сяброўкамі ў садзе яблыкамі частавацца, або збіралі ў агародзе маліны ці парэчкі. З суседскай дзяўчынкай Таняй бегалі на возера купацца. Праўда, яно знаходзілася, як нам тады здавалася, вельмі далёка, але жаданне акунуцца заўсёды было такім вялікім, што дарога нас не пужала. Увечары бабуля заўсёды распавядала нам пра сваё дзяцінства або расказвала нейкую цікавую казку. Вельмі падабалася нам і тое, як бабуля ўмее частаваць. І не купленым у магазіне, а сваімі рукамі прыгатаваным.
Жылося ў вёсцы, адным словам, мірна і весела. Здаралася, канешне, што мы з сястрычкамі маглі паспрачацца, але як толькі заходзіла мова аб тым, каб пайсці гуляць на лужок без дазволу, дык адразу ўсе крыўды забываліся. Там мы збіралі самыя прыгожыя кветкі, бегалі, гулялі або проста ляжалі на траве сярод высокіх беластволых бяроз, якія пасадзіў больш чым 30 гадоў назад дзед Жэнік. Вось так паляжым, паглядзім на светлае блакітнае неба некалькі хвілін, абмяркуем кожнае воблачка, памарым ды і дадому хутчэй. А там ужо бабуля нас шукае, хвалюецца. Шмат клапот дастаўлялі мы ёй. Але яна заўсёды была радая нас бачыць, калі б мы да яе ні прыехалі.
Прайшло з таго часу шмат гадоў… Але і па сённяшні дзень, дзе б я ні знаходзілася, успамінаю гэтую вёску. Я смела магу назваць яе роднай, таму што там прайшло не адно шчаслівае лета майго дзяцінства. У памяці засталіся хвіліны, якія, мабыць, я не забуду ніколі. Я з вялікай радасцю прыязджаю да бабулі і зараз, хаджу купацца на тое ж самае возера, з таго ж самага дрэва зрываю яблыкі, сябрую з суседскай дзяўчынай Таняй. І заўсёды, калі мы збіраемся ўтрох (я і мае сёстры), успамінаем пра любімае месца нашага дзяцінства: пра возера, лужок, бярозы — і адразу замірае сэрца, хочацца зноў стаць маленькімі і так, як раней, назіраць за воблакамі і марыць. На жаль, той час ужо нельга вярнуць… І сёння я магу толькі прыйсці да “жэнікавых” бяроз і яшчэ раз успомніць шчаслівыя хвіліны свайго дзяцінства.
Маша П.
