З любоўю да прыроды
Гэтае дрэва, не асабліва велічнае сярод гігантаў лесу, чамусьці засталося па-за ўвагай у вуснай народнай творчасці, літаратурнай паэзіі. Ні вершаў яму не прысвечана, ні песень сумна-тужлівых ці вясёлых. Граб — звычайнае празаічнае дрэва. Расце сабе ў лясах, парках, прысадах, алеях без усялякага ўмяшання і дапамогі чалавека. Большай часткай распаўсюджваецца ў прыродзе самасевам, у меншай колькасці — з парасткаў ад ссечаных ці зрэзаных пнёў. Само па сабе дрэва застаецца не толькі лясным, а і ў некаторай меры дэкаратыўным. Асабліва прыемна палюбавацца грабам у падрослых дзялянках восенню, калі лістота становіцца латунна-жоўтай і яшчэ не ападае. Ад яе між дрэў ідзе своеасаблівае святло. І тады кроны граба гараць зыркім полымем, асабліва ў спалучэнні з рознакаляровымі «шапкамі» клёнаў.
Даследчыкі лічаць, што граб з’яўляецца жыхаром шырокалісцевых еўрапейскіх лясоў, пастаянным спадарожнікам дуба. Але сустрэць яго можна і сярод хвойных парод. Напрыклад, ва ўрочышчы “Верыны галы”, насупраць Васхода, дзе дарога вядзе ў былую вёску Вазон. Там растуць даволі вялікія сосны. А між імі ўдала прымасціліся грабы. І ў іншых месцах Лоеўскага лясніцтва сярод соснаў можна пабачыць гэтае дрэва. І сустрэць нават цэлыя дзялянкі.
Па шчыльнасці драўніна граба пераўзыходзіць нават такое моцнае дрэва як дуб. Яна вельмі цвёрдая, літаральна звініць пад ударамі сякеры. У яе з цяжкасцю ўгрызаюцца зубы не тое што ручной, а і механічнай пілы. І калі я бачу на вуліцах Лоева грабавыя дровы, то заўсёды думаю, колькі намаганняў і энергіі патрацілі на іх нарыхтоўку лесарубы. А калі гаспадыня ці гаспадар прыватнага домаўладання бярэ ў рукі бярэма расколатых грабавых дроў, то адразу адчувае іх значную вагу, нават калі яны добра прасушаныя.
Хоць грабавыя паленцы пасля згарання не даюць гарачага вуголля, як дубовыя, ясеневыя, бярозавыя дровы, але наганяюць тэмпературу вельмі высокую. Адзін мой зямляк невыпадкова гаварыў: “Гарыць грабняк у адным канцы печы, а чыгун з варывам кіпіць у другім”.
Раней драўніна граба мела больш шырокае прымяненне ў практычнай дзейнасці селяніна. Вяскоўцы гнулі з гэтага дрэва палазы для санак, якія добра слізгалі па снезе, доўга не сціраліся. Акрамя таго, рабілі зубчастыя перадачы ў вадзяных і ветраных млынах. У наш час граб выкарыстоўваюць для вырабу ручак некаторых інструментаў. А больш за ўсё, па-ранейшаму, — у якасці дроў для ацяплення жылых памяшканняў.
Гэтае дрэва, як ні дзіўна, дало назвы на Лоеўшчыне мясцовым урочышчам, стала асновай прозвішчаў і нават мянушак людзей. У паўночна-заходнім баку вёскі Пярэдзелка захавалася мясціна, якая носіць трапную назву “Грабнікі”. Хутчэй за ўсё, там гэтае дрэва расло спрадвечна. Мне расказвалі старажылы, што ў пачатку ХХ стагоддзя ва ўрочышчы таемна збіраліся сацыял-дэмакраты, якія вялі барацьбу з царскім самаўладдзем. Бачыў, што граб паступова заняў немалую плошчу на схіле высокай гары над Дняпром у паўночнай частцы той жа Пярэдзелкі. Расце нават цэлая алея гэтых дрэў там, дзе раней быў сад графіні Бараноўскай. І ў іншых месцах можна сустрэць гэтае ніколькі не экзатычнае дрэва. Магчыма, у населеных пунктах і захавалася яно таму, што вельмі непадатлівае для сякеры і пілы, моцнае, як крэмень, як характар нашых продкаў, загартаваных цяжкасцямі і складанасцямі жыцця.
М. Мельнічэнка, аматар прыроды.
