ЁСЦЬ СТАРАННЕ — БУДУЦЬ І ВЫНІКІ

Людзі працы


Лепшы, перадавы… Так звычайна называюць людзей, якія ў любой справе заўсёды наперадзе, якім неабыякава тое, чым жыве родны калектыў, гаспадарка, і хто нязменна прыкладае ўсе намаганні, каб яго ўклад у вытворчасць быў адчувальным, вагомым. Калі вы папросіце назваць такіх людзей на Крупейскай малочнатаварнай ферме, вам адразу ж пакажуць на аператараў машыннага даення кароў Валянціну Касцючэнка і яе дачку Надзею.


Сама Валянціна Мікалаеўна на ферме больш дваццаці гадоў, тут жа, побач, шчыруе і яе сын, які даглядае малочны статак, муж працуе вартаўніком. Так што, лічы, уся сям’я адну справу робіць, сапраўдны падрад Касцючэнкаў атрымліваецца.


— У снежні з розных гаспадарак да нас на ферму навазілі нецеляў, — расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Вера Крупейчанка. — Раздаіць іх, зрабіўшы з кожнай добрую кароўку — справа вельмі няпростая, але Валянціна Іванаўна згадзілася, таму яе групу мы расфарміравалі і дапоўнілі групы іншых даярак, а на гэтае месца паставілі 50 нецеляў.


На сённяшні дзень, па словах заатэхніка, расцялілася 25 галоў. Захаванасць атрыманых цялятак стопрацэнтная, ды і надоі неблагія. За студзень Валянціна Іванаўна атрымала са сваіх “навабранцаў” 9796 кг малака — штодзённы надой кожнай першацёлкі склаў у яе групе амаль 13 кілаграмаў. А гэта лепшы вынік у гаспадарцы.


Стараецца не адставаць ад маці і Надзея. У яе групе зараз 34 каровы, і хаця частка іх пакуль яшчэ ў запуску, паказчыкі аператара таксама нядрэнныя. Праўда, у разліку на кожную галаву надой у Надзеі крыху меншы, чым у маці, 12 кілаграмаў, затое валавы ў студзені склаў 12022 кг. Так што паспаборнічаць можна, тым больш што рэзервы для нарошчвання паказчыкаў у абедзвюх ёсць. Будзем назіраць за іх поспехамі.


НА ЗДЫМКУ: аператар машыннага даення кароў Крупейскай фермы ПСУП “Лоеў-Агра” Валянціна Касцючэнка і яе першацёлачкі.


Тэкст і фота Вольгі КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK