НАСТАЎНІК АД БОГА З ЧУЛАЙ ДУШОЙ ДА ДЗЯЦЕЙ

Настаўнік. Адно толькі слова, а як многа яно ўвабрала ў сябе. Здаецца, цэлы свет. Гэта — незвычайная прафесія, якая звязана з дзяцінствам і патрабуе… Ды чаго толькі не патрабуе прафесія настаўніка. Быць адначасова і выхавальнікам, і псіхолагам, і мастаком, і артыстам, і сябрам, і дарадцам. Ды мала яшчэ кім даводзіцца быць настаўніку! Яго працу нельга ўціснуць у рамкі працоўнага дня. Ён, здаецца, працуе на працягу сутак. Сшыткі, якія неабходна праверыць, сур’ёзная метадычная падрыхтоўка да ўрокаў, розныя пазакласныя мерапрыемствы і г. д. І ўсё для таго, каб не толькі навучыць дзяцей неабходнаму, але і захаваць у іх душах і сэрцах галоўнае — чалавечнасць. Вялікае шчасце сустрэць педагога, які вучыць дабрыні і справядлівасці. Добрага настаўніка не забываюць. Пра яго памятаюць заўжды. Да ліку такіх адносіцца Кацярына Саладуха, якая сее разумнае, добрае, вечнае ў вучняў раённай гімназіі. Яна не прызнае публічнасці, не імкнецца да папулярнасці і болей любіць расказваць не пра сябе, а пра літаратуру, пра вучняў, урокі.


Яна жыве працай, любіць дзяцей, таму сваю прафесію і сёння лічыць самай лепшай і найгалоўнейшай. Ёй яна прысвяціла ўжо амаль 40 гадоў. Спачатку К. Саладуха скончыла Лоеўскае педагагічнае вучылішча, працавала настаўніцай пачатковых класаў у вёсцы Старая Лутава. Але мілагучнасць роднай мовы, багацце і разнастайнасць яе слоўнікавага запасу прыгажосць і глыбіня літаратурных вобразаў яшчэ з юнацтва захаплялі Кацярыну Іванаўну. Таму вышэйшую адукацыю яна атрымлівала ў Мазырскім педагагічным інстытуце менавіта ў гэтым напрамку. І да цяперашняга часу не змяніла свайму выбару — працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры у раённай гімназіі. За ўсе гэтыя гады яна вучыла і вучылася, знаходзілася ў пастаянным пошуку новых метадычных распрацовак вядзення ўрокаў. Але задача Кацярыны Іванаўны не капіраваць тое, што ўжо створана іншымі, а самой выпрацоўваць стыль, тэхналогію падачы і засваення вучэбнага матэрыялу. І гэта дае свае вынікі — К. Саладуха мае вышэйшую катэгорыю і ганаровае званне выдатніка адукацыі. Яе вучні перамагаюць у раённых і абласных алімпіядах, на экзаменах заўсёды пацверджваюць свае веды.


А колькі дастойных выпускнікоў выхавала Кацярына Іванаўна! Многія з іх і сёння з цеплынёй успамінаюць свайго настаўніка, як таленавітага, улюбёнага ў сваю працу чалавека. Ды і цяперашнія школьнікі паважаюць сваю настаўніцу. Пра яе яны гатовы гаварыць бясконца. Галоўнае, яны навучыліся ў Кацярыны Іванаўны адказнасці за даручаную справу, уменню стрымліваць сябе, паводзіць з людзьмі далікатна і тактоўна, у любой сітуацыі знаходзіць кампраміс, ціха і спакойна вырашаць любыя жыццёвыя праблемы і цяжкасці. Як не любіць сапраўднага прафесіянала, з якім цікава, не сумна на ўроках! Яна ўмее знайсці індывідуальны падыход да кожнага вучня, дакладна і зразумела растлумачыць матэрыял, распрацаваць і прапанаваць цікавыя заданні.


Яе ўрокі — прыклад і для іншых настаўнікаў, вышыня, да якой неабходна імкнуцца, на каго трэба раўняцца. Як адзначае дырэктар гімназіі Наталля Каурава, у К. Саладуха ёсць чаму павучыцца. Ёй характэрны высокі прафесіяналізм, глыбокае веданне свайго прадмета, творчы падыход да справы, пастаяннае імкненне да творчасці і самаўдасканалення. Кабінет беларускай мовы і літературы, якім загадвае Кацярына Іванаўна, уяўляе своеасаблівую творчую майстэрню, дзе сабраны і сістэматызаваны багаты дыдактычны і метадычны матэрыял.


Пра такіх настаўнікаў, як К. Саладуха, гавораць, што гэта настаўнік ад Бога. Яна, сапраўды, таленавіты чалавек, майстар сваёй справы. І гэтаму майстэрству не вучаць ні ў школах, ні ў навучальных установах. Гэта прызванне, заклік душы і сэрца.


Алла ГОЛІК, «ЛК».

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK