Твае людзі, Лоеўшчына!
Анатоль Філіпавіч КУРЗІН. У вёсцы Ліпнякі, дзе ён жыве, ды і не толькі там, яго называюць “хадзячай энцыклапедыяй”. І гэта нездарма. Лепшага ветспецыяліста, чым Анатоль Філіпавіч, яшчэ пашукаць трэба. А краявед які! Гісторыю роднай вёскі ведае яшчэ з часоў сваіх далёкіх продкаў. Ды і сучаснасць Беларусі, яе эканоміка, палітыка, адносіны з іншымі дзяржавамі — заўсёды былі цікавыя пенсіянеру, любую размову падтрымае, у любым пытанні мае сваё, уласнае меркаванне.
У 1948 годзе, пасля заканчэння ветэрынарнага вучылішча А. Курзін працаваў ветурачом у калгасе, у вёсцы Баршчоўка. “Каля 46 гадоў я прахадзіў з сумкай на плячах, лячыў жывёлу. Адзін год, як бачыце, ужо і лішні ў працоўным стажы”, — з усмешкай успамінае Анатоль Філіпавіч. А колькі тых гадоў дабаўлялася пасля! І па сённяшні дзень, калі ўзнікаюць нейкія пытанні, праблемы з жывёлінай, вяскоўцы перш за ўсё шукаюць парады ў Філіпавіча. Нават уначы не замыкаліся дзверы хаты — ці мала што можа здарыцца, можа, каму дапамога спатрэбіцца.
Сэрца гэтага чалавека не ведае межаў пачуццям: шчырасці, дабрыні, спачуванню і чалавечнасці. Пражыўшы 85 гадоў тут, на роднай зямлі, Анатоль Філіпавіч беражліва адносіцца да ўсяго, што мае, што так люба яму і дорага. Таму і пра вёску сваю ведае і памятае шмат чаго: як яна зараджалася, як развівалася.
Сваімі ўспамінамі А. Курзін ахвотна падзяліўся і з намі. Хоць і нялёгкія яны, хоць і робіцца балюча на душы, і вочы напаўняюцца слязьмі, але ж у мінулае нельга не зазірнуць.
“Раней замест Ліпнякоў быў адзін лес, — расказвае Анатоль Філіпавіч. — Уладарылі на гэтых землях паны: Канапель і Прозар. Пазней гэтыя землі пачалі прадавацца. Прыдбалі сабе ўчасткі і сяляне: Петрачовы, Папраўкіны, Асадчыя, Мазаравы, Рудзішкіны і іншыя. Быў сярод іх і мой дзед — Даніла Курзін, які разам са сваёй сям’ёй пераехаў сюды жыць. Першыя жыхары гэтай мясцовасці старанна апрацоўвалі ўчасткі. Яны валілі лес, спальвалі яго, перабівалі глебу і сеялі проса. Добрыя дрэвы выкарыстоўвалі як матэрыял для будоўлі сваіх дамоў. Так і жылі — ціха, мірна, кожны ведаў сваю справу.
З часам прыйшла Савецкая ўлада, пачалі ўтвараць калгасы. Усё нажытае людзьмі трэба было аддаваць. Той, у каго не было жарабца, ды і жыў так-сяк — ахвотна ішоў у калгас, а ў тых, хто меў добрую гаспадарку, прыгожы дом, жадання развітвацца са сваімі нажыткамі не ўзнікала. Але ж, нягледзячы на ўсё, ворагаў супраць Савецкай улады ў нас не было.
Неўзабаве на нашу долю выпала вялікае гора — прыйшла вайна…”.
Крыху памаўчаўшы, Анатоль Філіпавіч працягваў далей. Перадаць словамі яго стан, позірк, пачуцці немагчыма. Ён расказваў пра партызан, пра здзекі фашыстаў і паліцаяў над людзьмі, пра тое, як на яго вачах гарэў склад з адзінаццаццю яго аднавяскоўцамі. “Быў там і Сямён Асадчы, і Мікіта Казіміраў са сваёй сям’ёй. Разам з бацькамі загналі ў гэты склад і дзетак… Каго адразу застрэлілі, а каго і не… На вуліцу выходзіць было небяспечна, але я, не паслухаўшыся камандзіра роты, усё ж пайшоў. Бачу — гарыць. Велічэзным полымем. І склад, і ўсе адзінаццаць чалавек. Мой дзядзька, які таксама быў сярод гэтых нясчасных, выламаў дзверы і, ахінуты агнём, бёг прама на немцаў… ”. Успаміны сапраўды былі балючымі. Узгадаў Анатоль Філіпавіч і сваіх родных братоў: Якава, Міхаіла і Аляксея, якіх забралі на фронт. Усе яны мужна змагаліся за сваю зямлю, не здаваліся ў палон, стаялі насмерць. Захавала памяць і шмат іншых вобразаў: дваюраднага пляменніка, які ўцякаў з палону, дваюраднай сястры. Узгадваючы кожнага, наш суразмоўнік нібы хацеў і нам перадаць свае пачуцці да кожнага, хто добрым успамінам застаўся ў яго сэрцы.
“Пасля таго як нашы салдаты вызвалілі Рэчыцу і Лоеўскі раён, мы прыехалі на Уборак, дзе засталося толькі некалькі хат. У той час немцы палілі ўсё, не шкадавалі нічога, але ж гэту вёску цалкам знішчыць не паспелі. З таго і пачалі разжывацца.
З вясны 44-га паціху адраджаліся калгасы. Як было цяжка. Галодныя, халодныя, але ўсё ж жылі. А калі закончылася вайна, колькі было радасці! Мы ўсе абдымаліся, цалаваліся і не маглі паверыць свайму шчасцю!
Пасля вайны пайшоў у школу, вучыўся, але акрамя таго трэба было знаходзіць час, каб дапамагаць дарослым, бо мужчынская сіла была патрэбная тады ў любой справе…”.
Анатоль Філіпавіч усё працягваў і працягваў свой расказ, з яго вуснаў, нібы журлівы ручай, выліваліся словы, такія простыя і ў той жа час напоўненыя глыбокім сэнсам. Крыху пасядзеўшы, ён узгадваў яшчэ нешта, яшчэ некага. І гэта нядзіўна. Таму, у каго ў жыці былі шчасце і гора, каханне і пакуты, хто стаяў твар у твар са смерцю, расказаць хочацца шмат. Каб ведалі. Каб помнілі. Каб бераглі мір і цанілі тое, што маем.
НА ЗДЫМКУ: Анатоль Курзін.
Тэкст і фота Марыі БУХАВЕЦ, “ЛК”.
