Развіццё і фарміраванне сацыяльна актыўнай асобы — адна з важнейшых задач сучаснага адукацыйна-выхаваўчага працэсу. Аб гэтым разважалі ўдзельнікі семінара-практыкума “Інавацыйны падыход да арганізацыі сацыяльнага партнёрства як умова развіцця сацыяльна актыўнай асобы”, арганізаванага на базе Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа.
У рамках правядзення мерапрыемства быў прадэманстраваны эфектыўны педагагічны вопыт выкладчыкаў сацыяльна-гуманітарных і прыродазнаўчых дысцыплін. Практычная частка ўключала семінарскі занятак па тэме “Прырода чалавека і сэнс яго існавання”, які правёў выкладчык П. Краўчанка.
Далей увазе ўдзельнікаў была прапанавана панарама эфектыўнага педагагічнага вопыту выкладчыкаў цыклавой камісіі. Навучэнец 2 курса Ягор Трацэўскі ў сваім выступленні паказаў уменні і навыкі падрыхтоўкі і правядзення экскурсіі ў музеі педкаледжа, сфарміраваныя ў працэсе работы ў клубе “Патрыёт”. Куратар 3 “Д” групы Н. Давыдоўская падзялілася вопытам наладжвання ўзаемаадносін у сістэме “куратар-група-каледж”, расказала аб супрацоўніцтве навучэнцаў групы са спецыялістамі аддзела па справах моладзі, ЗАГСа, ТЦСОН, музея Бітвы за Днепр, а таксама абазначыла тыя цяжкасці, якія існуюць у рабоце куратара, і некаторыя прыёмы па іх пераадоленні.
У гэты дзень выкладчыкамі было прапанавана і шмат іншай цікавай і карыснай інфармацыі на вызначаную тэматыку. Кіраўнік навуковага таварыства навучэнцаў “NEXT” В. Краўчанка прадставіла вопыт работы ўстановы па арганізацыі навукова-даследчыцкай дзейнасці выкладчыкаў і навучэнцаў. Т. Цішкова правяла трэнінг “Ланцужок жаданняў”. Л. Сямашка прапанавала анкету, у выніку якой можна было вызначыць узровень камунікабельнасці кожнага з апытаных.
У завяршэнне сустрэчы дырэктар педкаледжа Р. Каляда адзначыла актуальнасць закранутых на семінары пытанняў, заўважыўшы, што вопыт сацыяльнага партнёрства выкладчыкаў цыклавой камісіі дазваляе дзейнічаць паспяхова, стымулюючы актыўнасць навучэнцаў, наладжваючы партнёрскія сувязі. І гэта абавязкова прынясе свой плён.
Л. ПЕТРАВЕЦ, старшыня цыклавой камісіі сацыяльна-гуманітарных і прыродазнаўчых дысцыплін педкаледжа.
