Ваенны час змусіў і творчую інтэлегенцыю спазнаць суровыя выпрабаванні. Літаратары апраналі шынялі, змагаліся са зброяй у руках або працавалі ў армейскіх газетах, уваходзілі ў склад партызанскіх фарміраванняў і антыфашысцкіх падполляў. У беларускай літаратуры знайшла адлюстраванне тэма вайны, цяжкай, непасільнай, руйнуючай вёскі і гарады, людскія душы, поўная болю, расчараванняў, пакут і здзекаў.
Вайна і ваеннае супрацьстаянне маляваліся ў беларускай літаратуры па-рознаму. Спачатку на першым плане былі батальныя сцэны, подзвігі герояў, ваеначальнікаў і камандзіраў. Беларусь, звязаная з паказам вайны перамогаснай, маштабнай, эпахальнай, знайшла адлюстраванне ў творах І. Гурскага, М. Ткачова, К. Губарэвіча, А. Маўзона, І. Мележа, М. Лынькова. Гучалі заклікам да святой барацьбы з захопнікамі паэтычныя радкі вершаў Я. Купалы, П. Броўкі, М. Танка, А. Куляшова і А. Зарыцкага.
У канцы 50-х- пачатку 60-х гадоў пісьменнікі нарэшце звярнуліся да суровай праўды ваеннага часу і амаль з дакументальнай дакладнасцю пачалі паказваць яго жорсткасць, пакуты чалавека ў гэты перыяд. Загаварылі пра кар’ерызм на фронце, спробу захавацца за чужымі спінамі, імкненне любой цаной выжыць у крывавай бойні. На літаратурную арэну прыйшло пакаленне паэтаў і пісьменнікаў, чыё дзяцінства было “абпалена” вайной. Гэта Р. Барадулін, Н. Гілевіч, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін, В. Зуёнак, П. Макаль, А. Лойка і інш. Менавіта ў гэты перыяд у літаратуры з’явіўся новы герой — радавы баец, просты салдат, на плечы якога і лёг асноўны цяжар вырашэння ваеннага канфлікту. В. Быкаў заўсёды востра і бескампрамісна праўдзіва адлюстроўваў дзеянні і характары ўдзельнікаў вялікай бітвы.
Інфармацыйны выбух, які адбыўся ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў, разбурыў ранейшы погляд на мінулае і адкрыў прастору для новых ведаў пра вайну — як падзеі ўсеагульнага знявечання і разбурэння. У гэтым рэчышчы напісаны аповесці В. Быкава “Знак бяды”, “У тумане”, “Кар’ер”, раманы І. Навуменкі “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці”, “Смутак белых начэй”, І. Чыгрынава “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві”, А. Адамовіча “Вайна пад стрэхамі”, “Сыны ідуць у бой”, І. Шамякіна “Ахвяры” і інш.
Сярод твораў мемуарнага жанру называюцца дзённікавыя запіскі, развагі, успаміны, расказы ўдзельнікаў і сведак вайны, сабраныя ў кнігах нарысавага і дакументальна-гістарычнага плану. “Гавораць загінуўшыя героі. Перадсмяротныя лісты савецкіх барацьбітоў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1941-1945)”, “Салдаты паміралі са зброяй”, “Жывая памяць пакаленняў”, “Героі падполля”, “У тылу ворага” і інш. У іх прываблівала жывая канкрэтыка, рэальнасць падзей. На гэты ж перыяд прыпадае выхад унікальных кніг з успамінамі выжыўшых ахвяр: “Я з вогненнай вёскі”, “Блакадная кніга”, “У вайны не жаночы твар”, “Апошнія сведкі” і інш.
Сёння літаратура намаганнямі многіх пакаленняў пісьменнікаў паглыбляе памяць і ўяўленне пра вайну, паказваючы яе ва ўсёй праўдзівасці перажытага і выпакутаванага народам. У гэтым вялікая заслуга А. Сульянава, А. Кузьміча, А. Шашкова, А. Махнача, П. Місько, В. Трыхманенкі і інш.
Творы беларускіх пісьменнікаў — гэта сведкі самога жыцця, яго жывы подых, галасы, якім ніколі не змоўкнуць. Гэта невычэрпная крыніца мужнасці і веры ў будучае. Цікавасць да твораў гэтай тэматыкі выклікана не толькі патрэбамі сённяшняга дня. Дзякуючы літаратуры і мастацтву, вобраз вайны будзе жыць у памяці наступных пакаленняў, якія павінны ведаць, што такое вайна, каб у будучым не дапусціць паўтарэння жудаснай трагедыі.
С. ШУМІГАЙ, бібліёграф ІІ катэгорыі ЦРБ.
