
…Святая беларуская зямля. Як не любіць яе? Як не прызнавацца ёй у каханні? І яны, удзельнікі грамадска-культурнай акцыі “Беларусь у маім сэрцы”, любяць і прызнаюцца, а разам з імі — усе мы, хто душой і сэрцам адчувае сябе сапраўднымі беларусамі, удзячнымі дзецьмі нашай роднай беларускай старонкі.
Гэтая акцыя стартавала ў рэспубліцы яшчэ ў лютым і стала сапраўды ўдалай спробай аб’яднаць лю-дзей розных поглядаў і інтарэсаў, пазнаёміць іх з творчасцю айчынных выканаўцаў, а нацыянальныя каштоўнасці нашай краіны, яе багацейшую культурную спадчыну зрабіць даступнымі для жыхароў усіх рэгіёнаў нашай краіны.
Першым мерапрыемствам акцыі стаў канцэрт да Дня ўсіх закаханых, які быў арганізаваны ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балету. А затым урачыстае шэсце майстроў народнай творчасці рушыла па ўсіх рэгіёнах рэспублікі, дорачы беларусам незабыўныя сустрэчы з лепшымі музычнымі калектывамі і салістамі.
У пятніцу, 8 чэрвеня, удзельнікі акцыі завіталі і на нашу Лоеўшчыну. Прычым жыхарам нашага раёна сапраўды пашанцавала — на сцэне раённага дома культуры сваё майстэрства дэманстравалі зоркі сусветнай велічыні — інструментальны ансамбль “Лірыца” Гомельскай абласной філармоніі ў скла-дзе прафесійных музыкантаў, лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за духоўнае адраджэнне і Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі Трафіма Анціпава (баян), Алены Сочневай (цымбалы) і Андрэя Сочнева (кантрабас).
Створаны ансамбль у 2000 го-дзе ў Рэчыцы і за час існавання паспеў запісаць на свой рахунак мноства пераканаўчых перамог рэспубліканскага і міжнароднага значэння. На сусветнай арэне, у галіне народнай інструментальнай музыкі, гэты калектыў, бясспрэчна, з’яўляецца зоркай першай велічыні. Мабыць, не знойдзецца такой краіны ў Еўропе, дзе б ансамбль “Лірыца” не выступаў з канцэртам. Прафесіяналізм, талент і віртуознасць гэтых выканаўцаў, дапоўненыя душэўнай прыцягальнасцю, адкрытасцю, шчырасцю і дабрынёй сэрцаў, не засталіся незаўважанымі і ў нашай краіне. У 2010 годзе ансамбль атрымаў Прэзідэнцкую прэмію “За значныя дасягненні ў прапагандзе народнай інструментальнай музыкі” ад Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі асабіста, а гэта сведчыць аб многім.
У рэпертуары трыа — класічныя творы, арыгінальныя працы сучасных кампазітараў, аранжыроўкі і варыяцыі на тэмы рускіх і беларускіх народных песень. Многія з гэтых твораў у жывым выкананні змаглі пачуць і лаяўчане. Упэўнена, уражанні ад канцэрта ва ўсіх засталіся самыя яркія і незабыўныя. Спроба дакрануцца да нечага святога і вечнага ўдалася. Адзінае, аб чым можна было пашкадаваць у гэты вечар, — што не ўсе лаяўчане прыйшлі на канцэрт. Паверце, страцілі шмат.
Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.
