Сяўкі. Напэўна, кожны, каму некалі выпадала пабываць у гэтай вёсцы, заўважыў, што яна адрозніваецца ад усіх астатніх. Паглядзець толькі на адну цэнтральную вуліцу! Уся яна прываблівае позірк беластволымі бярозкамі, якія «расцягнуліся» ўздоўж дарогі. Адметным у Сяўках з’яўляецца і працавітасць яе жыхароў, якія клапоцяцца не толькі пра сваю гаспадарку, сваіх родных, але ж і пра той куточак, дзе жывуць. Усімі намаганнямі стараюцца трымаць сваё жыллё ў чысціні, неяк упрыгожыць яго, каб утульна было і самім, і суседзям.
Каля сваіх двароў гаспадыні насадзілі вялікую колькасць рознакаляровых кветак. Тут можна пабачыць і шматлікія віды лілей, і цудоўныя хрызантэмы, якія знайшлі сваё месца не толькі ў адкрытым грунце, але і на цікава аформленых клумбах. Каля агароджы многія расклалі камяні, у кагосьці яны нават пафарбаваныя. Не затрымаць позірк немагчыма, бо ад такой прыгажосці іграе ўсімі колерамі вясёлкі сама вуліца.
Прыемна, што гаспадыні, гледзячы адна на адну, нешта пераймаюць і дадаюць сваё. Так і жывуць яны ўсе — сваёй вёсачкай, сваімі Сяўкамі.
Марыя Бухавец, “ЛК”.
