Нашы традыцыі
Ноч на 7 ліпеня ў славянскіх народаў адзначаецца як Ноч Івана Купалы. Спрадвеку дзяўчыны вілі вянкі і пускалі іх па вадзе, прыгадваючы прыкметы, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Песнямі суправаджаліся пошукі міфічнай папараць-кветкі, вадзіліся карагоды, распальвалася вогнішча…
У Беларусі Купальскую ноч адзначаюць амаль па ўсіх вёсках і гарадскіх пасёлках, на ўскраінах вялікіх гарадоў. Не застаюцца ў баку і лаяўчане. І што цікава, ніхто не прымушае мясцовых жыхароў збірацца на плошчы ў гэты чароўны вечар, каб паглядзець тэатралізаванае прадстаўленне, стаць удзельнікамі карагодаў і ігрышчаў, пераскочыць цераз вогнішча, пакаштаваць нечага смачнага, а самае галоўнае — адпачыць, акунаючыся ў часы даўніны. А дапамагае ў гэтым касцюміраванае прадстаўленне.
Дарэчы, асабіста мне, ды і многім іншым гледачам, з якімі пасля дзяліліся ўражаннямі, вельмі спадабалася выступленне навучэнцаў 1 “В” групы педагагічнага каледжа і гурткоўцаў раённага дома культуры. Пад кіраўніцтвам Вольгі Суржык яны данеслі да гледачоў цікавую версію чароўнай гісторыі пра Купальскую ноч. Перад вачыма гледачоў разгарнулася чароўная карціна — пра дзяўчын, якія трапілі да вядзьмаркі — некалі незвычайнай прыгажуні, чый вянок быў зачараваны, — і закаханых у іх юнакоў, якія не пакінулі ў бядзе сваіх выбранніц. І, безумоўна ж, шчаслівае заканчэнне усёй гэтай гісторыі. Заварожвалі моцныя і чыстыя галасы спевакоў, сучасныя танцы, гукавыя спецэфекты. Словам, сумесныя старанні культработнікаў і рабят трымалі ўвагу гледачоў на працягу ўсяго прадстаўлення. А гэта, згадзіцеся, гаворыць пра адно — самадзейным артыстам удалося звязаць сучасную рэчаіснасць з даўнімі традыцыямі нашага народа.
Як і ў даўніну, зараз гэтае свята заканчваецца запальваннем апоўначы вялізнага рытуальнага вогнішча. На беразе ракі запалала яно горача і яскрава. Цераз яго, праўда, ніхто не наважыўся скакаць, але вадзіліся карагоды пад спевы песні “Ой, рана на Івана”, ствараўся вялізны “ручаёк” з дарослых і дзяцей. З усіх бакоў чуліся жарты, смех — словам, настрой панаваў вясёлы.
На працягу свята працавалі гандлёвыя рады Лоеўскага райспажыўтаварыства, дзе прапанаваліся разнастайныя харчовыя тавары, водар ад шашлыкоў напаўняў наваколле, запрашаючы наведвальнікаў. А на цэнтральнай плошчы была арганізавана дыскатэка, дзе танчылі і дарослыя, і дзеці.
Нашы продкі верылі, што ў чароўную Купальскую ноч тым, хто знойдзе папараць-кветку, трэба сарваць яе, заціснуць у далоні і бегчы з усіх ног дадому, ні на што не звяртаючы ўвагу, каб не трапіць у палон цёмных сіл. Толькі тады ўладальнік кветкі можа ператварыцца ў надзвычай багатага чалавека, паколькі яму стануць відавочнымі ўсе таямніцы і скарбы. А вось пра тое, вырашыў хто з лаяўчан адправіцца на пошукі ці не, мы не ведаем.
Тэкст і фота Людмілы Краўцовай, “ЛК”.
