Шчасце — як яно ёсць

Маладая сям’я ў вёсцы

Пасля заканчэння вучобы і набыцця прафесійнай адукацыі моладзь часта не спяшаецца ў невялікія населеныя пункты, а імкнецца застацца ў горадзе. Але ж ёсць нямала і тых, хто ўсё роўна вяртаецца ў сваю родную вёску, звязвае сваю дзейнасць з працай у сельскагаспадарчай вытворчасці. Такія маладыя сем’і — клапатлівыя, працалюбівыя, у якіх сапраўды ёсць павага і любоў адзін да аднаго, пачуццё адказнасці за сваіх дзетак, дзе ўмеюць цаніць усё тое, што маюць — сапраўднае багацце любой вёскі. І ў нашым раёне такіх таксама шмат, у тым ліку і ў Ручаёўскім сельсавеце, у які зусім нядаўна мы наведаліся.

Што неабходна для шчасця вяскоўцу? Адказ на гэтае пытанне мы і хацелі пачуць ад сям’і Котавых, у адрас якой старшыня Савета Валянціна Краўчанка выказала нямала самых цёплых слоў.

…На стук у дзверы ніхто не адгукнуўся, але было добра бачна, што нехта з гаспадароў усё ж дома быў, з адчыненага акна даносіўся дзіцячы смех, бы гучненькі званочак. Тады я наважылася самастойна зайсці ў дом.

— Добры дзень. Ці ёсць хто? — запытала я і адразу заўважыла двух маленькіх хлопчыкаў, роўных, нібы грыбочкаў. Яны з цікавасцю пазіралі на мяні з іншага пакоя (на самай справе яны і былі роўныя, вельмі падобныя адзін на аднаго, бо двайняты).

— Добры дзень, — неяк разгублена адказала мне маладая жанчына. Як аказалася, менавіта яна і з’яўляецца клапатлівай маці тых самых хлапчукоў. — Праходзьце, калі ласка, сядайце. А вы, Андрэйка, Сашка, цішэй крыху. Зусім саб’еце з ног Аленку, яна ж яшчэ маленькая.

І сапраўды, маленькая, з чорненькімі, нібы гузікі, вочкамі дзяўчынка, стоячы каля дывана, ціхенька пазірала на сваіх братоў. Трое дзетак, гаспадарка — як жа з усім гэтым спраўляецца Наталля Котава? У Ручаёўцы вам на гэтае пытанне адкажа калі не кожны, то многія. Толькі дзякуючы сваёй старанасці, любові да сям’і, гэтая маладая жанчына ў свае дваццаць пяць гадоў мае тое, да чаго людзі ідуць усё жыццё.

— У свой час скончыла Гомельскі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт, працавала прадаўцом у магазіне Лоеўскага райспажыўтаварыства, а цяпер вось ужо пяты год сяджу ў дэкрэтным водпуску, — пры гэтых словах маладая маці з пяшчотай глянула на сваё самае дарагое, што ні ёсць у свеце, багацце, прыемна ўсміхулася. — Сашка і Андрэйка наведваюць дзіцячы садок — яны ў нас ужо вялікія, па чатыры гады споўнілася (ад такіх характарыстык хлапчукі адразу ж пасур’ёзнелі, прыціхлі, маўляў, вось, пабачце, якія мы дарослыя, як добра пра нас гаворыць матуля). Расказала нам Наталля і пра свайго мужа, Аляксея, які працуе механізатарам у КСУП “Зара”.

— Сам ён родам з Баршчоўкі. Пасля заканчэння Рэчыцкага каледжа працаваў у КСУП “Малінаўка-Агра”, а пасля пераехалі ў Ручаёўку (сама я адсюль). З самай раніцы і да позняга вечара наш татка на полі. А цяпер, з надыходам “гарачай” пары ўборкі ўраджаю і ўвогуле прыходзіць дамоў вельмі позна. Дзеці кладуцца спаць, не дачакаўшыся таты. Але ж што рабіць? Ён жа ў мяне працавіты. У гаспадарцы пра яго ніколі дрэннага слова не скажуць, ды і дома майстар на ўсе рукі.

Тое, што Аляксей сапраўдны гаспадар, мы адразу заўважылі — дом, які сям’і выдзеліла кіраўніцтва КСУП “Зара”, дагледжаны. І сама Наталля не сядзіць на месу. І парадак падтрымліваць з трыма малымі дзеткамі — справа няпростая, і на кухні часу праводзіць нямала — хоць і ведае, што муж у ежы не пераборлівы, але ж усё роўна стараецца прыгатаваць штосьці смачнае.

Вясковая сям’я жыве вясковымі клопатамі. Трымае невялікую гаспадарку, даглядае агарод. А калі мы запыталі ў Наталлі, ці ёсць у яе час на сябе, яна толькі ўсміхнулася:

— Які там час? Хочацца ж усюды паспець, столькі ўсяго зрабіць…

*** Прыемныя, добразычлівыя людзі. Менавіта такое ўражанне склалася ў мяне пасля сустрэчы. І шкада, канешне, што не ўдалося зрабіць здымак усёй сям’і — гаспадар быў на рабоце. Але ў гэтым нумары яго фота таксама ёсць — на першай паласе, як і належыць аднаму з лепшых хлебаробаў гаспадаркі і раёна. Такі вось у Наталлі муж. Адразу відаць, шчаслівая жанчына.

Марыя БУХАВЕЦ, “ЛК”. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK