«Малюе» іголкай і ніткай

Багата наша лоеўская зямелька шчырымі, працавітымі людзьмі, якія заўсёды клапоцяцца аб сваім родным куточку, робячы яго яшчэ прыгажэйшым, яшчэ цікавейшым. Сярод іх шмат і тых, хто шчыра зберагае і папаўняе скарбніцу нашай нацыянальнай культуры, нягледзячы на штодзённыя клопаты, хатнюю гаспадарку, знаходзіць час і для сваёй любімай справы. Менавіта гэтым і жыве гераіня нашай публікацыі Валянціна Музычэнка з вёскі Цясны (на фота).

— Ужо пяцьдзесят гадоў, як вышываю, — шчыра ўсміхаючыся адказала нам жанчына. — Як навучыла ў дзяцінстве маці мяне і маю малодшую сястру рукадзеллю, так і па сённяшні дзень не магу ўжо без гэтай працы. Нават тады, калі выйшла замуж і нарадзіліся дзеткі, хвілінка, каб узяць іголку з ніткай, усё ж такі знаходзілася. Вышывала шмат. Упрыгожвала рознымі кветкамі посцілкі, ручнікі, абрусы. І цяпер вось, пад старасць, хоць і зрок крыху паслабеў, ды і рукі пасля таго, як напрацуешся за дзень, не слухаюцца, усё ж не кідаю сваёй справы…

У доме, дзе жыве Валянціна Сяргееўна, панавалі надзвычайныя чысціня і парадак. Смачна пахла з печы наварыстым баршчом і аладкамі. Бо сям’я ў жанчыны вялікая, шмат ужо і ўнукаў, якія з задавальненнем прыязджаюць да сваёй бабулі, хочацца ж іх пачаставаць нейкімі прысмакамі. У кожным пакоі каля ўваходу ляжалі самаробныя палавікі, на канапе і ложках — прыгожыя накідкі. З-пад шкла партрэтаў, нібы гэта былі і не фотаздымкі, пазіралі на нас чатыры маленькія хлопчыкі — дарослыя цяпер ужо сыны Валянціны Сяргееўны. Але як мы ні шукалі позіркам вышываных карцін з цюльпанамі ці бэзам — усё роўна не знайшлі… Бо ўпрыгожвалі сцены гэтага ўтульнага і напоўненага дабрабытам дома вышываныя іконы, гледзячы на якія адразу адчуваеш, як святлее на душы, а ў сэрцы з’яўляецца пачуццё спакою і лагоды.

На імгненне нават здалося, што абразы святых намаляваныя фарбамі, але ж на самой справе вышытыя яны крыжыкам. Кожныя адценні нітак падабраны не толькі з густам, але і прафесійна. Але ж адкуль той прафесіяналізм? Працавала жанчына, як і ўсе на той час, у калгасе, даіла каровак, хадзіла ў брыгаду.

— Вышывала розныя ўзоры, а вось іконы пачала я значна пазней, — і, трымаючы ў руках нейкую тканіну, дадала: — А вось мая наступная, яшчэ не дапрацаваная работа…

Нават на гэтай недапрацаванай рабоце ўжо была добра бачна вышытая прыгожымі літарамі малітва «Ойча наш».

— Амаль што ўсім сваім сыночкам я падарыла такія вышыўкі. Вось хачу яшчэ ікону Прасвятой Параскевы выканаць. Толькі трэба схему знайсці, ды ніткі купіць.

Падчас размовы з майстрыхай мы не маглі адвесці погляду ад яе работ, якія ўражвалі не толькі сваёй велічнай прыгажосцю, а і разуменнем таго, колькі часу і цярпення ўкладзена ў кожную карціну. А яшчэ — унутранаму стану Валянціны Сяргееўны, бо ў кожную вышыўку ўкладзена часцінка яе душы. Ды і “ўдыхнуць” жыццё ў задумку — гэта надзвычай вялікая праца.

— Канешне, шкада, што шмат вырабаў, якія былі выкананы раней, не захаваліся, але ж тое, што ёсць, старанна берагу… Шмат хто хацеў купіць у мяне вышываныя іконы, але ж я заўсёды адмаўляла. Хіба яно грошай каштуе? Вось каб у Храм Божы — гэта ўжо іншая справа.

***

Нягледзячы на тое, што твар жанчыны з цягам часу ўпрыгожылі маршчынкі — добра бачна, што ў душы яна зусім яшчэ маладая. Бо працуе жанчына са шчырай заўзятасцю. Не толькі ў хаце ўтульна, але ж і на падворку ўсё, як мае быць. А пад вокнамі і ўздоўж сцежкі красуюцца кветкі… такія ж прыгожыя, як і вышыўкі, што атрымліваюцца ў Валянціны Музычэнкі.

Марыя БУХАВЕЦ, «ЛК».

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK