Вёска Міхалёўка, што ў Лоеўскім раёне, размешчана сярод лясоў. Калісьці праз іх працякалі невялікія рэчкі, якія з цягам часу ператварыліся ў лясныя азёры, што потым сталі балотамі, дзе вадзілася рыба. Таму гэты край здаўна аблюбавалі для жыцця паляўнічыя і рыбакі, якія да таго ж умелі сярод пушчы зладзіць поле і на ім вырасціць багаты ўраджай.
Людзі жылі тут мужныя і смелыя. У гады Вялікай Айчыннай вайны многія з іх пайшлі ў партызаны. І можа таму, пераправіўшыся восенню 1942 года праз Дняпро і выгнаўшы з Лоева фашыстаў, славуты партызанскі камандзір Сідар Арцёмавіч Каўпак затым спыніўся на некалькі дзён са сваім штабам у Міхалёўцы. Жыў у хаце мясцовай жыхаркі Аксінні Пінчук. Вельмі хваліў беларускую бульбачку. Гаварыў гаспадыні, што вось выганім немцаў адсюль, дык і ў Міхалёўцы солі ўдосталь будзе, і сала, і бульбачка пачне радзіць больш буйная.
Так яно і сталася, як гаварыў славуты партызанскі камандзір. Толькі з поля зроку пачала знікаць сама вёска Міхалёўка. Усё менш жылых хат застаецца ў ёй. Старыя жыхары адыходзяць у нябыт, а маладыя перабраліся ў гарады.
Але ў гэтую першую жнівеньскую суботу Міхалёўку было не пазнаць. Дзесяткі легкавых машын ездзілі па яе затравелых вулачках, а на самай прасторнай вуліцы, Новай, у чаканні дарагіх гасцей былі расстаўлены сталы, засланыя вышыванкамі…
А госці былі адусюль: з Масквы і Санкт-Пецярбурга, з Навасібірска і Бранска, з Гомеля і Лоева… З усіх канцоў былога Савецкага Саюза прыехалі яны ў гэты куточак беларускага Палесся на спатканне з Радзімай, на дзень роднай вёскі, роднай школы.
Гэтай традыцыі міхалёўцаў звыш дзесяці гадоў. Напачатку свята было прымеркавана да дня адкрыцця палявання, але потым у вёсцы палічылі, што гэта звужае кола былых яе насельнікаў, якія б хацелі прыехаць у родныя мясціны. І тады вырашана было адзначаць дзень Міхалёўскай школы. А гэта значыць, што свята было не толькі міхалёўцаў, але і жыхароў вёсак Пустая Града, Грамыкі, Тучкі, Ястрабка, якія былі таксама яе выпускнікамі.
Ініцыятарам стварэння гэтай традыцыі стаў Мікалай Мікалаевіч Шульга, сын партызанскага разведчыка і былога настаўніка Міхалёўскай школы Мікалая Міхайлавіча Шульгі. Мікалая Мікалаевіча ў Міхалёўцы цяпер ласкава называюць “нашым мэрам”. Гэта дзякуючы яго намаганням на свята школы і вёскі кожную восень прыязджаюць да двухсот і больш былых выпускнікоў школы. Кожны з іх расказвае пра тое, як склаўся яго жыццёвы лёс, пра свае планы на будучыню.
На гэты раз свята Міхалёўскай школы было крыху незвычайным. На яго прыехаў былы выпускнік школы, былы яе дырэктар, а цяпер пісьменнік, журналіст, даследчык, аўтар звыш дзесяці дакументальных фільмаў Рыгор Андрэявец. Перад прысутнымі выступіла заснавальніца вядомага ў Гомелі літаратурнага салона “Сустрэчы на Замкавай” Наталля Малашэнка, якая расказала пра творчасць іх знакамітага земляка. Літаратуразнаўца адзначыла, што Рыгор Андрэявец не толькі выдаў каля дзесяці сваіх уласных кніг, але і заснаваў на Гомельшчыне літаратурна-гістарычны і грамадска-палітычны часопіс “Палессе”, які выходзіў з 1996-га па 2006 год і друкаваў творы на трох мовах: рускай, беларускай, украінскай. За высокі ўзровень выдання галоўны рэдактар Рыгор Андрэявец быў узнагароджаны Міжнароднай прэміяй імя Баяна.
У 2002 годзе ў прэстыжным маскоўскім ваенным выдавецтве выйшла кніга Р. Андрэяўца “Беларусы ў Расіі”, дзе ўпершыню былі дадзены звесткі аб рассяленні беларусаў па ўсіх рэгіёнах Расіі, аб дзейнасці беларускіх зямляцтваў і нацыянальна-культурных аўтаномій. За гэтую кнігу аўтар стаў лаўрэатам прэміі прафесійнага прызнання “Лепшыя пёры Расіі”, заснавальнікамі якой з’яўляюцца асацыяцыя журналістаў Расіі, расійскі саюз прафесійных літаратараў. Аўтарытэтнае журы ўзначальвае народны артыст СССР Ігар Кірылаў. У свой час лаўрэатамі прэміі былі Эдвард Радзінскі, Арцём Баравік, Генадзь Селязнёў і інш.
Кнігі Р. Андрэяўца выклікаюць палеміку не толькі ў чытачоў, але і ў навукоўцаў, настолькі смелыя і арыгінальныя гіпотэзы прапаноўвае аўтар. Манаграфія “Жыццё Францыска Скарыны” — гэта не толькі невядомае пра славутага першадрукара, але і клопат пра чытачоў-школьнікаў, настолькі зразумелы і захапляльны тут стыль расповеду. Скарына прадстаўлены і асветнікам, і прадпрымальнікам, і пісьменнікам.
Усе кнігі пісьменніка знайшлі дарогу да чытача. Апошняя з іх — “Капітан Франц”, якая распавядае пра палітычную разведку ва ўмовах афганскай вайны, — наогул паставіла рэкорд: увесь наклад яе разыйшоўся менш, чым за месяц.
Перад землякамі выступіў і сам аўтар. Рыгор Андрэявец прачытаў урывак свайго твора, дзе расказваецца пра Міхалёўскую школу і яе вучняў і настаўнікаў. Трэба сказаць, што праз усю творчасць пісьменніка праходзіць тэма непарыўнай сувязі з роднымі мясцінамі. Той куточак зямлі, што ён носіць у душы, дапамагае пераадольваць жыццёвыя нягоды, стымулюе творчасць, не дазваляе расслабляцца і спачываць на лаўрах.
На вясковым свяце таксама выступіў гомельскі паэт Уладзіслаў Шышыгін, які прачытаў некалькі сваіх вершаў. Невялікі канцэрт падрыхтавалі навучэнцы Уборкаўскай сярэдняй школы. Сярод музычных твораў была і песня пра Міхалёўку.
Позна вечарам закончылася свята. Былыя школьнікі раз’ехаліся па сваіх гарадах. Але ў сэрцы будзе заўжды іх родны куток, любімая школа. “Жыві, Міхалёўка! — гавораць яны на развітанне, — мы заўсёды будзем вяртацца да цябе. Да новых сустрэч!”.
Наталля ДРАЗДОВА, жыхарка Гомеля.
