Газета «КАЛГАСНІК». 1936 год
26.01.36 г.: «Майстры высокай ураджайнасці»
«У сталіцу БССР на нараду перадавікоў ураджайнасці, якая адбылася 25 студзеня, з’ехаліся лепшыя людзі калгасаў, саўгасаў, МТС. Прыбыўшыя дэлегаты маюць высокія паказчыкі ў сваёй рабоце.
Ад нашага раёна на нараду перадавікоў ураджайнасці выехалі Кавалёў Ігнат Н. — радавы калгаснік арцелі “Рашучы” Карпаўскага сельсавета, Лысы Саўка Е. — звеннявод і інспектар па якасці арцелі “Гомельскі пралетарый” Баршчоўскага сельсавета, Равянок Рыгор П. — брыгадзір арцелі “12 кастрычнік” Ліпнякоўскага сельсавета, Коваль Цімафей К. — брыгадзір арцелі “Дняпроўская камуна” Пярэдзельскага сельсавета, Логіс Сямён Ф. — звеннявод арцелі імя Жданава Страдубскага сельсавета».
22.03.36 г.: «Стаханаўскае звяно Моці»
«Звяно Андрыянец Моці калгаса “Чырвоны сцяг” Бывалькаўскага сельсавета рыхтуецца да атрымання стаханаўскага ўраджаю. Узяты абавязкі на брыгадным сходзе калгаснікаў атрымаць у гэтым годзе з участка свайго звяна 40 цэнтнераў зернявых і 400 цэнтнераў ільновалакна з кожнага гектара».
20.07.36 г.:
«Па ўсім Савецкім Саюзе разыходзіцца прадукцыя Лоеўскага завода “Фарбацвет” для патрэб будаўніцтва, паліроўкі люстраў і акуляраў. Фарба для паліроўкі “Крокус” раней прывозілася з-за мяжы, а зараз вырабляецца заводам. За першае паўгоддзе вытворчы план выкананы на 113 працэнтаў».
«У другім квартале 1936 г. грузазварот Лоеўскай прыстані складае 87 017 тон. За гэты ж час у Лоеў прыбыло 4013 і выехала 5268 пасажыраў».
Газета «КАЛГАСНАЯ ПЕРАМОГА». 1938 год
12.10.38 г.: «Перадавы трактарыст»
«Лепшым трактарыстам Лоеўскага МТС лічыцца Афанасенка Сямён. На трактары ХТЗ тав. Афанасенка ўзараў 432 га мяккай пахаты пры планавым заданні 370 га. За ўвесь гэты час тав. Афанасенка зэканоміў 291 кг гаручага».
22.10.38 г.: «Будаўніцтва вялікага млына»
«У м. Лоеў у гэтым годзе пачынаецца будаўніцтва вялікага млына. Ужо праведзены пошукавыя работы. Вядзецца расчыстка пляцу і нарыхтоўка будматэрыялаў. Будынак млына будзе камянны, трохпавярховы, абсталяваны па апошняму слову тэхнікі. На будаўніцтва млына асігнавана 23 600 руб.».
4.01.39 г.: «Тэлефанізацыя сельсаветаў»
«Зараз заканчваецца тэлефанізацыя Казярожскага і Шарпілаўскага сельсаветаў. Гэтыя лініі ўступаюць у эксплуатацыю праз некалькі дзён. Акрамя гэтага, мястэчка Лоеў ужо мае прамую тэлефонную лінію з абласным цэнтрам Гомель».
12.03.39 г.: «50 новых радыёкропак»
«Лоеўскі радыёвузел да адкрыцця 18 з’езда ВКП (Б) устанавіў 50 новых радыёкропак. 35 новых радыёкропак устаноўлена ў калгасе імя Сталіна Крупейскага сельсавета. Акрамя гэтага, радыёвузел устанавіў новае абсталяванне. Устаноўлены ўзмацняльнік на 200 ват, які дасць магчымасць устанавіць у раёне 1500 радыёкропак».
18.07.39 г.: «Перадавікі на жніве»
«У калгасе «Авангард» Ліпнякоўскага сельсавета калгаснікі закончылі жніво ячменю і прыступілі да жніва жыта. Жнеі Курдзесава Е., Гладчанка В., Палюкова С., Рагачова А. выконваюць нормы на жніве на 200 працэнтаў».
3.12.39 г.: «У Маскву на Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку»
«5 жніўня ў Маскву на Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку выехала 36 чалавек — удзельнікаў выстаўкі і гасцей — лепшых стаханаўцаў калгасаў нашага раёна. Сярод удзельнікаў выстаўкі знатныя людзі раёна — ардэнаносец, загадчык аўцафермы калгаса «Гомельскі пралетарый» Рыгор Міронавіч Барушкоў, Елізавета Акімаўна Грань — даглядчыца цялят калгаса «Дняпроўская камуна», узнагароджаная медалём «За працоўную адзнаку» і іншыя».
Газета «НАША ПЕРАМОГА». 1943 год
«Да працоўных Лоеўшчыны» (з перадавога артыкула газеты “Наша перамога” ад 27.09.43 г.):
«…Вы чуеце гул артылерыйскай страляніны. Гэта Вашы сыны і браты, бацькі і мужы спяшаюцца вызваліць Вас з нямецкай няволі. Дапамагайце ж хутчэй разграміць нямецкіх звяроў, наблізіць час перамогі! Хто як можа — шкодзьце здыхаючаму ворагу! Не давайце праклятым зладзеям паліць Вашы хаты, заганяць у нямецкую няволю беларускі народ. Пры спробе немцаў загнаць, разбягайцеся ў лясы і балоты, дапамагайце граміць нямецкія тылы, пераразайце правады, падпальвайце склады, паліце масты, разрушайце дарогі. Уважліва прыглядайцеся, дзе немцы расстаўляюць міны, для таго як падойдуць часці Чырвонай Арміі, паведаміць ім аб месцах варожых мін.
…Чырвоная Армія, громячы і знішчаючы фашысцкія полчышчы, штодзённа прасоўваецца наперад. Будзьце непахісны і мужны. Чакайце і дапамагайце хутчэй разграміць ворага! Няхай жыве гераічная Чырвоная Армія! Смерць нямецкім захопнікам!».
11.10.43 г.: «Расказ былога паліцэйскага»
«Паліцэйскім я быў не па сваёй волі, а пад прымусам і пагрозай смерці…
…Увесь час я пакутаваў ад думак, што ў мінулым чэсны калгаснік, зараз ператварыўся ў гітлераўскага прыслужніка. Нас прымушалі ахоўваць вёску ад партызан.
Але ж цярпенню майму прыйшоў канец. Я парашыў уцячы з гэтага фашысцкага логава і пазбавіцца гэтай сабачай службы. Падзяліўся я сваім намерам са сваімі таварышамі. Аказалася, што і яны даўно маюць такую думку: уцячы з паліцыі і перайсці да партызан. Так мы і зрабілі.
Аднойчы ноччу са сваімі таварышамі ўзялі па вінтоўцы і прыйшлі да партызан атрада імя Молатава. У партызанскім атрадзе я з другімі народнымі мсціўцамі хаджу на баявыя аперацыі і, не шкадуючы ні крыві, ні самога жыцця, змагаюся супраць праклятых гітлераўцаў, якія прынеслі няшчасце нашай роднай Беларусі. На сваім рахунку я ўжо маю 5 спушчаных пад адкос варожых эшалонаў.
Тую памылку, якую я зрабіў, пляму ганьбы, якая ляжыць на мне, я змываю крывёю паганых гітлераўцаў».
