…Менавіта гэтым радком пачынаў сваю байку ўсім вядомы беларускі пісьменнік Кандрат Крапіва. А ці так на самой справе? Ці коле гэтая праўда каму-небудзь вочы? Напэўна, што так. Бо сярод людзей ёсць шмат тых, хто тыкае пальцам на суседа, у якога, напрыклад, агарод зарос пустазеллем, або на кіраўніцтва нейкай службы, якая недзе штосьці недапрацавала. Паглядзець жа на сябе чужымі вачыма, як ладзяцца ў іх справы, не спяшаюцца. Як і не хочуць слухаць, што пра іх гавораць… Не даспадобы прыходзіцца ім гаркаваты смак праўды… Але, як кажуць, бліжэй да тэмы.
Пытанняў, якія патрабуюць хуткага вырашэння, калі не ў кожнага, то ў большай паловы насельніцтва, узнікае шмат. І амаль усе яны датычацца сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Адны скардзяцца на тое, другія — на іншае. Зразумела, што так заўсёды было і будзе… Але давайце паспрабуем паглядзець на гэтую праблему з іншага боку. Што самі жыхары зрабілі для таго, каб жылося ім крыху лепей?
Закрануць гэтае пытанне нас падштурхнула скарга, якая зусім нядаўна паступіла ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі Лоеўскага райвыканкама. Да кіраўніка аддзела Вячаслава Казлоўскага звярнулася лаяўчанка. Жанчына была незадаволена, што ў шматкватэрным доме, у якім яна жыве, па вуліцы Сінякова, 42, працякае дах. “Камунальшчыкі нічога не робяць! — раз’юшана даказвала яна. — Калі ўсё гэта скончыцца?!”…
У хуткім часе разам з іншымі спецыялістамі зацікаўленых служб кіраўнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыехаў па названым адрасе. Тое, што пабачылі члены камісіі, па праўдзе кажучы, здзівіла… Як адзначыў майстар па рамонту і эксплуатацыі жыллёвага фонду КЖУП «Лоеўскі райжылкамгас» Сяргей Александронец, пашкоджанне кроўлі адбылося па віне саміх жыхароў дома, якія самавольна ўстанавілі тэлевізійныя антэны.
— Над кватэрай № 7 выходзяць дзве трубы, да якіх мацуецца абсталяванне, — адзначыў майстар. — Да тарцовых бакоў дома таксама прымацаваны антэны, што і вядзе да разбурэння даху.
Кіраўнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Лоеўскага райвыканкама Аляксандр Маслаў растлумачыў, што ўсе гэтыя ўчынкі з’яўляюцца парушэннем архітэктурнага рашэння фасаду будынка. Па яго словах, самавольнае пераабсталяванне, як і перафарбоўванне ці іншае змяненне балконаў, лоджый і іншых архітэктурных і канструктыўных элементаў фасадаў жылых дамоў ці збудаванняў, устаноўка на фасадах, балконах, лоджыях, дахах спадарожнікавых і іншых антэн, а таксама непрыняцце мер у падтрыманні належнага стану знешняга выгляду жылых дамоў, іншых будынкаў, збудаванняў i агароджаў — адміністратыўнае парушэнне, якое наказваецца штрафам у памеры ад двух да пятнаццаці базавых велічынь.
Згодна з тэхнічным кодэксам устаноўленай практыкі ТКП 45-1.04-14-2005 (02.250) “Тэхнічная эксплуатацыя жылых і грамадскіх будынкаў і збудаванняў. Парадак правядзення” пункта 5.12.1, абсталяванне базавых станцый мабільнай тэлефоннай сувязі, устаноўка радыё-, тэлевізійных і спадарожнікавых антэн на фасадах будынкаў, дахах і балконах павінны выконвацца толькі па праектнай дакументацыі, зацверджанай ва ўстаноўленым парадку.
Прытрымваючыся норм і правіл Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2006 г. № 1805 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку перабудовы і перапланіроўкі жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах і Палажэння аб парадку рэканструкцыі аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў і нежылых пабудоў на прыдамавой тэрыторыі”, у якім прапісана палажэнне аб парадку перабудовы і перапланіроўкі жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах, для ўстаноўкі (дэмантажу) стацыянарнага інжынернага абсталявання (спадарожнікавых антэн); прылады і замены сістэм водазабеспячэння, газазабеспячэння, ацяплення, электразабеспячэння, каналізацыі, смеццевыдалення, газавыдалення, вентыляцыі патрабуецца дазвол мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, а таксама абавязковая распрацоўка праектнай дакументацыі.
Што тычыцца ўстаноўкі спадарожнікавых антэн, то для гэтага ініцыятар павінен падаць у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган заяву аб дазволе на ўстаноўку. Для выканання такога віду работ ініцыятар пасля атрымання дазволу ва ўстаноўленым парадку заключае дагавор з праектнай арганізацыяй альбо з праекціроўшчыкам, якiя маюць адпаведны спецыяльны дазвол (ліцэнзію).
Варта памятаць, што самавольная ўстаноўка спадарожнікавых антэн забаронена. Ініцыятар, які ажыццявіў перабудову і перапланіроўку памяшкання без дазволу, нясе адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. Ён абавязаны за свой кошт правесці аднаўленчыя работы.
Хацелася б таксама адзначыць, што па дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, атрыманага ў парадку, устаноўленым гэтым Палажэннем, памяшканне, самавольна перабудаванае і перапланаванае з захаваннем тэхнічных нарматыўных прававых актаў, можа быць захавана ў перабудаваным і перапланаваным стане.
Што тычыцца тэлевізійных антэн, то для іх устаноўкі неабходна атрымаць дазвол у арганізацыі, на балансе якой знаходзіцца будынак. За тлумачэннямі па пытаннях, якія, магчыма, вас зацікавілі, можна звярнуцца ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама па тэлефоне: 4-21-30.
Марыя БУХАВЕЦ, “ЛК”.
