Пра Віктара Васільевіча ДОБЫША (на здымку) на МТФ № 1 КСУП “Ураджайны” кажуць, што гэты чалавек тут гатовы і дняваць, і начаваць. І сапраўды ў яго ненармаваны працоўны дзень: у пяць гадзін раніцы прыходзіць ён на ферму і знаходзіцца там да позняга вечару, а калі патрэбна — то і да ночы.
З Віктарам Васільевічам мы сустрэліся ў малочным блоку МТФ. Сціплы, але ў той жа час вельмі прыветлівы, ён адразу задаў тон ўсёй наступнай размове. Як адзначыў суразмоўца, слесарам малакаправода на гэтай ферме ён працуе ўжо 20 гадоў. У непасрэдныя абавязкі мужчыны ўваходзіць абслугоўванне і рамонт малочнадаільнага абсталявання, бо працаваць яно павінна без збояў.
Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Шапараў лічыць, што В. Добыш незамянімы памочнік усюды, дзе патрэбна дапамога. За тыдзень ён адрамантаваў два транспарцёры гноевыдалення, а яшчэ самастойна за кароткі час сабраў даільную ўстаноўку, якая, да слова, па якасці зборкі нічым не адрозніваецца ад завадской. У руках гэтага сапраўднага майстра спорыцца любая справа.
— Даў яму заданне — і кантраляваць ход выканання не трэба, бо вядома наперад, што працаўнік усё зробіць добрасумленна, — тлумачыць галоўны аграном КСУП “Ураджайны”.
Сам жа Віктар Васільевіч лічыць, што для таго, каб дасягнуць поспеху ў рабоце, не трэба здзяйсняць нейкія адчайныя ўчынкі і праяўляць гераізм, дастаткова проста ведаць і любіць абраную справу, сумленна выконваць ускладзеныя абавязкі. Тады, без сумнення, і гонар, і поспех прыйдуць безумоўна.
Зрэшты, не дзеля пашаны кожны дзень у пяць гадзін раніцы, без святаў і выхадных, ідзе на ферму нястомны слесар В. В. Добыш. Проста гэта — яго прафесія, яго прызванне і сэнс жыцця.
Вольга ПЕТУХ, “ЛК”.
