Да дня нараджэння знакамітага земляка

90-год з дня нараджэння нашага знакамітага земляка, беларускага пісьменніка Міхася Даніленкі
Міхась (Міхаіл Пятровіч) Даніленка нарадзіўся 28 кастрычніка 1922 года года ў вёсцы Ястрабка ў сялянскай сям’і.
Пасля заканчэння Баршчоўскай сямігодкі вучыўся ў Рэчыцкім педвучылішчы. У 1941 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію, у Вялікую Айчынную вайну ваяваў на Паўднёва-Заходнім фронце, у маі 1942 года быў кантужаны і трапіў у нямецкі палон, адкуль уцёк у 1944 годзе.
Пасля вайны вярнуўся дадому, працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Казярожскай сямігадовай школе нашага раёна. У 1952 годзе скончыў Гомельскі педагагічны інстытут. З 1953 па 1982 год з’яўляўся супрацоўнікам рэдакцыі абласной газеты “Гомельская праўда”. 
Першае яго апавяданне “Пачастунак” было надрукавана ў часопісе “Беларусь” у 1947 годзе. Першы зборнік “Мая песня” выйшаў з друку ў 1952 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі.
За гэты час наш знакаміты зямляк напісаў і выдаў 15 кніг. Большасць кніг надрукавана
ў выдавецтвах Мінска на беларускай мове, кнігі “Заветный океан” і “Мать Марья”  выдадзены на рускай мове ў Маскве выдавецтвам “Советский писатель”. Асобныя творы Міхася Даніленкі выдадзены на ўкраінскай, латышскай, польскай і іншых мовах.
У сваіх творах пісьменнік апавядае пра жыццё беларускай вёскі, аб школе і працы настаўніка, падзеях вайны. Героі большасці яго твораў- землякі-вяскоўцы, шчырыя людзі, верныя сваёй зямлі і дому, непрымірымыя да праяў несумленнасці і фальшу, тыя, каго пісьменнік паважае і любіць, каго разумее і сэрцам і душой.
Як былы настаўнік, не забываецца Міхась Пятровіч і аб маленькім чытачы. Для дзяцей ён напісаў цікавыя кніжкі: “Вернасць слову” (1956г.), “Зачараваны гарлачык”  (1961г.), “На вуліцы сонечнай” (1963г.),”Ключы бабулі Зімы” і іншыя.
Нягледзячы на паважаны ўзрост Міхась Пятровіч і зараз у добрай пісьменніцкай форме. Час ад часу яго новыя апавяданні з’яўляюцца на старонках рэспубліканскіх часопісаў, у газеце “Гомельская праўда”.
Краязнаўчая і педагагічная грамадскасць Лоеўшчыны выказвае праз раённую газету “Лоеўскі край” сардэчнае віншаванне Міхасю Пятровічу Даніленку з нагоды яго жыццёвага юбілею і жадае моцнага здароўя, жыццёвага аптымізму і далейшай плённай працы на ніве беларускай літаратуры.

Аліна МАТОРНАЯ.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK