Вясна была ўжо ў поўным разгары, і над далёкім гарызонтам вісела невялікая смуга. Прыпарвала, і здавалася, што хутка пойдзе дождж. З боку лесу да Барца рыўкамі, па хвалепадобных лініях ляцела сярэдніх памераў птушка, цікавая па сваім апярэнні. Вось яна прызямлілася на градцы, на якой толькі нядаўна стала прабівацца агародніна. Прыгледзеўся да пярнатага госця — ды гэта ж удод, не такі ўжо і рэдкі насельнік у нашай мясцовасці.
У гэтага фарсуна яркае апярэнне — чорнае з белаватымі плямамі, аранжавая афарбоўка зверху, на галаве сімпатычны хахалок. Афарбоўка такая стракатая, што дадаць бы яшчэ крыху колераў — і атрымалася б ледзь не экзатычная птушка з якіх-небудзь тропікаў або джунгляў. Так што і ў нас ёсць прыгажуны з пярнатага царства.
Вясной і летам удоду хапае ежы. Злёгку загнутай доўгай дзюбай дастае ён з верхніх пластоў глебы розных насякомых, іх лічынак. А на траве ўздоўж дарог, канаў, пералескаў у дастатку траскучых конікаў, якіх ён таксама ахвотна спажывае.
Селіцца ўдод у дуплах дрэў, выкарыстоўвае для жылля выгніўшыя пні і пакінутае сялянскае жыллё з застрэшшам або разбуранымі падмуркамі. Аднойчы я натрапіў на гняздо птушкі ў лесе, што насупраць Барца. Тоўстае карэнне бярозы літаральна па ўсёй акружнасці ствала паднялося над зямлёй, а ўнутры ўтварылася пустата, якую і выкарыстаў удод. Патрэбна сказаць, што каля гнязда гэтая птушка пакідае адыходы сваёй жыццядзейнасці, у выніку чаго яе жытло вызначаецца рэзкім, непрыемным пахам. Можа, у падобным заключаецца абарончая рэакцыя ад ворагаў. Так што, думаю, чысцёха-барсук не рызыкне разарыць гняздо ўдода. Іншая справа лісіца, янот, куніца.
У адрозненне ад багатых мелодыямі песень салаўя, жаваранка спевы ўдода нейкія аднастайныя, крыху сумнаватыя. У іх угадваецца нешта падобнае на словы “худа тут”. За гэта, мабыць, яму і далі такую дзіўную назву.
Як бачыце, ён не адносіцца да непажаданых відаў птушак, якія разараюць гнёзды, або, як лічаць рыбакі, знішчаюць шмат рыбы ў вадаёмах — варон, сарок, шэрых чапляў, бакланаў. Так што ўдода трэба ўсямерна ахооўваць, не разбурваць яго гнездаванне, не праследаваць, не праганяць з агародаў. Праўда, ён і сам даволі асцярожны, не любіць жыць у людскім шуме і гомане. Цяпер паступаюць прапановы, каб для ўдодаў, таксама як для шпакоў і сінічак, школьнікі і навучэнцы каледжаў рыхтавалі б домікі, развешвалі іх у патрэбных месцах. Бо састарэлыя пабудовы ў многіх вёсках у апошні час убралі. І дрэвы, дзе ёсць дуплы, таксама зрэзалі.
Мікалай МЕЛЬНІЧЭНКА,
ветэран журналістыкі.
