Вясёлыя Калядкі

kalajdkiАд Каляд да Вадохрышча ідуць Святыя дні, або Каляды. Яшчэ са старажытных часоў людзі весяліліся, спявалі і скакалі, хадзілі па вуліцах і калядавалі ў гэтыя дні, за што гледачы шчодра адорвалі іх прысмакамі. Традыцыі продкаў існуюць і сёння. Сведкамі гэтага мы сталі, пабываўшы днямі на Калядках у музыкальнай зале яслей-сада №1 Лоева, дзе сабраліся дзеці і працаўнікі ўстановы адукацыі.
Гэтае свята стала тут ужо традыцыйным. Яно арганізавана з мэтай знаёмства дзяцей з культурай нашага народа, выхавання пачуцця дружбы, радасці зносін.
Пачалося мерапрыемства з таго, што Гаспадыня-беларуска прывітала маленькіх гледачоў — дзяцей з сярэдніх груп садка: «… Заплюшчыце вочы хутчэй ды сабе ўявіце ярчэй, як надыходзілі ўзімку калядкі, як смачныя пяклі аладкі, як прыбіраліся ўсе ў маскі — нікога не пазнаеш без падказкі. Як бралі ў рукі карабец ды ішлі па вёсцы з канца ў канец…».
І пасля гэтых слоў у зале з’явіліся галоўныя ўдзельнікі — калядоўшчыкі — дзеці са старшых групп “Бярозка” і “Рамонак”. Разам з пераапранутымі ў розных казачных персанажаў супрацоўнікамі ўстановы яны вадзілі карагоды, спявалі песні, удзельнічалі ў разнастайных гульнях.
Весялілі рабят калядны Дзядок з Казой і Павадыр з дрэсіраваным Мядзведзем, разам з маленькай Лісічкай гулялі ў “Лапці”, варажыла Цыганка. А неверагодны Чорт гуляў з дзяцьмі ў “Хвосцік”, потым рассыпаў зорачкі, якія яны адразу лавілі, каб у кожнага з іх збылося жаданне. Не засталіся хлопчыкі і дзяўчынкі і без салодкіх пачастункаў.
На гэтым фальклорным свяце кожны з маленькіх удзельнікаў знайшоў асабістую магчымасць самавыяўлення. Але самае галоўнае, яны адчулі маральныя якасці, закладзеныя ў беларускай культурнай традыцыі.
Дзеці атрымалі ўрок дабра і адкрылі яшчэ адну старонку сваёй гісторыі. Усе, набыўшы прыемныя ўражанні, радаваліся вясёлым забавам.
Алена Кукса, “ЛК”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK