У прыроды не існуе паганага надвор’я. Адвечная прыгажосць роднага краю, яго прырода апетыя многімі мастакамі слова, ёй прысвечаны самыя задушэўныя старонкі кніг.
Калі мы размаўляем пра прыроду, мы можам ўявіць і палюбавацца ўзыходам сонца і летняй раніцай, пачуць бусліны клёкат і спеў жаўрука, пабываць на квітнеючым лузе і пясчаным беразе, пачуць шум бору, шапаценне калосся на ніве.
Прырода жыве з людзьмі разам. Яна то тужлівая, змрочная, як доля чалавека, то светлая і радасная, як мары, спадзяванні на лепшае будучае.
Многія паэты і пісьменнікі паказваюць родную прыроду зачараваным царствам. У такім царстве жывуць легенды, паданні, народныя павер’і. Вось гудзе і кружыцца падвей, брыдзе па дзікім лесе касматы лясун; белы месяц цягне з возера срэбныя ніці; залёг ў ціне, спіць на дне ракі вадзянік.
Самая прыгожая прырода ў светлую пару лета: з навальніцамі і спякотай, узыходам сонца і жнівеньскім зорападам, бескрайнім жытнёвым морам і летняй ноччу з светлячкамі.
А хіба можна пакінуць без увагі тужлівую восень з дажджамі і вераснеўскімі вечарамі, лістападамі і непаўторнымі фарбамі лясоў.
Нямала слоў хочацца сказаць пра зіму і белы снежань, які мяккім пухам апранае палі і лугі. Нахіленыя пад цяжарам снегу сасновыя галіны, голыя сучкі дуба ці бярозы – зімні адпачынак прыроды, якая заснула толькі на міг і чакае свайго абуджэння.
Вясна – цудоўная пара года. Яна сімвалізуе сабой вечнае абнаўленне жыцця. З находам вясны ажываюць ў нашых душах даўнія мары і спадзяванні. Нам хочацца бясконца любавацца гэтым ажыўшым пасля доўгага зімовага сну наваколлем, любіць прыроду і шанаваць.
Хараство прыроды павінна радаваць не толькі нас, але і нашых нашчадкаў. Прырода сёння не можа выстаяць перад нястрымным наступам тэхнікі. Яна патрабуе абароны. А абараніць прыроду – значыць абараніць Радзіму, абараніць жыццё.
Алiна Маторная
