Маё сэрца шчыміць ад пякучага болю,
Бо ў юнацтве пакінуў, забыў гэты кут.
Я паехаў у горад шукаць сваю долю,
Але думкі мае заставаліся тут.
Усё другое тут: роднае, мілае, блізкае.
Шум высокіх бяроз, пахі скошаных траў.
І старая вярба, што схілілася нізка
Над малым азярцом, што завецца Застаў.
Парк абсыпаны снегам пушыстым,
А вясною ўкрыты лістом маладым,
Дзе гулялі ў дзяцінстве пад голлем цяністым,
Пад дубамі шукалі ў траве жалуды.
Тут акацыі нізка галовы схілілі
Над магіламі згінуўшых у пекле вайны.
Побач помнік стаіць, каб і мы не забылі,
Што ляжаць у магілах чыесьці сыны.
Часта бачу ў сне, як сяджу ў цёплай хаце,
На патэльні цыбуля, і сала сквірчыць.
Каля печы стаіць і ўсміхаецца маці,
За сталом нешта бацька ў вусы бурчыць.
Многа вёсак у свеце ёсць — Холмеч, Малейкі.
Ды ніводная душу маю не кране.
Мае сэрца грукоча: “Крупейкі! Крупейкі!!!”
Мая родная вёска чакае мяне.
Гэты верш напісала Алена Андрэеўна Бундзелева, якая так любіла сваю малую радзіму, ганарылася спадчынай, марыла аб шчаслівым жыцці, але… На жаль, жыве яна сёння толькі ва ўспамінах аднавяскоўцаў, сяброў і родных людзей, што таксама шануюць памяць сваіх продкаў, берагуць гісторыю для дзяцей і ўнукаў.
З легендаў і казак
На правым беразе Дняпра каля Краснай гары размяшчаецца вёска, што ўзнікла дзесь у ХVI стагоддзі вакол вадзянога млына, пабудаванага на рачулцы, якая выцякала з Каўпенскага возера. Па сведках падання, спачатку тут узніклі пост і будынак для жылля вартаўнікоў. Затым — шынок для гандляроў. Пазней нехта заснаваў каля Краснай гары гуту — прадпрыемства для вырабу шкла. На ручаіне пабудавалі вадзяны млын, а гаспадара звалі Крупчыкам. Менавіта ад яго і пайшло пашыранае мясцовае прозвішча Крупейчанка, а таксама назва вёскі.
А вось старажылы кажуць,
…што вандраваў некалі па беразе Дняпра багаты купец. Угледзеўшы незвычайную прыгажосць і навакольныя зручнасці, ён вырашыў тут пасяліцца. Вадаём, які жыхары называюць “Застаў”, стаў цэнтрам селішча, тут быў створаны вадзяны млын-крупадзёрня. Падарожныя купцы заўжды пыталі: “Дзе вашы крупкі? Ну, хоць маленькія крупейкі?” Так і ўзнікла назва Крупейкі.
Паводле пісьмовых крыніц,
…вёска вядома з канца ХVIII стагоддзя. Пражывала тут каля 300 чалавек, якія займаліся земляробствам, рыбнай лоўляй, лясным і сплаўным промысламі.
На паўднёвым захадзе з даўніх часоў існавала крынічка са святой вадой. Кажуць, што на гэтым месцы некалі тройчы явілася на сасне ікона святой Параскевы, што паслужыла падставай для будаўніцтва капліцы ў гонар Вялікамучаніцы. Раней у дзясятую нядзелю пасля Вялікдня прыходзілі да яе з надзеяй і старыя, і малыя, каб дакрануцца да вытокаў народнай духоўнасці, спадчыны, прыязджалі святары з розных куткоў Беларусі, каб пакланіцца цудадзейнай іконе. Тое ж паданне сведчыць, быццам святая Параскева ступіла на зямлю і з адбітка яе нагі з’явіўся струменьчык вады, якая мела вялікую сілу: магла дапамагчы чалавеку пры розных захворваннях. З усіх куткоў ішлі сюды людзі, каб напіцца “жывой” вады. Гадоў 40 таму крынічка радавала яшчэ нашых бацькоў, дапамагала, пазбаўляла ад нядугу. Зараз яна, на жаль, высахла. На дне яру, сярод травы і кустоў, можна знайсці тое месца, дзе некалі яна спявала жэўжыкам. Людзі хацелі аднавіць святыню, але вада так і не з’явілася…
Адметнай з’яўляецца і забудова:
…больш дваццаці вулачак, служачых для зручнасці праходу і праезду. Кожная з іх мае сваю назву, якая, у асноўным, паходзіць ад імя або мянушкі гаспадара ўладання. Многіх з тых лю-дзей ужо няма на гэтым свеце, а назвамі ўсе карыстаюцца і зараз. Размяшчэнне закуткоў, якія карацейшым шляхам злучаюць усе вуліцы паміж сабой, ведаюць толькі мясцовыя жыхары, а госці звычайна блытаюць усе дарогі.
Памяць сэрцаў
Не забывае крупейская зямля цяжар фашысцкіх чабот, што тапталі яе, слёзы матуль, на вачах якіх растралялі сыноў, яркае полымя, што знішчыла амаль усе хаты. Прайшлі гады, адбалелі раны. У цяперашнія дні ў цэнтры красуецца парк з векавых дубоў, акружаны акацыямі, якія так цудоўна пахнуць па вясне. Некалі на гэтым месцы размяшчаліся вясковыя могілкі. А зараз узведзены помнік воінам, загінуўшым у гады вайны пры вызваленні вёскі ад нямецкіх акупантаў. У братэрскай магіле пахаваны 267 чалавек, з іх — шэсць Герояў Савецкага Саюза: Уладзімір Фёдаравіч Латышаў, Рыгор Паўлавіч Мясаедаў, Барыс Фёдаравіч Баннікаў, Мікалай Фёдаравіч Смірноў, Аляксей Іванавіч Бруханаў, Мікалай Мікітавіч Літвіненка.
Марыя Паўлаўна Коваль,
…настаўніца Крупейскай школы, сапраўдны патрыёт Беларусі, расказала аб тым, што ў гэтых мясцінах, на яе погляд, жывуць незвычайныя людзі: працавітыя, шчырыя, справядлівыя, якія захоўваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне традыцыі, звычаі, памяць.
— Я вельмі люблю сваю вёску і яе жыхароў, і не патрэбна шукаць прычын, я проста без іх не ўяўляю свайго жыцця. Ведаеце: кожны год на свята Перамогі ў парк з кветкамі абавязкова прыходзяць усе. Запрашаць на гэтае мерапрыемства нікога не патрэбна. Збіраюцца тыя, хто яшчэ здолее, бо гэты дзень асаблівы і для тых, хто перажыў ліхалецце вайны, і для тых, хто ведае гісторыю па падручніку. Пачуццё патрыятызму, гонару за сваю вёску, Радзіму перадаецца моладзі. Свята Перамогі шануецца ў нас нібы Вялікдзень.
А яшчэ мне вельмі падабаецца традыцыя памінання памерлых. У адрозненне ад іншых сёл, Радуніца ў нас праходзіць у нядзелю. Да гэтага дня на мясцовых могілках прыбіраецца кожны куточак. Не застаецца недагледжанай ні воднай магілкі. Кожны прыбірае месца пахавання сваіх родзічаў і тых, да каго ўжо ніхто не прыходзіць. Да гэтага дня з’язджаюцца землякі з усіх куточкаў, і кожны адчувае сябе сапраўдным гаспадаром. Усе становяцца роўнымі, знікаюць адрозненні ў матэрыяльным дабрабыце, сацыяльным статусе. І ў такія хвіліны здаецца, што мы, крупейцы, — асаблівая нацыя, адзіная, непераможная, што з’яўляецца маленькай часцінкай вялікай дзяржавы.
З павагай ставяцца ў вёсцы да сям’і Андрыяўцоў
Сцяпана Варфала-меевіча і Ганны Логві-наўны. Гэтыя добрыя, шчырыя, чулыя людзі заўжды жылі і жывуць клопатам аб дабрабыце сваіх землякоў. У час, калі на ўсю вёску было толькі тры-чатыры тэлефоны, да іх у хату людзі не баяліся звярнуцца за дапамогай, каб звязацца са сваімі роднымі і блізкімі, бо ўваходныя дзверы заўжды заставаліся адчыненымі.
Памятаюць гэтыя людзі і гераічныя старонкі свайго сяла. Сцяпана Варфаламеевіча жыццё не песціла: ён рана застаўся без маці, бацькоў яму і малодшаму брату замяніў дзядуля. Не крыўдзіла іх і яго бабулька, у якой з 12 нарадзіўшыхся дзяцей засталося толькі двое. Вось і глядзела яна ўнукаў як родненькіх. Сцяпану было 8 гадоў, калі ў іх хаце размясціліся фашысты. Ох, і ненавідзеў жа ён іх, але памятае аднаго добрага, які ціхенька падкармліваў малых, а перад адступленнем даў дзеду цэлы мех табаку. Потым, у 44-м, сям’я ўспамінала таго немца добрым словам, бо за табак і ежу куплялі, і ад тыфу ён выратаваў. Сціснуўшы кулакі, прыгадвае С.В. Андрыявец, як вызвалялі Крупейкі, як балюча было глядзець на забітых салдат, што ляжалі ўсюды: у полі, у лесе, на дарогах, на беразе Дняпра. Па вясне пачаўся тыф, які падкасіў здароўе і жыццё многіх аднавяскоўцаў. У хаце Андрыяўцоў тады зімавала каля 30 чалавек. Дзякуючы нямецкаму табаку ніхто не захварэў. А вось Ганне Логвінаўне не пашанцавала. Яе маці дапамагала хворым, сядзела каля іх цэлымі суткамі. Гэты нядуг жанчыну абыйшоў бокам, а маленькая Аня захварэла, выпалі косы, доўга не хадзіла. Але змагла, здолела.
Сцежак лёгкіх не бывае
Калі фашыстаў пагналі прэч з роднай зямлі, дзеці зноў пайшлі ў школу. Анюта вучылася з задавальненнем, а вось Сцяпану не давялося атрымліваць адукацыю — трэба было дапамагаць дзеду гадаваць сям’ю. Пасвіў кароў, працаваў у калгасе. З пачуццём вялікага гонару служыў хлопец у Савецкай Арміі ў Мінску. Там і атрымаў прафесію будаўніка. А дома ў гэты час яго чакалі любая жонка і маленькае дзіцятка. Клапаціўся мужчына аб сваёй сям’і, дапамагаў малодшаму брату. Той у свой час закончыў школу, акадэмію, абараніў кандыдацкую дысертацыю і зараз жыве ў Паўладары.
Ганна Логвінаўна падаравала яму чатырох дзяцей. Працавала ўчотчыцай, насіла пошту. А потым вырашыла вучыцца. Яна была першай студэнткай-завочніцай у сяле, калі паступіла ў Магілёўскі інстытут. І ніколі не пашкадавала аб гэтым. Як расказвала Марыя Паўлаўна Коваль, яе першая настаўніца Ганна Логвінаўна — самая добрая, справядлівая, уважлівая. І сама яна абрала шлях настаўніка, дзякуючы гэтай жанчыне. Прайшлі гады, многія аднакласнікі М.П. Коваль (першыя вучні Г.Л. Андрыявец) ужо пенсіянеры, але імя, якое стала ўсім родным, вымаўляюць з пашанай і павагай, таму што яе галоўная якасць — чалавечнасць. Усе памятаюць урокі ў пачатковай школе, уважлівы позірк, рукі, якія так імкнуліся абняць і сагрэць усіх сваіх дзетак. Хата гэтых людзей і зараз вабіць аднавяскоўцаў душэўнай шчырасцю, адкрытасцю, цеплынёй.
Пасля чарнобыльскай аварыі сям’я настаўніцы пераехала ў Гомель, ды не змаглі яны там застацца. “Паветра мала, не хапала шолаху дрэў, шчабятання птушак, мелодыі хваляў дняпроўскіх”, — смяяўся Сцяпан Варфаламеевіч. Вось і вярнуліся яны дадому. А тут як у матулінай калысцы: утульна, цёпла, і людзі ўсміхаюцца прыветліва. Моладзь бярэ прыклад з сям’і Андрыяўцоў: умеюць тыя паважаць адзін аднаго, дапамагаць другім, любіць сваю вёску, яе навакольную прыгажосць, запаўняць пустыя старонкі гісторыі.
Бабуля, якая выхоўвала Сцяпана, не дачакалася з вайны свайго сына, пражыўшы 90 год. Усе лічылі яго бяз вестак прапаўшым. Пляменнік нядаўна запоўніў гэтую старонку. Яго дзядзька ў 1943 годзе вызваляў вёску Міхалёўку, прасіўся ён на дзянёк дадому, ды не адпусцілі яго — ваенная дысцыпліна. Так і застаўся салдат недалёка ад родных мясцін, але маці гэтага не ведала. Зараз Сцяпан Варфаламеевіч ускладае кветкі там, дзе пахаваны яго дзядзька, расказвае аб гэтым дзецям і ўнукам.
Правільна кажуць крупейцы: яны — асаблівая нацыя лю-дзей, якія могуць вынесці цяжар вайны і ліхалецця, дапамагчы і падтрымаць, падняць настрой і падзяліцца радасцю, таму што ўсіх аб’ядноўвае адно слова — БЕЛАРУСЬ!
Здароўя, шчасця, даўгалецця вам, паважаныя жыхары вёскі!
Наталля Апанасенка, “ЛК”.
Фота аўтара.
