Роля ўзаемадзеяння сацыяльных інстытутаў як асновы грамадзянскай супольнасці вялікая. Пра гэта вялася размова за круглым сталом, які адбыўся 25 жніўня ў Гомелі па ініцыятыве абласнога натарыята і галоўнага ўпраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. Удзельнікі сустрэчы — прадстаўнікі натарыята і СМІ ― абмеркавалі перспектывы сумесных праектаў.
«Наша агульная задача ― забяспечыць якаснае прававое выхаванне насельніцтва, ― адзначыла ў сваім выступленні старшыня Гомельскай абласной натарыяльнай палаты М. А. Жорава. ― Ад гэтага залежыць далейшае развіццё грамадзянскай культуры і адпаведна грамадства ў цэлым». Звяртаючыся да прадстаўнікоў рэдакцый, Маргарыта Анатольеўна падкрэсліла іх выключную ролю ў асвятленні пытанняў заканадаўчага характару: «Карэспандэнт, які знаходзіцца бліжэй да народа, бачыць яго праблемы і патрэбы, здольны падаць інфармацыю ў такім ключы, каб яна была праўдзівая і, адначасова, даступная і цікавая для ўспрымання аўдыторыі. Таму нашы веды ў поўнай меры даступныя для СМІ», ― заявіла старшыня ТНП.
Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі пытанні рэзультатыўнага супрацоўніцтва, унеслі канкрэтныя прапановы па ўзаемадзеянні.
