Не-не, ды і трапляюцца іншы раз у жыцці неверагодныя цуды, ад якіх прыходзіш у захапленне і здзіўленне.
У пачатку восені мы з сынам і ўнукам накіраваліся ў лес за грыбамі. Прыйшлі ў квартал, які знаходзіцца ў заходнім баку ад пасёлка Усход і паніжаецца да Уюніцкага балота. І раптам сын і ўнук закрычалі: “Паглядзі, які муравейнік!”.
І сапраўды, было на што палюбавацца. Рулеткі ці вымяральнай ленты ў руках не аказалася. Але пасля я прыкінуў на свой рост, і аказалася, што вышыня муравейніка дасягала аж паўтара метра. Немалым было гэтае жыллё рыжых лясных насельнікаў і па перыметру. Падобных збудаванняў насякомых у нашым і некаторых іншых лясах Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны я ніколі не сустракаў.
Цікава ў цёплы перыяд года паназіраць за дзеяннямі гэтых працавітых, увішных асоб. Яны ўсе ў руху, у клопатах. Толькі на кароткі момант мурашка можа прыпыніцца, нешта паглядзець.
Даследчыкі прыроды сцвярджаюць, што гэтая працаўніца цягне ношу, якая ў некалькі разоў перавышае яе ўласную вагу. Гэта ж колькі часу і энергіі спатрэбілася, каб зла-джана ўзвесці каля сасны такі “інтэрнат”, столькі нацягаць хваёвага шыгалля!
Пасля Вялікай Айчыннай вайны на маёй памяці наш вялікі лес не раз гарэў. І мурашкі, як і іншыя яго насельнікі, гінулі ў агні. З часам гэтыя мясціны запаўняліся перасяленцамі з другіх куткоў зялёнага сябра, не кранутага пажарам.
Як я пераканаўся, мурашнік пабудаваны заўсёды ў форме конуса. Вы ж бачылі, як сяляне захоўваюць на зіму бульбу ў земляных капцах. Вось такой формы і жыллё мурашак — у пэўнай сістэме, без якога-небудзь хаатычнага навалу. У гэтым ёсць практычны сэнс, закладзены прыродай. У падобнае збудаванне, думаецца, менш трапляе дажджавая ці расталая ад снегу вада, не так моцна пакутвае сям’я насякомых.
Аказваецца, у мурашках, якія жывуць агульнай сям’ёй, ёсць свае касты і групы. Яны дзеляцца на паляўнічых, войнаў, нянек, фуражыраў і іншых. У кожнай групе свае функцыі і клопаты. Харчуюцца лясные мурашы ў асноўным шкоднікамі лесу — невялікімі голымі вуснямі. За дзень яны могуць збіраць на кармленне вялікую колькасць вуснёў, будовай ліставёрткі і зімовай пядзеніцы. Таксама харчуюцца насеннем некаторых раслін, смачнымі прыдаткамі насення кветак.
Але ж і самі мурашкі, якіх невыпадкова называюць санітарамі лесу, могуць пацярпець ад некаторых птушак. Ласуюцца насякомымі лісы, барсукі і іншыя жывёлы. А зімой на мурашыную хатку можа спусціцца дзяцел, пагаспадарыць на ёй дзік.
Аднойчы ў далёкія мінулыя гады я ішоў па лясной дарозе з Каменкі да вёскі Задзярэеўка. (Гэта на тэрыторыі Рэпкінскага района суседняй Украіны.) І нечакана ўбачыў у сасняку мурашнік, агароджаны тонкімі жэрдкамі. Я зразумеў, што гэта было зроблена ў мэтах прадухілення пашкоджанняў ад дзікіх свіней. А мне падумалася, што наўрад ці такое хліпкае збудаванне вытрымае напор велізарнага секача з яго магутным лычам і клыкамі.
Памятаю, як адзін хітры зямляк — даўно ўжо гэта было — хваліўся нам, як ён браканьерыў, абдурваў леснікоў. Ноччу таемна зразаў у лесе сасну ці асіну, а пень прыкрываў мурашкамі, якіх дастаўляў у лазовым кашы з іншага месца. Не ведаю, як падобнае ўмяшанне ў іх асабістае жыццё пераносілі гэтыя насякомыя, але, думаецца, ім было нялёгка, бо чалавек груба парушаў звыклы лад насельнікаў лесу. А калі вы пад шатамі дрэў у цёплы перыяд года ўбачыце мурашнік — палюбуйцеся ім, не прычыняйце ніякай шкоды гэтым разумным і працавітым стварэнням прыроды.
М. Мельнічэнка, ветэран журналістыкі.
