У падтрымку таленавітай моладзі Лоеўшчыны

Немагчыма забыць людзей, з якімі пражыў поруч 11 гадоў, якія падтрымлівалі, накіроўвалі, дзялілі пароўну дасягненні і памылкі.
Так і Вікторыя Сергеенка не змагла прайсці міма роднай школы, каб не завітаць да сваіх настаўнікаў і сяброў. Зараз у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце канікулы, куды яна паступіла вучыцца ў верасні 2017 года. Першы семестр навучання на факультэце фінансаў і банкаўскай справы юная лаяўчанка скончыла з сярэднім балам 8,5. Дзяўчыне было вельмі прыемна, што ў сярэдняй школе імя А.В. Казлова яе не толькі памятаюць, але і з нецярпеннем чакаюць.
У актавай зале, дзе сабраліся вучні старэйшых класаў, Алена Плюшч, намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці, адзначыла, што кожнаму з іх, асабліва тым 8 лепшым вучням, якія прэтэндуюць у гэтым годзе на медалі, трэба браць прыклад з Вікторыі. Яна ўпершыню ў гісторыі раёна на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове набрала 100 балаў. Падарункам за веды, мэтанакіраванасць і абранне жыццёвай дарогі, звязанай з фінансамі, стала сярэбраная юбілейная манета ад ААТ “Беларусбанк”. Менавіта яе 1 верасня на ўрачыстай лінейцы дырэктар ЦБУ №316 у г.п. Лоеў філіяла №300 ГАУ ААТ “АСБ Беларусбанк” Тамара Дземідзенка з мэтай падтрымкі таленавітай моладзі перадала для выпускніцы Вікторыі Сергеенка. Падарунак студэнтцы ўручыла Алена Васільеўна.
Звяртаючыся да вучняў сваёй школы, Вікторыя адзначыла, што дабіцца высокіх вынікаў можа кожны, хто паставіць перад сабой мэту і будзе ісці да яе, нягледзячы на цяжкасці, будзе вучыцца і імкнуцца пастаянна спасцігаць новае. Яна пажадала ўсім поспехаў у вучобе і ўсяго найлепшага.
З асаблівай цеплынёй паглядала дзяўчынка на свайго настаўніка Марыю Уладзіміраўну Крупейчанка, адзначаючы яе вялікі ўклад у атрыманым выніку па ЦТ.
— Ці даўно Вы заўважылі здольнасці сваёй вучаніцы? — пытаюся ў філолага з трыццацігадовым працоўным стажам.
— З першых дзён навучання ў пятым класе, — усміхаецца Марыя Уладзіміраўна. — Адразу ж і пачалі рыхтавацца да алімпіяд, конкурсаў і іншых іспытаў. Віка — мэтанакіраваны чалавек, цярплівы, адказны. Ёй самой вельмі цікава было вучыцца. Яна імкнулася ведаць і не дапускала ляноты ні ў падрыхтоўцы дамашніх заданняў, ні ў выкананні дадатковых заданняў, таму і вынік такі высокі атрымала. Малайчына. Я ганаруся яе дасягненнямі.
Вядома ж, была моцная падтрымка і з боку бацькоў. Яны ведаюць, колькі недаспаных начэй было ў дзяўчынкі пры падрыхтоўцы да іспытаў, як яна хвалявалася, колькі прачытала кніжак, каб мець моцныя веды. Віка ўдзячна ім за разуменне, любоў, за тое, што выхоўвалі яе не проста годным чалавекам, а асобай са сваім характарам і поглядамі.
Ад усяго сэрца жадаем Вікторыі далейшых поспехаў, бацькам — дабрабыту, шчасця і ўдзячнасці ад дзяцей, а Марыі Уладзіміраўне — штогод выпускаць такіх жа разумных і дапытлівых вучняў, каб гісторыя Лоеўчшыны поўнілася імёнамі выдатных людзей.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK