Сельская гаспадарка — гэта складаная вытворчасць, насычаная машынамі, абсталяваннем, устаноўкамі. Магутная тэхніка даверана механізатарам, якія апрацоўваюць бязмежныя палі, сеюць збожжавыя, нарыхтоўваюць кармы, убіраюць ураджай і г.д.
Адзін з тых людзей, хто заслугоўвае павагі за сваю шматгадовую працу, — механізатар ААТ «Каўпень-Агра» Міхаіл Лацук. Яго працоўны стаж у сельскай гаспадарцы перавышае тры дзясяткі гадоў.
У паляводстве Міхаіл Мікалаевіч у поўным сэнсе — майстар на ўсе рукі. Увесь час за ім замацаваны магутны энерганасычаны трактар «Кіравец» з адпаведным наборам глебаапрацоўчых агрэгатаў. У выпадку вытворчай неабходнасці мужчына можа падмяніць механізатара на любым участку. Прасіць яго не прыходзіцца, таму што працаўнік добра разумее: у невялікім калектыве кожны чалавек — на рахунку.
У цяперашнюю пасяўную кампанію на сваім «жалезным кані» «Кіравец К-701» з агрэгатам АДУ-6 ён апрацоўвае глебу. Увесь светлавы дзень знаходзіцца ў полі, як і яго таварышы. Калі надыходзіць пара нарыхтоўкі кармоў, мужчына трамбуе зялёную масу ў сянажныя траншэі, а як толькі скончылася «зялёнае» жніво, тут жа пачынае рыхтаваць да працы збожжаўборачны агрэгат.
Міхаіл Мікалаевіч — хлебароб з вялікім стажам. Тры дзесяцігоддзі таму пачынаў працу шафёрам, затым быў брыгадзірам фермы, пасля чаго перайшоў на трактар. За гэты доўгі тэрмін асвоіў амаль усю тэхніку.
Клапатлівы работнік уважліва сочыць за спраўнасцю даручаных яму сельскагаспадарчых агрэгатаў.
М.Н. Лацук добра ведае кожнае поле, кожны куток зямлі. Ні з чым не параўнальная для яго радасць ад першых зялёных радкоў, якія паказаліся з-пад снегу пасля доўгай зімы, ад першай разоры, узаранай вясной, ад першай тоны збожжа новага ўраджаю.
Акрамя асноўнай працы землепашац разам з жонкай вядзе хатнюю гаспадарку, і гэта зразумела — працавітасці вясковым жыхарам не займаць. Мае сына і дачку.
У сельгаспрадпрыемстве ён карыстаецца заслужанай павагай. Калегі шануюць яго за дабрыню, спагадлівасць і працаздольнасць. Вясёлы, добразычлівы чалавек, ён заўсёды падзеліцца вопытам і дапаможа якаснай парадай.
