Кожны год 5 студзеня адзначаюць сваё прафесійнае свята тыя, хто не можа быць абыякавым да людзей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю і каму патрабуецца падтрымка і ўвага. Сацыяльны работнік — вельмі значная і высакародная прафесія. Наўрад ці знойдзецца іншая сфера дзейнасці, дзе міласэрнасць, спачуванне і жыццёвая мудрасць мелі б такую важную ролю.
У аўторак на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню работнікаў сацыяльнай абароны, ушаноўвалі работнікаў гэтай сферы.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Пастухова вітала прысутных, адзначыўшы, што ў сілу абставінаў любы чалавек можа апынуцца адзінокім, хворым і безабаронным. У такія цяжкія моманты на дапамогу спяшаюцца добрыя людзі не толькі дзеля службовага абавязку, але ў большасці сваёй па дабрыні душы і спагадлівасці сэрца.
Цёпла павіншавалі віноўнікаў урачыстасці намеснік старшыні райвыканкама Наталля Каурава і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Кацярына Валасевіч. Яны адзначылі, што без міласэрнасці і спагады немагчыма ўявіць чалавека, які абраў гэтую прафесію, бо перад сацыяльнымі работнікамі стаіць адказная задача — дапамагчы людзям, якім неабходна асаблівая ўвага. У кожным слове гучала падзяка тым, хто абраў шлях аказання душэўнай дапамогі не медыкаментамі, а справамі і дабрынёй душы.
У гэты дзень сацыяльным работнікам былі ўручаны Ганаровыя граматы і Падзякі ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, а таксама камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама.
Са святам! Вялікае вам дзякуй за тое, што, нягледзячы на складанасць у працы, знаходзіце сілы для ўсмешкі і ласкавага слова для таго, каб усяліць у чалавека веру ў заўтрашні дзень. Здароўя вам і прыгажосці!
