Народ без традыцый, як дрэва без каранёў. Гэта выказванне мае непахісную ісціну, бо без мінулага не створыш будучыню. Яно з’яўляецца тым змацоўваючым ланцугом, які аб’ядноўвае людзей
розных узростаў, поглядаў і меркаванняў. Сваімі поглядамі аб тым, ці трэба захоўваць традыцыі, дзеляцца жыхары Лоеўшчыны.
Вольга ГУНЬКО з сястрой Таццянай і дачкой Алінай (на здымку):
— Традыцыі беларускага народа — гэта бясцэнны вопыт многіх пакаленняў нашых продкаў. Людзі спрадвеку разумелі: нацыя без гісторыі, як дзіця без бацькоў. Грамадства не будзе ведаць, што добра і што дрэнна, што каштоўна, а што няварта ўвагі. У сучасным свеце вельмі востра стаіць пытанне страты маральнасці. І корань гэтага ляжыць якраз у няведанні сваіх традыцый.
Васіль КОВАЛЬ з дачкой Алесяй і ўнучкай Ганнай:
— Многія людзі шчыра не разумеюць, навошта захоўваць звычаі мінулых гадоў, і няхай некаторыя з іх ужо даўно не актуальныя, але яны звязваюць народ у адзінае цэлае і робяць краіну самабытнай. Без мінулага мы можам стаць чужымі адзін аднаму і аддаліцца ад Радзімы. Адны людзі пачнуць выказваць сваё незадавальненне, іншыя ж банальна страцяць «глебу пад нагамі» ці ўпэўненасць у сабе. Безумоўна, прытрымлівацца традыцый ці не — справа кожнага, але для маёй сям’і каштоўна ўсё, што звязана са спадчынай дзядоў і прадзедаў.
Вольга ДАВЫДОЎСКАЯ з дачкой Алінай:
— У нашым родзе паважаюцца царкоўныя святы, народныя звычаі, чырвоныя дні ў календары, шануецца памяць гераічных абаронцаў Айчыны. Гэтыя перакананні на працягу дзесяцігоддзяў перадаваліся з пакалення ў пакаленне. І сёння асабістым прыкладам стараюся прывіць дачцы пачуццё любові і гонару да Радзімы і яе непаўторнасці.
