К нам надыходзіць Новы год

У мінулую пятніцу весялосцю і святочнай атмасферай напоўнілася плошча гарпасёлка. А ўсё таму, што тут разгарнулася па-сапраўднаму казачнае прадстаўленне, падчас якога адбылося ўключэнне ілюмінацыі на галоўнай ёлцы раёна.

Нягледзячы на мароз, жадаючых акунуцца ў атмасферу свята сабралася нямала: настрой панаваў прыўзняты, усе знаходзіліся ў прадчуванні яркага дзейства.
Хлапчукі і дзяўчынкі весела бегалі вакол лясной прыгажуні, гулялі ў снежкі, з нецярпеннем чакалі навагодняга тэатралізаванага паказу, якое пачалося з прывітання вядучага. Прысутныя з цікавасцю назіралі за дзеяннямі, якія разгарнуліся на сцэне, з задавальненнем адказвалі на пытанні, танцавалі разам з казачнымі персанажамі і чакалі самага галоўнага відовішча — запальвання агнёў на ёлцы.
Але якое ж навагодняе свята без Дзеда Мароза? У гэтым годзе ён з’явіўся перад гараджанамі вельмі эфектна — на аўтамабілі.
Прывітаўшы гасцей, ён запрасіў на плошчу сваіх братоў, якія прыбылі на ўрачыстасць з усіх куткоў раёна, арганізаваўшы тым самым сапраўдны фестываль Дзядоў Марозаў.
Пасля палымянага флэшмобу прысутныя, узяўшыся за рукі, адправіліся вадзіць карагод каля зялёнай прыгажуні. І вось доўгачаканы момант надышоў. Дружным шматгалоссем лаяўчане заклікалі “Раз, два, тры! Ялінка гары!” Па нябачнаму ўзмаху чароўнага посаху ўключыліся сотні агнёў. Галоўная ёлка зазіхацела рознакаляровымі фарбамі, і ўсе адчулі дыханне надыходзячага Новага года — свята, напоўненага дабрынёй, радасцю, надзеяй на лепшае.
Разам са сваімі памочнікамі — Снегавіком, Бабай-ягой і іншымі казачнымі персанажамі — Дзяды Марозы падрыхтавалі міні-прадстаўленні, карагоды, вясёлыя гульні, спаборніцтвы. Лёгка спраўляліся дзеці з заданнямі, пераадольваючы разнастайныя перашкоды.
Усмешкі на тварах землякоў, захапленне ў дзіцячых вачах — гэта тое, дзеля чаго вялася сур’ёзная падрыхтоўка многіх раённых службаў, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна, работнікаў культуры. І гэта ім удалося!

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK