У Гомелі Палац культуры «Фестывальны» даў старт фотапраекту «Синий платочек».
Гэтая тэма, прысвечаная Дню Перамогі, мае асаблівы сэнс і гучанне. З ваеннага ліхалецця песня «Синий платочек» ў выкананні Клаўдзіі Шульжэнкі асацыюецца з той няпростай эпохай і подзвігам савецкага народа. Менавіта тады сіняя хустачка стала сімвалам мірнага блакітнага неба.
Далучыцца да фотапраекта можа кожны жадаючы. Дастаткова выканаць тры простыя ўмовы: зрабіць фатаграфію з галоўным атрыбутам, загрузіць яе ў альбом групы ПК «Фестывальны» «ВКонтакте» і адзначыць хэштэг #СинийПлаточек.
Конкурсныя фатаграфіі будуць прэзентаваны на плошчы Леніна ў Гомелі ў Дзень Перамогі.
Арганізатары фотапраекта хочуць прыцягнуць увагу маладых людзей і прадстаўнікоў старэйшага пакалення да захавання гістарычнай памяці аб укладзе жанчын у перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне і ўмацаванне міру.
Амаль 500 шматдзетных сем’яў Гомельскай вобласці палепшылі свае жыллёвыя ўмовы ў І квартале 2022 года.
Больш за ўсё ключоў ад новых кватэр атрымалі шматдзетныя сем’і Рэчыцкага, Жлобінскага, Мазырскага, Петрыкаўскага, Гомельскага і Жыткавіцкага раёнаў.
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко строга кантралюе тэрміны ўводу жылля для гэтай ільготнай катэгорыі грамадзян.
У цэлым гадавы план уводу жылля ў I квартале ў рэгіёне выканалі больш як на чвэрць. Пабудавалі амаль 133,5 тыс. кв. м агульнай плошчы. 40 працэнтаў уведзена з дзяржаўнай падтрымкай. Больш за палову (53,5%) — індывідуальнымі забудоўшчыкамі.
Помнік народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну ўсталююць у Добрушы
на праспекце Міра да Дня беларускага пісьменства.
Рашэнне аб устанаўленні помніка выдатнаму беларускаму пісьменніку ў яго родным Добрушскім раёне было прынята летась. Менавіта ў 2021-м уся беларуская грамадскасць адзначала 100-годдзе з дня нараджэння Івана Пятровіча Шамякіна.
На суд журы прадставілі 6 праектаў. Перамагла праца аўтарскага калектыву Уладзіміра Піпіна і Канстанціна Касцючэнкі.
Дэкада сучаснай беларускай літаратуры «Пра нас і мастацкае слова» пачалася на Гомельшчыне 19 красавіка.
Падчас дэкады стартуе і першы міжнародны конкурс паэтычных перакладаў «Сожскі бераг сяброўства». Ён прысвечаны 140-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа і 130-годдзю Марыны Цвятаевай. Вынікі конкурсу падвядуць у верасні на міжнародным фестывалі «Славянскія літаратурныя дажынкі-2022».
Усе аматары мастацкай творчасці, члены самадзейных аб’яднанняў рэгіёну з 19 па 29 красавіка могуць дасылаць на паштовую скрыню konkurs.gomel.by@yandex.by свае літаратурныя пробы, задаць пытанні, якія датычацца стварэння якасных мастацкіх твораў.
Завершыцца дэкада сучаснай беларускай літаратуры вызначэннем пераможцаў 16-га рэгіянальнага чытацкага конкурсу «Захаваем свет разам», прысвечанага юбілеям Купалы і Коласа.
Крэсла для зарадкі мабільных прылад вынайшлі ў Палескім дзяржаўным аграрным каледжы імя У.Ф. Міцкевіча (Калінкавічы).
Унікальны энергазберагальны праект распрацаваў навучэнец каледжа Павел Кецко пад кіраўніцтвам выкладчыкаў Аляксандра Лунцэвіча і Сяргея Аднаральчыка.
Разам яны вынайшлі крэсла-Power Bank, з дапамогай якога можна зараджаць мабільны тэлефон без выкарыстання разеткі.
Электрычны ток для падзарадкі гаджэтаў дзякуючы ўбудаваным па кутах сядзення дынамічным генератарам выпрацоўваецца пры руху чалавека, які сядзіць на крэсле.
Праект калінкавіцкіх вынаходнікаў заняў першае месца ў вобласці і трэцяе ў рэспубліцы на конкурсе «Энергамарафон».
