Гомельская вобласць і Забайкалле намецілі шляхі супрацоўніцтва. Пра гэта ішла размова на сустрэчы старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко з губернатарам Забайкальскага краю Аляксандрам Осіпавым.
Беларускі і расійскі рэгіёны супастаўныя па колькасці насельніцтва, пры гэтым тэрыторыя Забайкалля ў 10 разоў больш. Значна і ўзаемная цікавасць у развіцці эканамічнага супрацоўніцтва. У Забайкаллі ёсць прастора для развіцця і новых вытворчасцяў, і паставак прадукцыі.
Гомельскі рэгіён гатовы запоўніць самыя разнастайныя нішы, уключаючы пастаўкі прадуктаў, развіццё жывёлагадоўлі, вытворчасць сельгастэхнікі, у прыватнасці, даільных установак «Гомельагракамплекту». Аляксандр Осіпаў адзначыў, што беларускія прадукты ў Забайкаллі ў пашане. «Абсталяванне для малочнай жывёлагадоўлі не вырабляем, а патрэбнасць ёсць», — дапоўніў ён.
«Гомельскі домабудаўнічы камбінат ужо выйшаў у Бранскую вобласць з планамі на 120 тыс. кв. м жылля», — падзяліўся вынікамі нядаўняга візіту ў суседні расійскі рэгіён Іван Крупко. У адказ госці ўдакладнілі, што на іх тэрыторыі кошт квадратнага метра жылля значна даражэй, чым у Гомельскай вобласці. У сувязі з гэтым губернатар Забайкалля гатовы разгледзець магчымасць развіцця домабудавання. Таксама кіраўнік горназдабыўнога рэгіёну акрэсліў магчымыя кропкі судотыку ў плане распрацоўкі радовішча карысных выкапняў. Як варыянт — сумеснае прадпрыемства.
На Гомельшчыне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі.
Па традыцыі ў гэты час абнаўленне закране кожны населены пункт. Трэба будзе прывесці ў парадак двары, вуліцы, скверы, паркі і прыбярэжныя зоны. Плануецца ачысціць тэрыторыі ад смецця, пры неабходнасці аднавіць і афарбаваць агароджы, малыя архітэктурныя формы. Пачнуцца і працы па азеляненні. У добраўпарадкаванні прымаюць актыўны ўдзел прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, працоўныя калектывы ўстаноў, навучэнцы. Месячнік працягнецца да 30 красавіка.
Арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Гомельшчыны прызнана лепшай у краіне па выніках працы ў 2021 годзе.
Гомельская абласная арганізацыя БТЧК атрымала максімальную агульную ацэнку дзейнасці ў адпаведнасці з мадэллю канчатковых вынікаў дзейнасці Беларускага Чырвонага Крыжа, сярод якіх колькасць валанцёрскіх груп, сэрвісаў і міні-ініцыятыў, дзейнасць медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога», праца са спонсарамі, партнёрамі і інш.
Пераможца конкурсу атрымае Br10 тыс. на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на ўдасканаленне аказання дапамогі ў раённых арганізацыях.
Банк развіцця выдзеліў Br100 тыс. Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў на рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў.
У мінулым годзе асацыяцыя абвясціла конкурс на лепшы праект у інтарэсах грамадства. Усяго ініцыятары з рэгіёна прапанавалі 68 праектаў, кожны з якіх, на думку арганізатараў, варты ўвасаблення. Усяго да рэалізацыі адабралі 18 работ.
Фінансаванне прадугледжана на парытэтных пачатках: не менш за 10% — ініцыятары, астатняе — сродкі спонсара.
Кошт праезду і перавозкі ручной паклажы ў прыгарадным і гарадскім грамадскім транспарце павысіўся ў Гомельскай вобласці.
З 9 красавіка тарыфы на гарадскія перавозкі пасажыраў і ручной паклажы аўтобусамі на звычайных і хуткасных маршрутах у рэгулярных зносінах, тралейбусамі павялічыліся з 0,70 руб. да 0,80 руб. за адну паездку. Гранічны максімальны тарыф на экспрэсных маршрутах у рэгулярных зносінах склаў 0,90 руб. за адну паездку.
У прыгарадных кірунках кошт праезду за 1 км складае 0,1 руб. на звычайным маршруце, 0,12 руб. — на хуткасным і дадатковым рэйсе, 0,13 руб. — на экспрэс-маршруце.
