Па пісьмовых крыніцах, Астравы вядомы з ХІХ стагоддзя як сяленне ў Лоеўскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Вёска заснавана перасяленцамі з Магілёўскай губерні на ўзвышшы сярод балот на правабярэжжы рэчкі Песачанка пасля адмены прыгоннага права ў 1864 годдзе.
Выяўленыя археолагамі ў ваколіцах вёскі два гарадзішчы балотнага тыпу сведчаць аб засяленні гэтых месцаў з даўніх часоў. Гарадзішча абследвалi археолагі — у 1953 г. Ю.У. Кухарэнка, у 1975 г. — Л.Д. Побаль.
У 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Рудавец, размешчана гарадзішча прамавугольнай формы плошчай 2887,5 м2. Яно ўмацавана валам вышынёй 3 метры і шырынёй да 18 метраў. Культурны пласт на гарадзішчы складае больш за 0,4 метра. Тут знойдзена кераміка мілаградскай і зарубінецкай культур, якая датуецца ІІІ стагоддзем да нашай эры-V стагоддзем нашай эры.
У 2 км на ўсход ад вескi, ва ўрочышчы Лiпаў стан, размяшчалася гарадзiшча ранняга жалезнага веку. Яно ўяўляла сабой пляцоўку 60х45 м, з чатырох бакоў умацаваную валам вышынёй да 1 м. Навуковыя раскопкi яго не праводзiлiся, толькі ў культурным пласце археолагамі знойдзены 2 кускi грубаляпной керамiкi. Гарадзiшча было зруйнавана мелiяратарамi ў 70-я гады ХХ стагоддзя.
Паводле перапісу 1897 г. у Астравах налічваўся 31 двор і пражывалі 193 жыхары, вёска ўваходзіла ў склад Лоеўскай воласці Рэчыцкага павета. У 1908 г. — 63 двары, 317 жыхароў. Прастольнае свята, ад часоў заснавання вёскі Астравы, яе жыхары штогод святкавалі 14 кастрычніка на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
Паводле перапісу 1926 г., вёска налічвала 74 двары і каля 450 жыхароў, паміж іх пераважалі прозвішчы Асадчы, Буглак, Новік. У снежні гэтага ж году Астравы сталі цэнтрам сельсавета.
У 1927 г. у вёсцы дзейнічала працоўная школа з чатырохгадзічным тэрмінам навучання, у якой настаўнікам працаваў А.С. Палейчык і навучалася 45 вучняў. Але ўжо ў снежні 1927 г. Астраўскі сельсавет быў скасаваны, а яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Баршчоўскага сельсавета.
У гэты час у вёсцы працавалі кузня і ветраны млын. У 1930 г. быў арганізаваны калгас імя Арлова, у які аб’ядналіся 25 сялянскіх гаспадарак. Ёсць сведчанне, што Арлоў — гэта ўраджэнец Астравоў Кірушкін, бальшавік, удзельнік рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, адзін з кіраўнікоў Рэчыцкага ўезднага рэўкома. Ён быў забіты ў Рэчыцы падчас Стракапытаўскага ўзброенага мецяжу ў сакавіку 1919 г., пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры Рэчыцы па вуліцы Савецкай. (Крыніцы: Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. С. 316. Памяць. Рэчыцкі раён. С. 96.)
Калектывізацыя суправаджася рэпрэсіямі да сялянства. Вядома, што ў Астравах былі высланы за межы Беларусі сем’і Давыда Іванавіча Буглака і яго сына Дзяміда (8 чалавек).
У 1940 г. у вёсцы Астравы налічвалася 114 двароў і пражывалі 408 жыхароў.
У кастрычніку 1943 г. падчас баёў за вызваленне вёскі былі спалены 92 хаты і загінулі 13 мірных жыхароў. На франтах вайны загінулі 28 вяскоўцаў.
У 1950 г. калгас імя Арлова быў ліквідаваны і вёска Астравы ўключана ў склад калгаса імя Карла Маркса з цэнтрам у Новай Баршчоўцы (з сярэдзіны 1960-х гг. цэнтрам гаспадаркі з’яўляецца в. Малінаўка).
На 1959 г. у Астравах пражывалі 398 жыхароў, да канца 1960 г. тут дзейнічала торфапрадпрыемства.
У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС вёска падверглася радыяцыйнаму забруджванню і аднесена да катэгорыі населеных пунктаў з правам на адсяленне.
З красавіка 2003 г. былы калгас імя Карла Маркса атрымаў назву СВК “Малінаўка-Агра”, але з сакавіка 2008 года ён быў пераўтвораны ў КСУП “Малінаўка-Агра”.
Праблема старэння вёсак не абмінула і Астравы. Калі ў 1999 г. у вёсцы пражываў 141 чалавек, з іх 64 мужчыны і 77 жанчын, то сёння тут налічваецца ўсяго 23 двары, у якіх жывуць 50 вяскоўцаў, з іх пяцёра дзяцей.
