Бітва за хлеб пачалася!

У народзе кажуць: «Ліпень косіць і жне, спаць не дае!», «Якімі будуць зажынкі, такім будзе і ўраджай». З бадзёрым і баявым настроем адзначылі свята першага снапа ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах Лоеўшчыны. Гэтая ўрачыстасць дала старт самай напружанай і гарачай кампаніі — жніву.

У гэтым годзе яна пачалася пазней звычайнага, а дажджлівае надвор’е і зусім пераблытала ўсе планы хлебаробаў. Напружанасць перыяду адчуваюць ўсе: кіраўнікі сяльгаспрадпрыемстваў, галоўныя спецыялісты, механізатары, работнікі збожжатакоў і рамонтных майстэрняў. Сёння ад іх зладжанных дзеяняў залежыць агульны вынік.
Для аграрыяў слова жніво — асаблівае, бо ад моманту, калі зерне трапляе ў зямлю да спелага коласа праходзяць месяцы дабрасумленнай і руплівай працы. Вырасціць — яшчэ не значыць гарантаваць харчовую бяспеку краіны. Бо не той хлеб, што ў полі, а той, што прыбраны з палёў да апошняга зярнятка і ў засекі звезены. Таму працаўнікі раёна добра падрыхтаваліся да самага адказнага іспыту. Ім аказана дзяржаўная падтрымка на закупку запасных частак і работ па абслугоўванню і рамонту машын, абсталявання. Акрамя гэтага, механізатары забяспечаны гарачымі абедамі, якія дастаўляюць ім прама ў поле.
Да ўборкі культур прыступілі ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах рэгіёна. Для гэтых мэтаў задзейнічана 27 камбайнаў і 27 адзінак тэхнікі на адвозцы. Вялікая нагрузка таксама ўскладаецца на зернесушыльныя комплексы, паколькі надвор’е капрызнае, а само збожжа вільготнае, таму аператары ЗСК працуюць ва ўзмоцненым рэжыме.
Вядома, плошча для ўборкі немалая — 9834 га, аднак аграрыі робяць усё магчымае, каб сабраць кожны колас без страт.
Калі ідзеш па полі, поўным спелай пшаніцы, крыху губляешся ў часе. Зямля, каласы, неба — такія ж, як і сотні гадоў таму. Тут па-асабліваму адчуваецца сувязь пакаленняў, якая нібы ідзе з глыбіні часоў. Аднак новыя тэхналогіі бяруць сваё. Цяпер хлебаробам не даводзіцца зрэзаць і абмалочваць ураджай уручную: туды і назад ходзяць камбайны, збіраючы тоны збожжа. І ўжо гэтыя волаты гарманічна ўпісваюцца ў навакольны пейзаж. Нават буслы іх не баяцца, важна крочаць у некалькіх метрах ад працуючых машын.
Залатое жыта, залаты хлеб, залатое сонца — сінонімы слова жыццё. Будзе хлеб — будзем сытыя і шчаслівыя. Усё ў руках хлебаробаў, толькі б нябесная канцылярыя была добразычлівая да іх, ды тэхніка не падвяла.
Дасць Бог, хлебны каравай раёна ў гэтым годзе будзе важкім!

 

 

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK